Скюдэры занадта добра ведала, што жахлівы ля Рэньі меў на ўвазе пад сродкамі, якія мусяць зламаць гераізм Брусона. Стала ясна: над няшчасным навісла пагроза катаванняў. Смяротна спалоханая, Скюдэры нарэшце ўцяміла, што хаця б дзеля таго каб пацягнуць час, можа прыдацца парада правазнаўцы. На той час найвядомейшым адвакатам у Парыжы быў П’ер Арно д’Андыі. Яго справядлівасць і сумленнасць не саступалі яго ж глыбокай дасведчанасці і магутнаму розуму. Да яго і прыйшла Скюдэры, расказаўшы яму ўсё, што можна было расказаць, не раскрыўшы таямніцы Брусона. Яна чакала, што д’Андыі неадкладна зоймецца лёсам няшчаснага, але жорстка падманулася ў сваёй надзеі. Д’Андыі спакойна выслухаў усё, а тады з усмешкай адказаў словамі Буало: «Le vrai peut quelquefois n'être pas vraisemblable»[2]. Ён давёў Скюдэры, што супраць Брусона сведчаць найяскравейшыя доказы, што працэс, які вядзе ля Рэньі, было б беспадстаўна называць жорсткім і паспешлівым, бо ён, наадварот, цалкам адпавядае патрабаванням закона, што нельга дзейнічаць іначай, выконваючы абавязкі суддзі. Ён сам, д’Андыі, не бярэцца нават пры самай дасканалай абароне пазбавіць Брусона катаванняў. Толькі сам Брусон здольны гэта зрабіць альбо праз шчырае прызнанне, альбо праз праўдзівы аповед пра абставіны забойства Кардыльяка, які даў бы, магчыма, падставу для новых росшукаў.
— У такім разе я кінуся да ног караля і буду маліць аб літасці, — прамовіла Скюдэры здушаным ад слёз голасам.
— Не рабіце гэтага! — усклікнуў д’Андыі. — Дзеля ўсяго святога, не рабіце гэтага, мая пані! Пакіньце ў запасе гэты апошні сродак, які ў выпадку няўдачы будзе для вас назаўжды страчаны. Кароль ніколі не змілуецца над злачынцам такога кшталту, бо пачуе самыя горкія папрокі ад незадаволенага народа. Магчыма, Брусон, ці адкрыўшы сваю таямніцу, ці яшчэ неяк сапраўды здолее зняць з сябе падазрэнне. Тады і надыдзе час прасіць літасці ў караля, які не будзе пытацца, што даказана перад судом, а што не, але прыслухаецца да ўнутранага пераканання.
Скюдэры мусіла міжволі згадзіцца са шматвопытным д’Андыі.
Позна ўвечары Скюдэры ў глыбокай маркоце і бясконцых развагах, што, дзеля Панны Марыі і ўсіх святых, яна мусіць зрабіць, каб выратаваць няшчаснага Брусона, сядзела ў сваім пакоі, калі ўвайшла Марціньер і паведаміла, што граф Міясан, палкоўнік каралеўскай гвардыі, жадае неадкладна гаварыць з мадэмуазэль.
— Даруйце, — сказаў Міясан, пакланіўшыся з жаўнерскай гжэчнасцю, — даруйце мне, мая пані, што я ў такі позні, такі нязручны час наважыўся вас патурбаваць. Мы, жаўнеры, да гэтага звыклыя, да таго ж мяне выбачаць перад вамі некалькі словаў: я прыйшоў дзеля Аліўе Брусона.
Скюдэры, напружана чакаючы новых выпрабаванняў, выгукнула:
— Аліўе Брусон? Найняшчаснейшы з людзей? Што маеце вы да яго?
— Я так і падумаў, — з усмешкай сказаў Міясан, — што імені вашага пратэжэ будзе дастаткова, каб забраць вашую ўвагу. Усе перакананыя ў вінаватасці Брусона. Я ведаю, што вы прытрымліваецеся іншай думкі, якая, што праўда, грунтуецца адно на запэўненнях самога падсуднага. Са мной жа іншая гісторыя. Ніхто больш за мяне не можа быць упэўнены ў тым, што Брусон недатычны да забойства Кардыльяка.
— Кажыце ж, ах, кажыце! — усклікнула Скюдэры, і вочы яе заблішчэлі ад радасці.
— Я, — з націскам сказаў Міясан, — быў чалавекам, які закалоў старога ювеліра на вуліцы Сэн-Анарэ, непадалёк ад вашага дому.
— Святыя ўгоднікі! Вы? Вы?! — закрычала Скюдэры.
— І клянуся вам, мая пані, — дадаў Міясан, — я ганаруся сваім учынкам. Ведайце, што Кардыльяк быў самы жахлівы, самы двудушны ліхадзей на свеце. Гэта ён подла забіваў і рабаваў уначы і доўгі час пазбягаў усіх пастак. Я й сам не ведаю, як здарылася, што ўва мне абудзілася ўнутранае падазрэнне да старога злыдня, калі ён, вонкава спакойны, прынёс упрыгожанні, замоўленыя мною, і калі выпытваў, каму яны прызначаныя, і калі хітра выцягнуў у майго камердынера час, у які я звычайна наведваю пэўную даму. Яшчэ задоўга да гэтага мне кінулася ў вочы тое, што няшчасныя ахвяры найгнюснейшай сквапнасці мелі аднолькавыя смяротныя раны. Мне было ясна, што забойца налаўчыўся наносіць удар, які забіваў імгненна, і цалкам разлічваў на яго. Калі б ён аднойчы прамахнуўся, барацьба пайшла б на роўных. Гэтая думка падказала мне меру засцярогі, настолькі простую, што я дзіўлюся, чаму да яе не звярнуліся раней і не ўратаваліся ад небяспечнага стварэння. Пад камізэльку я надзяваў лёгкі сталёвы нагруднік. Кардыльяк накінуўся на мяне ззаду. Ён абхапіў мяне надзвычай моцна, але ўпэўнена скіраваны клінок толькі слізгануў па жалезе. У той жа момант я вырваўся з ягоных рук і ўсадзіў яму пад рэбры кінжал, які трымаў напагатове.