Не даючы дагаварыць, Кардыльяк вырываў скрыначку з рук суразмоўцы, выцягваў камяні, і сапраўды не надта вартыя з выгляду, падносіў іх да святла і гукаў у захапленні: «Хо-хо, звычайная рэч? Так, ды не так! Прыгожыя каменьчыкі, цудоўныя каменьчыкі, толькі дайце мне волю! Калі ж вам не так важная жменька луідораў, я дадаў бы яшчэ пару каменьчыкаў, якія будуць іскрыцца ў вашых вачах, як само сонца». У адказ гучала: «Я ўсё давяраю вам, майстар Рэнэ, і заплачу колькі вам будзе заўгодна!»
Без розніцы, быў перад ім багаты буржуа ці шляхетны прыдворны, Кардыльяк палка кідаўся яму на шыю, ціскаў, і цалаваў, і гаварыў несупынна, што цяпер ён зноўку абсалютна шчаслівы і што аздоба будзе гатовая праз восем дзён. Ён стрымгалоў ляцеў дадому, зашываўся ў майстэрні, стукаў-грукаў, і праз восем дзён паўставаў шэдэўр. Але варта толькі было прыйсці замоўцу, які хацеў на радасцях заплаціць запатрабаваную невялікую суму і забраць гатовае ўпрыгожанне, як Кардыльяк рабіўся змрочным, грубым і наравістым. «Але майстар Кардыльяк, падумайце толькі, на заўтра прызначанае маё вяселле». — «Якая мне справа да вашага вяселля, падыдзіце праз 14 дзён». — «Упрыгожанне гатовае, вось грошы, мне трэба яго атрымаць». — «А я кажу вам, што павінен яшчэ што-нішто памяняць у вырабе і не магу аддаць яго сёння». — «А я вам кажу, што калі вы па-добраму не аддасце аздобы, за якую я вам, дарэчы, хачу заплаціць удвая больш, то хутка ўбачыце мяне ў суправаджэнні службоўцаў Аржансона». — «Ну, тады хай шатан катуе вас тысячай распаленых абцугоў і навесіць на каралі гіру ў тры цэнтнеры, каб яны задушылі вашую нявесту!»
З гэтымі словамі Кардыльяк запіхваў упрыгожанне жаніху ў нагрудную кішэнь, хапаў бедака за руку і выштурхваў яго з пакоя так, што той грукатаў па ўсіх прыступках, а пасля з д’ябальскім рогатам глядзеў праз акно, як небарака выходзіць з дому, кульгаючы і заціскаючы хусцінкай акрываўлены нос. Зусім незразумела было і тое, што часта Кардыльяк, з энтузіязмам узяўшыся за справу, раптам з усімі прыкметамі глыбокага душэўнага хвалявання, самымі ўзрушанымі клятвамі, нават са слязьмі і ўсхліпамі, маліў замоўцу дзеля Панны Марыі і ўсіх святых вызваліць яго ад пачатай працы. Некаторыя вельмі шанаваныя каралём і народам асобы дарэмна прапаноўвалі вялікія грошы, каб атрымаць хоць найдрабнейшы выраб з рук Кардыльяка. Ён кідаўся ў ногі каралю і скуголіў акі сабака, просячы дазволу не працаваць для Яго Вялікасці. Гэтак жа ён адмаўляў у любой замове маркізе Мэнтэнон, а аднойчы з агідай і абурэннем адрынуў яе просьбу вырабіць маленькі ўпрыгожаны сімваламі мастацтва пярсцёнак, які мусіў атрымаць з яе рук Расін.
— Магу паспрачацца, — сказала Мэнтэнон, — што Кардыльяк, калі я і пашлю да яго чалавека, каб хаця б даведацца, для каго ён вырабіў гэтае ўпрыгожанне, адмовіцца прыйсці, бо ён напэўна баіцца магчымай замовы і зусім не хоча рабіць для мяне анічога. Хоць, праўду кажучы, апошнім часам здаецца, што яго непахісная ўпартасць крыху аслабела, бо я чула, што ён працуе цяпер больш увішна, чым калі, і аддае свае вырабы адразу ж, адно што ўсё яшчэ з глыбокім засмучэннем і адвярнуўшы твар.
Мадэмуазэль Скюдэры, якой было вельмі важна, каб упрыгожанне, калі гэта магчыма, найхутчэй трапіла ў рукі законнага ўладальніка, сказала, што майстру-дзіваку можна адразу патлумачыць, што ад яго чакаюць не працы, а толькі меркавання пра каштоўнасці. Маркіза ўхваліла такі падыход. Паслалі па Кардыльяка, і той, нібыта ўжо сам быў па дарозе сюды, неўзабаве ўвайшоў у пакой.
Убачыўшы Скюдэры, ён, здаецца, збянтэжыўся і, як бывае з людзьмі, што, заспетыя нейкай неспадзяванкай, забываюцца на правілы прыстойнасці, якіх патрабуе сітуацыя, спярша нізка і з пашанай схіліўся перад гэтай зацнай дамай і толькі пасля павярнуўся да маркізы. Тая паспешліва спыталася, паказваючы на каралі, што зіхацелі на цёмна-зялёнай паверхні стала, ці не ягоных гэта рук справа. Ледзь кінуўшы вокам, Кардыльяк, утаропіўшыся маркізе ў твар, хутка сабраў бранзалеты і каралі ў скарбонку, якая стаяла побач, а потым рэзка адсунуў яе ад сябе. І тады загаварыў, а агідная ўсмешка не сыходзіла з яго чырвонага твару:
— Сапраўды, пані маркіза, трэба кепска ведаць працу Рэнэ Кардыльяка, каб хоць на момант паверыць, што нейкі іншы ювелір на свеце здольны змайстраваць такое ўпрыгожанне. Зразумела ж, гэта мая праца.
— Але скажыце тады, — працягвала маркіза, — для каго вы зрабілі яго?
— Выключна для сябе самога, — адказаў Кардыльяк. — Так, пані маркіза, — працягнуў ён, калі абедзве дамы, Мэнтэнон і Скюдэры, агаломшана зірнулі на яго, адна — з недаверам, другая — з нясмелым чаканнем. — Вам гэта можа падацца дзіўным, але гэта менавіта так. Проста каб вырабіць прыгожую рэч, я выбраў мае найлепшыя каменьчыкі і ад радасці шчыраваў над імі больш дбайна і старанна, ніж зазвычай. Нядаўна ўпрыгожанне незразумела як знікла з маёй майстэрні.