Дарэмна начальнік паліцыі Аржансон загадваў хапаць у Парыжы кожнага, хто выклікаў хоць найменшае падазрэнне, дарэмна лютаваў ля Рэньі, выбіваючы прызнанні, дарма ўзмацнялі патрулі і ахову — нішто не дапамагала натрапіць на след злачынцаў. Толькі асаблівыя перасцярогі, калі ўзбройваліся да зубоў і бралі з сабой чалавека з ліхтаром, давалі пэўны плён, але ўсё роўна здаралася, што слугу закідвалі камянямі, каб запалохаць, а гаспадара ў той жа момант забівалі і рабавалі.
Дзіўным было тое, што, нягледзячы на ўсе росшукі паўсюль, дзе толькі быў магчымы гандаль каштоўнасцямі, на вочы шпегам не трапілася нават найдрабнейшая са скрадзеных рэчаў, таму і тут не намацваўся след, якім можна было б рухацца далей.
Дэгрэ пырскаў пенай ад злосці, бо махляры патраплялі абысці нават ягоную хітрасць. Той квартал горада, дзе знаходзіўся ён, ніхто не чапаў, а ў іншым раёне, дзе непрыемнасцяў не чакалі, смерць ад рукі рабаўніка падпільноўвала багатых ахвяраў.
Дэгрэ даўмеўся завесці некалькі двайнікоў, настолькі падобных паміж сабой хадою, паставай, моваю, фігурай і тварам, што нават шпегі не ведалі, хто ж з іх сапраўдны Дэгрэ. Ён жа тым часам, рызыкуючы жыццём, адзін высочваў па самых схаваных кутках і зводдаль суправаджаў таго, хто на яго загад меў пры сабе ўпрыгожанні. Але той заставаўся недасяжны; значыць, зламыснікам была вядомая і гэтая мера. Паліцэйскага ахопліваў адчай.
Аднойчы ранкам Дэгрэ з’явіўся да ля Рэньі, белы, з перакошаным тварам, увесь сам не свой.
— Што ў вас? Якія навіны? Вы натрапілі на след? — выгукнуў ля Рэньі, ідучы яму насустрач.
— Ах, мсье, — пачаў Дэгрэ, заікаючыся ад ярасці, — ах, мсье, учора ўночы пры мне блізу Луўра напалі на маркіза дэ ля Фара.
— Сілы нябесныя! — радасна загаласіў ля Рэньі. — Яны ў нашых руках!
— Ды паслухайце ж вы, — перарваў яго Дэгрэ з горкай усмешкай. — Паслухайце спярша, як усё было. Дык вось, стаю я ля Луўра і падпільноўваю з цяжкім сэрцам гэтых чарцей, што кпяць з мяне. Тут нехта праходзіць няпэўным крокам, усцяж азіраючыся, зусім блізка ля мяне, але мяне не заўважае. У месячным мігценні я пазнаю маркіза дэ ля Фара. Я мог бы чакаць яго там, бо ведаў, куды ён выправіўся. Толькі ён аддаляецца на дзесяць-дванаццаць крокаў, як нібыта з-пад зямлі выскоквае нейкая фігура, цягне яго на зямлю і накідваецца зверху. Агаломшаны тым, што забойца амаль трапіўся мне ў рукі, я гучна крычу і збіраюся адным вялізным скачком дапяць да яго са свайго схову, але заблытваюся ва ўласным плашчы і падаю. Бачу, як гэты чалавек спяшаецца прэч нібы на крылах ветру, выпростваюся, кідаюся наўздагон, на бягу дзьму ў свой ражок — здаля адгукаюцца свісткі шпегаў. Робіцца горача — ляскат зброі, тупат капытоў з усіх бакоў. «Сюды, сюды, Дэгрэ, Дэгрэ!» — крычу я на ўсю вуліцу. Я ўсё яшчэ бачу чалавека перад сабою ў яркім месячным святле. Каб падмануць мяне, ён збочвае; мы трапляем на вуліцу Нікез, і падаецца, што сілы яго на зыходзе. Я ж падвойваю свае намаганні — дыстанцыя скарачаецца, цяпер яна не большая за пятнаццаць крокаў…
— Вы даганяеце яго, скручваеце, і тут падбягаюць шпегі, — закрычаў ля Рэньі, бліскаючы вачыма і хапаючы Дэгрэ за руку, як быццам той і ёсць забойца-ўцякач.
— Пятнаццаць крокаў, — працягнуў Дэгрэ глухім голасам і цяжка дыхаючы. — За пятнаццаць крокаў ад мяне чалавек адскоквае ўбок, у цень, і знікае праз мур.
— Знікае? Праз мур?! Вы што, з глузду з’ехалі? — залямантаваў ля Рэньі, адступаючы на два крокі назад і ўсплёскваючы рукамі.
— Можаце назваць мяне, мсье, — сказаў Дэгрэ, паціраючы лоб, быццам апанаваны благімі думкамі, — хоць бы й вар’ятам і дурным спірытыстам, але ўсё было менавіта так і не інакш, як я вам расказваю. У здранцвенні я стаю перад мурам, да мяне падбягаюць некалькі запыханых шпегаў; разам з імі — маркіз дэ ля Фар, раз’юшаны, з аголенай шпагай у руцэ. Мы запальваем факелы, аглядаем мур уздоўж і ўпоперак: ані следу дзвярэй, акна, наогул якой адтуліны. Гэта магутная каменная дваровая агароджа, што атачае дом, супраць жыхароў якога не можа паўстаць нат найменшага падазрэння. Сёння я яшчэ раз правёў дэталёвы агляд месца. — Мусіць, сам д’ябал цвеліцца з нас.