Выбрать главу
Мы хочам жыць у міры, згодзе, Каб здзек не панаваў, прымус, У дваццаць першым каб стагоддзі Не знікнуў цалкам беларус.

КАЛІ Ж МЫ СТАНЕМСЯ ПАРТНЁРАМІ?

Не ведалі сваёй мы вартасці, Яна зусім прапала недзе. Заўсёды толькі талерантнасці Спрадвек прасілі мы ў суседзяў.
Не шанавалі нашай нацыі Суседзі розныя навокал, Праявамі дыскрымінацыі Кармілі нас на кожным кроку.
Жывем мы пад аднымі зорамі, Адно нас сагравае сонца. Калі ж мы станемся партнёрамі З суседзямі ў сваёй старонцы?

НЁМАН

Мой любы Нёман, паўнаводны Нёман, Блакітнавокі, родны, дарагі! Той расстаецца з роспаччу і стомай, Хто на твае прыходзіць берагі.
Вось тут, у санаторыі „Вясёлка”, Які схаваўся ў баравы масіў, Ад водару смалы, травы і зёлкаў І падлячыўся я, і адпачыў.
Суцішным лесам прабіраўся штодзень Да летуценнай казачнай ракі І захапляўся родным асяроддзем, Якое захавалі нам вякі.
О колькі тут чароўнай прыгажосці, Якую перадаць нястача слоў! О як шкада, што я тут толькі госцем, Што ўжо няўзнак вяртаюся дамоў.
Такім сухім, такім спякотным летам Цудоўна быць ля нёманскай вады! На развітанне я ўтапіў манету З надзеяй, што прыеду зноў сюды.

МАРЫЯ, СЛАЎНАЯ МАРЫЯ

Доктару Марыі Чарэпка

Марыя, слаўная Марыя, Лёс сутыкнуў мяне з табою. Усе хвіліны дарагія Я сэрцам успрыняў, душою.
Даведаўся я нечакана, Што жыць на свеце трэба ўмела, Пра сэрца помніць пастаянна, Але не меней і пра цела.
А мы ж пра гэта забываем, Мы ж частка велічнай прыроды. Сябе мы самі забіваем. І так штодня, і так заўсёды.
Шкада, што час тут на зыходзе, Ды я спасціг навуку гэту: Сабе самому нельга шкодзіць, Так можна зжыць сябе са свету.
Твае парады мне святыя: Жыць нельга толькі ў паняверцы. Марыя, слаўная Марыя Твой вобраз вечна будзе ў сэрцы!

Рэспубліка Беларусь

Санаторый-прафілакторый „Вясёлка”

„ВЫБЫЛ НЕИЗВЕСТНО КУДА”

(Памяці дзядзькі Якава)

Жыў дзядзька Якаў у Сібіры, Сярод адвечнай мерзлаты. Тужыў ён па Радзіме шчыра І да радні пісаў лісты.
Слаў вестачкі з сібірскай далі Братам у Польшчу дзядзька наш. Яму за гэта прыпісалі Любоў да Польшчы — шпіянаж.
І не было куды вывозіць, Жыў у Сібіры ж дзядзька мой. За памяць аб радні ў астрозе Плаціць патрэбна галавой.
Вядома стала — расстралялі Яго ў трыццатыя гады. Ды нам аднак не напісалі, Што выбыў ён у нікуды.

ВИКТОР НИКИТИЧ

Калі ж у Беларусь я еду — Ды рады там усе не Шведу: Я ў іншым там жыву абліччы: Я Віктар, ды не Швед — Никитич.
Баяўся я, што ў Беларусі Без прозвішча зусім згублюся. І ў санаторыі „Крыніца” Мяне ўсе клікалі: Никитич!
Іду — здаецца мне, нібыта, Са мною бацька мой Мікіта. А з бацькам я магу заўсёды Свае адолець перашкоды.
Каторы раз, ужо не злічыш, Там я не Віктар Швед — Никитич. На Беласточчыну прыеду — Мне падаюць руку як Шведу.

РЭЛІКВІІ

Матулі нашы вельмі рана Старэліся нам на вачах. Складаны выпаў нечувана На долю іх жыццёвы шлях.
Вайна са смерцю і пажарам На век прыпала не адна, І горычы так многа чараў Прыйшлося выпіць ім да дна.
Які ж іх подзвіг за плячыма, Самаахвярнасць, пачуццё. Ім немагчымае — магчымым, І нежыццёвае — жыццём.
Ды вось таму не толькі старасць Прыйшла да матак з сівізной, Дабавіла маршчын на твары І плечы выгнула дугой.