Выбрать главу
За гэта і закатаванымі Былі тут дарослыя, дзеці, За гэта з балючымі ранамі Жывуць іх нашчадкі на свеце.
У тым, што прайшлі тут з разбоямі, Хоць нехта тут з іх вінаваты? Сталіся сёння героямі Тыя ўчарашнія каты.

ЦЭРКВЫ ГАРАЦЬ

На папялішчы царквы

Праабражэння Гасподняга

на Святой Гары Грабарцы

11 жніўня 1990 года.

Цэрквы гараць, як інквізіцыі кастры, Папяляцца старынныя іконы. Гар задушлівы нясуць вятры, Неба поўніцца зарывам чырвоным.
Гараць вобразы мучанікаў святых, Што надалей праваслаўе вартуюць. Калісьці жыўцом спалілі іх За праваслаўную веру святую.
Цэрквы гараць — неабвержны факт, Яны пратрывалі стагоддзі, войны. Гэта бяспраўя страшэннага акт — Цэрквы гараць у час наш спакойны.
Цэрквы гараць — скарб сакральны прапаў. Цэрквы гараць — безуцешная справа. Падпальшчык на боскае руку падняў, Падпальшчык боскае зняславіў.

ДАМБРОЎШЧЫНА, САКОЛЬШЧЫНА

Дамброўшчына, Сакольшчына! Я многа меў пашаны У Ячні, у Талькоўшчыне, Сынкоўцах, Крушынянах.
Усюды мы дзяліліся, Як хлебам, родным словам, Усюды ганарыліся Тут беларускай мовай.
І песнямі фальклорнымі Усхвальвалі старонку, І не былі пакорнымі Прад націскамі звонку.
Дамброўшчына, Сакольшчына, Ці ж гэтае магчыма, Што будзеце вы спольшчаны, Каб стацца нам чужымі?

АКТЫВІСТАМ БГКТ

(У 45 гадавіну дзейнасці)

Мы працавалі, Мы гуртавалі Дзесяцігоддзямі люд вясковы. І карпатліва, На свежых нівах Сеялі словы роднай мовы.
Бацькі вясковыя Са сваёй моваю Спачыць збіраюцца ў магіле. Дзеці сялянскія Моваю панскаю У гарадах загаварылі.
І наша нацыя Асіміляцыі Тут падвяргаецца заўсёды. З кожнай хвілінаю Трацім айчыннае, Перастаем мы быць народам.
І песняю айчыннаю Агучваем няспынна мы Сваё, нам дарагое, асяроддзе. І людзі родныя Любяць мелодыі. Спявай, пакуль жывеш, народзе!

ЧАМУ НЕ МОЖАМ ЖЫЦЬ У ЗГОДЗЕ?

Дзеячам беларускіх

арганізацый у Польшчы.

Чаму няма дабра ў народзе, Чаму ваюем між сабой? Чаму не можам жыць у згодзе, Раз’ятраныя калатнёй?
Чаму чым больш адукаваны, Чым разумнейшы за другіх, Тым болей чалавек паганы, Мацней аплёўвае сваіх?
А трэба нам займацца справай І аб’ядноўваць наш народ, А не чыніць над ім расправу, І так нас меншае штогод.
Мы трацім да сябе пашану, Не хочам гэтага прызнаць, Што нас, разбітых, апляваных, Лягчэй тут асіміляваць.

МЫ БЕЗ НАРОДУ, РОДНАЙ МОВЫ

Удзельнікам ІV З’езда выпускнікоў

і выхаванкаў Бельскага беларускага ліцэя

імя Браніслава Тарашкевіча.

Мы адзначаем паўстагоддзе Свайго любімага ліцэя. Ды хто нас ведае ў народзе? Якою мы жывем ідэяй?
Нас болей тысяч трох па ліку Даўнейшай моладзі вясковай. Хто з нас — такой сям’і вялікай Не пагарджае роднай мовай?
Мы ўжо ў асноўным не нацмены, У нас нацмены выйшлі з моды. Мы з роднай нам сышлі арэны, Зракліся мовы і народу.
Мы не чытаем роднай „Нівы”, І кожны з нас, як хоча, едзе, І кожны толькі тым шчаслівы, Што не кранаюць нас суседзі.
Святкуем сёння мы паўвеку Як быццам беларускай школы, Мы ў гэтай нацыі калекі. Далейшы лёс наш невясёлы.