— Бантан, — сказаў кароль на развітанне, — выплаціць вам тысячу луідораў. Перадайце іх ад майго імя дзяўчыне на пасаг. Хай яна пабярэцца са сваім Брусонам, які, зрэшты, зусім не заслужыў такога шчасця. Але затым яны абодва мусяць пакінуць Парыж. Такая мая воля.
Дома насустрач Скюдэры паспяшалася Марціньер, за ёю — Батыст, абодва са зіхоткімі ад радасці тварамі, захоплена гукаючы:
— Ён тут! Ён вольны! О, мілыя маладыя!
Шчаслівая пара кінулася ў ногі Скюдэры.
— Ах, я ведала, што вы, толькі вы, вы адна ўратуеце майго мужа! — усклікала Мадлон.
— Вера ў вас, маю маці, заўжды жыла ў маёй душы, — цвердзіў Аліўе, і абодва цалавалі рукі высакароднай дамы і пралівалі тысячы гарачых слёз. А потым яны зноў абняліся і, запэўніўшы, што незямное хараство гэтых імгненняў пераважае ўсе невымоўныя пакуты мінулых дзён, пакляліся не разлучацца да скону.
Праз колькі дзён яны пабраліся шлюбам і атрымалі блаславенне святара. Нават калі б на тое не было волі караля, Брусон усё адно не змог бы заставацца ў Парыжы, дзе ўсё нагадвала яму пра жудасныя часы, калі тут лютаваў Кардыльяк, дзе выпадкова магла раскрыцца і назаўсёды разбурыць яго мірнае жыццё злавесная таямніца, вядомая пакуль адзінкам. Адразу ж пасля вяселля ён разам з маладой жонкай з блаславення Скюдэры пераехаў у Жэневу. Багата адораны праз пасаг Мадлон, надзіва ўмелы ў сваім рамястве, надзелены ўсімі цнотамі сумленнага грамадзяніна, ён вёў там шчаслівае і бесклапотнае жыццё. Для яго збыліся надзеі, што да самай магілы падманвалі ягонага бацьку.
Праз год пасля ад’езду Брусона выйшла афіцыйнае паведамленне за подпісамі Арлуа дэ Шавалона, арцыбіскупа Парыжу, і П’ера Арно д’Андыі, парламенцкага адваката, пра тое, што нейкі раскаяны грэшнік на ўмовах таямніцы споведзі перадаў у дар царкве нарабаваны скарб з каштоўнасцяў і аздобаў. Кожны, хто да канца 1680 году, пераважна праз узброены напад на вуліцы, пазбавіўся ўпрыгожанняў, мусіў з’явіцца да д’Андыі і атрымаць, пры супадзенні апісання з той ці іншай рэччу са збору і адсутнасці сумневаў у правамоцнасці прэтэнзіі, сваю каштоўнасць назад. Многія ахвяры Кардыльяка, што шчасліва пазбеглі смерці, толькі аглушаныя ўдарам кулака, адно за адным ішлі да парламенцкага адваката і, да немалога свайго здзіўлення, атрымлівалі адабраныя колісь скарбы. Рэшта ж дасталася царкве святога Яўстаха.