Парыжане ўздыхнулі з палёгкай, калі монстр, здольны беспакарана выкарыстоўваць таемную знішчальную зброю супраць сваіх і чужых, знік са свету. Але неўзабаве высветлілася, што страшнае майстэрства праклятага Сэнт-Круа знайшло пераемнікаў. Як нябачная падступная здань, смерць праточвалася ў найцяснейшыя колы, якія толькі могуць утварыць сваяцтва, каханне і сяброўства, і ўпэўнена й хутка выхоплівала адтуль няшчасных ахвяраў. Той, каго сёння бачылі ў цудоўным здароўі, заўтра хістаўся ад хваробы і чэзнуў, і ніякае ўмельства лекараў не магло ўратаваць яго ад смерці. Багацце, прыбытковая пасада, прыгожая і, магчыма, занадта маладая жонка — гэтага было дастаткова, каб стаць мэтай смяротнага пераследу. Самы страшны недавер ірваў найсвяцейшыя повязі. Муж дрыжэў ад страху перад жонкай, бацька — перад сынам, сястра — перад братам. Некранутымі заставаліся стравы і віно на бяседных сталах, накрытых сябрамі для сяброў, і там, дзе звычайна панавалі жарты і весялосць, здзічэлыя позіркі высочвалі патаемных забойцаў. Можна было ўбачыць таго ці іншага бацьку сямейства, які спалохана набываў у аддаленых раёнах прадукты і сваімі рукамі гатаваў іх у якім-небудзь брудным шынку, баючыся д’ябальскай здрады ва ўласным доме. І ўсё-такі час ад часу нават найбольшая перасцярога аказвалася дарэмнай.
Каб даць рады бязладдзю, што ўсё больш ахоплівала горад, кароль прызначыў асобны трыбунал, які надзяліў выключнымі паўнамоцтвамі па расследаванні і пакаранні таямнічых злачынстваў. Гэта была так званая Вогненная палата, якая засядала непадалёк ад Бастыліі пад старшынствам ля Рэньі. Доўгі час намаганні апошняга, як бы ён ні высільваўся, не давалі плёну, але хітраму Дэгрэ было наканавана накрыць самае кубло злачынцаў. — У прадмесці Сэн-Жэрмэн жыла старая жанчына на імя ля Вуазэн, што займалася прадказаннямі і заклінаннем духаў і з дапамогаю сваіх чаляднікаў ле Сажа і ле Вігаро ўмела выклікаць страх і подзіў нават у тых, каго нельга было назваць слабым ці легкаверным. Але яна рабіла далёка не толькі гэта. Як і Сэнт-Круа, вучаніца Экзілі, яна гатавала паводле яго рэцэпту тонкую атруту, што не пакідала слядоў, і так дапамагала нягодным сынам хутчэй атрымаць спадчыну, а распусніцам — прыдбаць іншага, маладзейшага мужа. Дэгрэ раскрыў яе таямніцу, яна ва ўсім прызналася, была прысуджаная Вогненнай палатай да спалення і скончыла жыццё на Грэўскай плошчы. Пры ёй знайшлі спіс усіх, хто карыстаўся яе паслугамі, і гэта не толькі пацягнула шэраг смяротных пакаранняў, але і выклікала цяжкія падазрэнні нават у адрас высокапаважаных людзей. Так, казалі, што кардынал Банзі узяў у ля Вуазэн сродак, з дапамогай якога ўсе, каму ён мусіў плаціць пенсіі ў якасці арцыбіскупа Нарбоны, у хуткім часе пайшлі з жыцця. Так былі абвінавачаныя ў сувязі з клятай кабетай герцагіня Бульёнская і графіня Суасон, імёны якіх значыліся ў спісе, не пашкадавалі нават Франсуа Анры дэ Манмарансі-Будэбеля, герцага Люксембургскага, пэра і маршала Францыі. І на яго накінулася жудасная Вогненная палата. Ён сам з’явіўся ў турму Бастыліі, дзе праз нянавісць з боку дэ Лувуа і ля Рэньі яго пасадзілі ў каморку даўжынёй шэсць футаў. Прайшлі месяцы, перш чым канчаткова высветлілася, што злачынства герцага ўвогуле не заслугоўвала кары: ён толькі аднойчы замовіў у ле Сажа гараскоп.
Відавочна, што сляпы імпэт штурхаў ля Рэньі да гвалту і здзекаў. Трыбунал цалкам ператварыўся ў інквізіцыю: найдрабнейшага падазрэння было дастаткова для суровага ўвязнення, і часта доказ невінаватасці зняволеных аддаваўся на волю выпадку. Пры гэтым Рэньі меў агідны твар і падступную натуру, так што хутка зрабіўся аб’ектам нянавісці тых, дзеля чыёй абароны ці помсты быў пакліканы. Герцагіня Бульёнская, якую ён спытаў падчас допыту, ці бачыла яна д’ябла, адказала: «Мне падаецца, я бачу яго якраз у гэты момант!»
У той час, калі на Грэўскай плошчы ручаямі цякла кроў вінаватых і падазраваных і загадкавыя атручанні здараліся ўсё радзей і радзей, з’явілася іншая бяда, што непакоіла ўсё больш народу. Нейкая банда рабаўнікоў нібыта пастанавіла сабе завалодаць усімі каштоўнасцямі ў Парыжы. Багатыя ўпрыгожанні знікалі незразумелым чынам, нягледзячы на любую ахову, ледзь толькі іх паспявалі набыць. Але яшчэ горшым было тое, што кожнага, хто насмельваўся надзець каштоўнасці, рабавалі пасярод вуліцы альбо ў цёмных дварах і нават забівалі. Ацалелыя ахвяры прыгадвалі, што нехта збіваў іх з ног моцным ударам па галаве, нібы бліскавіцай, а апрытомнеўшы, яны бачылі навокал зусім іншую мясцовасць, чым тая, дзе заспеў іх напад. Забітыя ж, целы якіх знаходзілі на вуліцах ці ў дамах амаль штодня, усе мелі аднолькавыя смяротныя раны. Удар кінжала ў сэрца, па сведчанні лекараў, забіваў так хутка і надзейна, што, атрымаўшы яго, чалавек без гуку валіўся долу. Хто з асобаў, блізкіх да пышнага двара Людовіка XIV, ублытаны ў любоўную інтрыгу, не спяшаўся крадком да каханкі, часам несучы салідны падарунак? Нібыта змовіўшыся з духамі, рабаўнікі дакладна ведалі, калі хтось мусіў мець пры сабе нешта падобнае. Почасту нешчаслівец нават не паспяваў дасягнуць дома, дзе разлічваў на любошчы, нярэдка ён падаў мёртвы на парозе дый нават проста перад дзвярыма ў пакой сваёй каханай, якая ў жаху знаходзіла акрываўленае цела.