— І вы маўчалі? — спытала Скюдэры. — Вы не паведамілі суддзям, што здарылася насамрэч?
— Дазвольце заўважыць, мая пані, — адказаў Міясан, — што такая заява калі б і не каштавала мне жыцця, то напэўна ўцягнула б мяне ў найагіднейшы судовы працэс. Ці паверыў бы ля Рэньі, які паўсюль прадчувае злачынства, менавіта мне, калі б я абвінаваціў пачцівага Кардыльяка, узор цноты і рахманасці, у вусцішных забойствах? А што, калі б меч Феміды павярнуўся вастрыём да мяне самога?
— Але гэта немагчыма! — выгукнула Скюдэры. — З вашым паходжаннем! З вашым становішчам!
— Ах, — уздыхнуў Міясан, — вы толькі згадайце маршала Люксембургскага, якога ідэя замовіць сабе гараскоп у ле Сажа давяла да падазрэнняў у атручванні і да Бастыліі. Не, клянуся святым Дыянісіем, ні гадзіны волі, ні свайго мезенца я не аддам шалёнаму ля Рэньі, які нам усім ахвотна прыставіў бы лязо да горла.
— Але тады вы адпраўляеце на эшафот невінаватага Брусона, — перабіла Скюдэры.
— Невінаватага? — запярэчыў Міясан. — Пані мая, вы называеце невінаватым хаўрусніка гэтага жахлівага Кардыльяка? Таго, хто дапамагаў яму ў ягоных ліхадзействах? Хто тысячу разоў заслужыў смяротную кару? О не, ён сплыве крывёю па праве, а я адкрыў вам, вельмішаноўная пані, праўдзівую хаду падзей, каб вы, не выдаючы мяне Вогненнай палаце, усё ж знайшлі магчымасць павярнуць маю таямніцу на карысць свайму падапечнаму.
Скюдэры, да глыбіні душы ўзрадаваная тым, што яе перакананасць у невінаватасці Брусона знайшла такое сур’ёзнае пацверджанне, не вагаючыся расказала графу, які ведаў пра злачынствы Кардыльяка, усё, што ведала сама, і заклікала яго ісці разам з ёю да д’Андыі. Яму, на ўмовах сакрэтнасці, трэба было апавесці ўсё, каб ён параіў, што рабіць далей.
Д’Андыі, выслухаўшы надзвычай падрабязны аповед Скюдэры, яшчэ раз удакладніў найдрабнейшыя дэталі. Асабліва ўнікліва ён распытваў графа Міясана, ці напраўду той ўпэўнены, што Кардыльяк на яго напаў, і ці пазнаў бы ён Аліўе Брусона як таго, што цягнуў труп прэч.
— Апроч таго, — адказаў Міясан, — што ў святле поўні я дакладна пазнаў ювеліра, у ля Рэньі я бачыў кінжал, якім забілі Кардыльяка. Ён належыць мне і пазнаецца па тонкай апрацоўцы дзяржальна. Стоячы за крок ад хлопца, у якога зваліўся капялюш, я добра разгледзеў яго твар і напэўна пазнаў бы яго.
Некалькі імгненняў д’Андыі моўчкі глядзеў перад сабой, а потым загаварыў:
— Звычайным спосабам Брусона аніяк нельга ўратаваць з рук юстыцыі. Дзеля Мадлон ён не хоча назваць Кардыльяка забойцам. Зрэшты, гэта не так істотна, бо нават калі б ён патрапіў даказаць гэты факт, паказаўшы патаемны выхад і нарабаваныя скарбы, яго ўсё адно напаткала б смерць як хаўрусніка. Нічога не зменіць і аповед графа Міясана аб праўдзівых абставінах здарэння з ювелірам. Адтэрміноўка — вось тое, да чаго насамрэч варта імкнуцца. Дапусцім, граф Міясан ідзе ў турму Кансьержэры, просіць паказаць яму Аліўе Брусона і пазнае ў ім таго, хто знёс з месца забойства труп Кардыльяка. Тады ён спяшаецца да ля Рэньі і кажа: «На вуліцы Сэн-Анарэ я бачыў зарэзанага чалавека. Я стаяў вельмі блізка да цела, калі да яго падскочыў нехта, схіліўся над ім і, убачыўшы прыкметы жыцця, ускінуў яго на плечы і панёс прэч. У Аліўе Брусону я пазнаў таго незнаёмца». Гэтае сведчанне змушае паўторна дапытаць Брусона і зладзіць яго вочную стаўку з графам Міясанам. Гэтага досыць — катаванні адмяняюцца, і следства працягваецца. І вось тады надыходзіць час звярнуцца да караля. Зрабіць гэта як найтанчэй — справа вашага вострага розуму, пані. На маю думку, добра было б адкрыць каралю ўсю таямніцу. Сведчанні графа Міясана падмацуюць прызнанне Брусона. Той жа вынік, напэўна, дадуць і таемныя росшукі ў доме Кардыльяка. Усё гэта стане падставай не для судовага выраку, а для рашэння караля на аснове ўнутранага пачуцця, якое злітуецца там, дзе суддзя мусіць караць.