Мы чокнуліся, майстар спаражніў поўную шклянку і спытаў:
— А скажы мне, Аліўе, ці падабаюцца табе гэтыя радкі?
І ён расказаў пра гутарку, што адбылася ў пакоях Мэнтэнон паміж вамі і каралём, дадаўшы, што здаўна шануе вас як ніводнае чалавечае стварэнне, і што вы, надзеленая цнотамі, перад якімі бяссільна цьмянее ягоная злая зорка, нават носячы найпрыгажэйшую з ягоных каштоўнасцяў, ніколі не абудзілі б у ім ліхую здань і думкі пра забойства.
— Паслухай, Аліўе, што я вырашыў, — сказаў ён. — Ужо даўнавата я атрымаў замову вырабіць каралі і бранзалеты для Генрыеты Ангельскай з маіх уласных камянёў. Гэтая праца атрымалася ў мяне як ніколі добра, але сэрца маё разрывалася, калі я думаў, што мне давядзецца развітацца з упрыгожаннямі, якія сталі маім найдаражэйшым скарбам. Як ты, пэўна, ведаеш, прынцэса была падступна забітая. Я ж захаваў тыя ўпрыгожанні і цяпер хацеў бы аддаць іх мадэмуазэль дэ Скюдэры ад імені пераследаванай хеўры — на знак маёй глыбокай пашаны і ўдзячнасці. Апроч таго, што Скюдэры атрымае выразнае сведчанне свайго трыюмфу, я змагу пакпіць з Дэгрэ і яго памагатых, як яны й заслугоўваюць. Ты мусіш аднесці ёй упрыгожанні.
Варта было Кардыльяку назваць вашае імя, мадэмуазэль, як чорная завеса зляцела з маіх вачэй, і светлыя прыўкрасныя малюнкі шчаслівага маленства ўваскрэслі ў маім уяўленні ў найярчэйшых зіхоткіх колерах. Душу маю напоўніла цудоўная ўцеха, у ёй заззяў прамень надзеі, які прагнаў змрочныя думкі. Кардыльяк відавочна заўважыў, якое ўздзеянне зрабілі на мяне ягоныя словы, і трактаваў гэта на свой лад.
— Здаецца, — сказаў ён, — мой намер табе даспадобы. Прызнаюся табе, што ўнутраны голас, зусім адрозны ад таго, які патрабуе ад мяне крывавых ахвяраў, нібы ненажэрны драпежнік, загадаў мне гэта зрабіць. Часам у мяне бывае дзіўнае адчуванне… нейкі ўнутраны страх, боязь чагосьці жудаснага, чый подых далятае сюды з далёкага іншасвету, гвалтоўна захоплівае мяне. Тады мне нават падаецца, што справункі, распачатыя праз мяне злою зоркай, могуць пайсці на шкоду маёй несмяротнай душы, якая не мае да іх ніякага дачынення. У такім настроі я вырашыў змайстраваць прыгожы дыяментавы вянец для абраза Панны Марыі ў саборы Святога Яўстаха. Але нейкі няўцямны жах нападаў на мяне, як толькі я прыступаў да працы, таму ўрэшце я адступіўся ад гэтай задумы. І вось цяпер мне здаецца, што, даслаўшы Скюдэры найпякнейшае ўпрыгожанне з усіх калі-небудзь зробленых мною, я пакорліва прынясу ахвяру самой цноце і пабожнасці і вымалю для сябе моцнае заступніцтва.
Кардыльяк, мая пані, да драбніцаў ведаючы ваш лад жыцця, паведаміў мне спосаб і час, у які я мусіў даставіць вам каштоўнасці, замкнутыя ў вытанчанай скарбонцы. Я ўвесь трымцеў ад захаплення, бо само Неба паказала мне праз злачыннага Кардыльяка дарогу да паратунку з пекла, у якім гібеў я, нікчэмны грэшнік. Так я думаў. Насуперак волі Кардыльяка я хацеў паказацца перад вашымі вачыма. Як сын Анны Брусон, як ваш выхаванец я хацеў кінуцца да вашых ног і расказаць пра сябе ўсё. Я верыў, што вы, кранутая невымоўным горам, якое пагражала беднай нявіннай Мадлон у выпадку выкрыцця, захаваеце таямніцу, але ваш востры розум напэўна знойдзе спосаб, не выдаючы сябе, пакласці канец злому праклёну Кардыльяка. Не пытайце мяне, што гэта за спосаб, — я гэтага не ведаю, але ў тым, што вы ўратуеце Мадлон і мяне, я не сумняваўся, я верыў вам так, як веру ў літасцівую дапамогу Панны Марыі. Вы ведаеце, мадэмуазэль, што мой намер у тую ноч праваліўся. Але я не страчваў надзеі, што іншым разам мне пашэнціць больш. І аднойчы Кардыльяк раптам страціў увесь свой імпэт. Ён панура шлындаў паўсюль, невідушча глядзеў перад сабою, мармытаў незразумелыя словы, махаў рукамі, нібы абараняючыся ад чагосьці варожага. Здавалася, ягоны дух мучылі злыя думкі. Так доўжылася цэлы ранак. Урэшце ён сеў за варштат, тут жа нездаволена ўскочыў, зірнуў у акно і прамовіў сур’ёзна і змрочна: «А я ж хацеў, каб Генрыета Ангельская насіла мае ўпрыгожанні!» Гэтыя словы напоўнілі мяне жахам. Цяпер я ведаў, што ягоны хворы розум ізноў апанаваны зданню смерці, што голас шатана зноўку загучаў у яго вушах. Я адчуў небяспеку вашаму жыццю з боку праклятага забойцы. Калі б Кардыльяк атрымаў назад свае ўпрыгожанні, вы былі б уратаваныя. Небяспека расла з кожнай хвілінай.
І тады мне пашчасціла сустрэць вас на Новым мосце, праціснуцца да вашай карэты і кінуць туды цыдулку, у якой я заклінаў вас найхутчэй вярнуць упрыгожанні Кардыльяку. Але вы не прыйшлі. Мой страх перарос у адчай, калі наступнага дня Кардыльяк толькі й казаў пра каштоўнасці, што прымроіліся яму ўначы. Я мог аднесці яго словы адно да вашых упрыгожанняў, і мне стала ясна, што ён думае пра забойства, якое відавочна мерыцца здзейсніць тае ж ночы. Я мусіў уратаваць вас нават цаною жыцця Кардыльяка. Калі пасля вечаровай малітвы Кардыльяк, як звычайна, замкнуўся ў сваім пакоі, я вылез праз акно ў двор, праслізнуў праз адтуліну ў муры і стаіўся непадалёк у глыбокім цені. Прайшло няшмат часу, пакуль Кардыльяк выйшаў і бязгучна рушыў наперад. Я за ім. Ён рухаўся ў бок вуліцы Сэн-Анарэ. Сэрца маё калацілася. На нейкі момант Кардыльяк знік з маіх вачэй. Я вырашыў стаць каля вашых дзвярэй. І тут міма, не прыкмеціўшы мяне, прайшоў, напяваючы і насвістваючы, афіцэр — як тады, калі я воляй выпадку стаўся сведкам крывавага ўчынку Кардыльяка. У той жа момант з цемры выскачыла чорная постаць і кінулася да мінака. Гэта быў Кардыльяк. Прагнучы не дапусціць гэтае смерці, я з гучным крыкам у два-тры крокі дабег да іх, але не афіцэр — Кардыльяк, смяротна паранены, з хрыпам апусціўся на зямлю. Афіцэр выпусціў кінжал, выцягнуў з похваў шпагу і заняў баявую пазіцыю, палічыўшы мяне хаўруснікам забойцы, аднак хутка паспяшаўся прэч, пабачыўшы, што я, не зважаючы на яго, аглядаю цела. Кардыльяк быў яшчэ жывы. Захапіўшы кінжал, кінуты афіцэрам, я ўзваліў цела на плечы і з цяжкасцю пацягнуў яго дадому, дзе праз патаемны ход падняў у майстэрню. Астатняе вам вядома. Як бачыце, шаноўная пані, мая адзіная правіна ў тым, што я не выдаў бацьку Мадлон суду і не паклаў тым самым канец ягоным злачынствам. Крыві на мне няма. Аніякімі катаваннямі не вырваць з мяне таямніцу ўчынкаў Кардыльяка. Я не хачу, каб насуперак вечнай сіле, якая схавала ад дабрадзейнай дачкі жахлівыя справункі бацькі, на яе цяпер абрынулася смяротным цяжарам уся гаркота мінулага, усяго яе быцця, каб помста свету падняла труп з-пад зямлі, што накрыла яго, каб кат зганьбіў косткі, што парахнеюць. Не! Каханая сэрца майго аплача мяне як нявінна загінулага, час загоіць яе рану, але невыноснымі сталі б яе галашэнні праз пякельныя ўчынкі яе дарагога бацькі.