Выбрать главу
Святымі заўжды будуць сыну Матулі гераічны лёс, Усе заўчасныя маршчыны І пасмы сівенькіх валос.

Падляшша — Айчына наша

ШТО НАМ ДАСЦЬ ЕЎРАСАЮЗ?

Пражылі другі мы год Трэцяга тысячагоддзя. Што ў ім асягнуў народ, Роднае нам асяроддзе?
Наш дэмакратычны лёс — Крыўда шматпакутнай нацыі? Гэты лёс, на жаль, прынёс Не жыццё, а вегетацыю.
Жывучы так, беларус, З польскага не выйдзеш ценю. Можа, хоць Еўрасаюз Нешта ў нашым лёсе зменіць?
Ды бягуць, бягуць гады, Не прыносяць змен трывалых, Шмат ад нас бяруць заўжды, А даюць надзвычай мала.

КОЛЬКІ НАС?

Быў перапіс — прыспешыў час, Ды быў чамусь ён пад прымусам. Ці ж ёсць адказ: а колькі нас, Жывых, рэальных беларусаў?
І колькі сярод нас такіх, Хто б стаў для нацыі апорай? А колькі нам ужо чужых, Што расплыліся ў польскім моры?
Палякі скажуць: — Вас няма, Тут аднародная краіна, Турбуецеся вы дарма: Люд беларускі ўжо загінуў.
Скажы, тутэйшы беларус, А пад якім цяпер ты знакам? Ці пойдзем мы ў Еўрасаюз Як праваслаўныя палякі?

НАШ ГОРАД

Горад наш родны над рэчкай Бялкай, Усіх нас хвалюе твой рост небывалы. Ты расцвітаеш з уздымам палкім, Павырасталі наўкол кварталы.
Ты хрысціянскіх святыняў поўны, Купалаў стройных, спічастых вежаў, Ты і касцельны, ты і царкоўны, Ты нам адзіны, да нас належыш.
Малой айчыны горад сталічны Лучыць усіх жыхароў сваіх сёння. Іх спалучае герб сімвалічны, Польскі Арол з беларускай Пагоняй.
Павінны жыць мы дружнай сям’ёю Па-хрысціянску, з верай глыбокай Ва ўсеагульнае шчасце людское У нашым доме, у Беластоку.

АРЛЯНСКАЯ ШКОЛА

Зрабіў тут творчы крок найпершы У дарагім мастацкім слове. Пачаў пісаць у Орлі вершы На польскай і на роднай мове.
Малым я хлапчуком вясковым Тут пачынаў шлях да асветы, Мяне тут пані Ціжэхова Назвала ўпершыню паэтам.
Тут сталася вершаскладанне Маім свяшчэнным абавязкам, Ездзіў я з Орлі ў веку раннім На алімпіяду ў Бельск-Падляшскі.
Тут узрастала мая прага Пазнаць глыбей усё навокал, Тут нарадзілася адвага Пайсці вучыцца ў свет шырокі.
І чым нам больш сівеюць скроні, Растуць на змену пакаленні, Тым больш нас вабяць і палоняць Мясціны роднасных карэнняў.

МАРСКАЯ ШКОЛА

У Гайнаўцы плануецца адкрыць

вышэйшую марскую школу.

(З Беластоцкага тэлебачання)
Зусім няма марской вады, Тут толькі лес расце наўкола. І як жа планаваць тады Вышэйшую марскую школу?
Шуміць, як мора, Белавеж, А вось пытанні ў нас такія: Студэнтам тут праводзіць дзе ж Заняткі розныя марскія?
Пасля навукі лёс які Магістраў школы — невядома. Ці будуць плаваць маракі На семяноўскім вадаёме?
Мо і не трэба наракаць, Што тут няма марской прасторы, Бо з Гайнаўкі рукой падаць Да любага мне змалку Мора.

ЗАЛЕШАНЫ

Dnia 19 stycznia 1946 roku

banda reakcyjnego podziemia

w bestialski sposób zamordowała

14 osób, w tym sześcioro dzieci.

(З мемарыяльнай дошкі)
Да сёння яшчэ не залечаны У сэрцах страшэнныя раны. Хто ж выжыў у вёсцы Залешаны Ад здзекаў злачынцаў паганых?
Завошта прайшлі тут з прымусамі, З разбоем, звярыным здзекам? За тое, што беларусамі Былі жыхары тут спрадвеку.