Выбрать главу
Я затрымаўся з непакоем, Калі угледзеў, анямелы: Расце чаромха пад сцяною З кары абдзёртым ствалом-целам.
Гронкі духмяных кветак белых На аслабелым дрэве вянуць. Пабушаваць тут захацела Група бязвольных хуліганаў.
Ставаць у абарону мушу Свету вакольнага заўсёды. Якое ж сёння раўнадушша Да разбуральнікаў прыроды!

ЛЕТА

Лета, радаснае лета, Колькі ж казачнай красы! Край наш сонейкам сагрэты Поўняць птушак галасы.
Лета, залатое лета, У прыгожы свет наўкол Ты склікаеш школьных дзетак З нашых гарадоў і сёл.
Лета, казачнае лета, Ты навееш безліч мар, Дываном духмяных кветак І зямны аздобіш твар.
Лета, дарагое лета, Адпачынку мілы час. Ты цяплом абдорыш дзетак І папоўніш сіл запас.

БАБІНА ЛЕТА

Бела-бела ў полі чыстым, Над зямлёю паднялося Многа нітак серабрыстых, Што напрала сёння восень.
Ззяе бабінае лета І іскрыцца сівізною, Гэта першая прыкмета, Што зіма не за гарою.
Неўзабаве шоўку ніці Восень зноўку згорне ў жмені, Будзе для зімы-сястрыцы Ткаць прыгожае адзенне.

ВЯРБА

Адзінокая ў полі вярба, Як бабулька стаіць ля дарогі. І яна, як ахопіць журба, Быццам кленчыць і моліцца Богу.
Хоча вымаліць лепшы свой лёс, Адзіноты страшэннай пазбыцца. Вось каб хтосьці яе перанёс Ды ў куток, дзе не трэба нудзіцца.
Там, дзе вербаў расце стройны рад, Дзе вядуць між сабою размовы, Дзе парадак існуе і лад І дзе ёсць ад вятрыску ахова.
А тут вецер тармосіць касу, А яе злосна хіліць дадолу, І няма каму выказаць сум, Расказаць аб жыцці невясёлым.
І стаіць адзінока вярба, Быццам кленчыць і моліцца Богу, З ёю толькі нуда і журба, З імі сумна стаяць ля дарогі.

БЯРОЗА

Заплакалі вочкі Сумнае бярозы. Жоўтыя лісточкі Сыплюцца, як слёзы.
Была ж вясной, летам, Стройнай, як дзяўчына, А цяпер раздзета, Голыя галіны.
І таму так суму У бярозы многа. Стаіць у задуме З выглядам убогім.
Не смуткуй, царэўна, Вясна прыйдзе зноўку, Дасць табе, напэўна, Новую абноўку.

РАМОНАК

У Балгарыі рамонак Называюць: лай-лай кучка. Не лагічна, не натхнёна, Гэта ж проста: брэша сучка.
І прыдумаў нехта гэтак Брыдка і нечалавеча. Не любіў, відаць, ён кветак, Што і цешаць нас і лечаць.
Выступаю ў абарону Кветкі-сонца, кветкі-мары: Што зрабіць, каб больш рамонак Так не крыўдзілі балгары?

ПУШЧА ПАШЫРАЕ СВАЕ МЕЖЫ

Пушча пашырае свае межы, Вырастаюць дрэвы на папары. Беласток бліжэй да Белавежы, Адвыкаюць вёскі гаспадарыць.
Штораз больш асірацелых хатак, Бадылём зарослых панадворкаў, А навокал толькі страты, страты ... І аб безнадзейнасці гаворка.
Дажываюць век пенсіянеры, Дзякуюць за дзень пражыты Богу. У шчаслівы лёс ужо не вераць На памежжы побыту зямнога.
Ведаюць — яны ж тут толькі госці, Зноў кагосьці ў вёсцы не хапіла ... Зносяць агароджу на пагосце, Робяць болей месца на магілы.

КАЛОДЗЕЖНЫ ЖОРАЎ

Задумаўся над сваёй згубай Каля студні жораў з доўгай дзюбай. Дрэмле ён пад струхлелым плотам З думкаю, чаму не можа лётаць?
Паляцеў бы ён у свет шырокі І прыпаў бы да вады глыбокай, Чэрпаючы, як раней вадзіцу, Каб маглі, хто смягне, тут напіцца.