ВЫХАДЦАМ З ВЁСАК
Пазарасталі на палетках
І сцежкі нашы, і сляды.
Трымаюць у бетонных клетках
Нас, як у пастках, гарады.
Ходзім па гладкіх тратуарах,
Ездзім у клетках, як на здзек,
Жывем мы запаветнай марай:
Пражыць свой у раскошы век.
Няма тут роднае стыхіі,
Чым кожны ў вёсцы даражыў.
І гораду мы ўсе чужыя,
І горад нам зусім чужы.
Мы ў роднай вёсцы — толькі госці,
Там быць часцей няма калі.
Нам асталося свае косці
Злажыць у бацькавай зямлі.
МЫ Ж ТУТ НЕ ГОСЦІ
Ты, Беласточчына-Айчына,
Ты, беларускі мой народзе!
Мянялі ўласнікаў няспынна
Вы ў нашым жудасным стагоддзі.
У царскім вы былі кагале,
Пад кайзераўскім супастатам,
Бальшавікі вас „вызвалялі”
Ад заняволення ў дваццатым.
Другое Рэччы Паспалітай
Прыйшла саветчына на змену,
Улада Гітлера-бандыта
І Маніфест ПКВН-у.
Ад ПНР мы пераходзім
Да трэцяй Рэчы Паспалітай.
І раптам кажуць, мой народзе,
Што ты тут толькі “госць” нібыта.
МАЎЧУНЫ
А колькі ж нас у Беластоку?
Ніхто не можа адгадаць.
Палякі ўсе на кожным кроку,
А беларусаў не чуваць.
Мы растварыліся ў прасторы,
Як пад мятлою мыш сядзім.
На мове мы чужой гаворым,
А на сваёй ужо маўчым.
З усімі мы надзвычай згодны,
Трымаемся чужых калёс.
Каб думаць нам на мове роднай,
Змяніць патрэбна ўласны лёс.
І з кожным днём усё нас меней,
А што ўжо станецца праз год?
Радзеюць нашы пакаленні,
Мы выміраем як народ.
І стануць хутка ўсім чужымі
І нашы дочкі, і сыны.
Ніхто з кален нас не падыме —
Каму патрэбны маўчуны?
ЦІ ЧУЕШ, ЯК ПЛАЧА ЗЯМЛЯ?
„Czy słyszysz jak płacze ziemia?”
Ці чуеш, як плача зямля,
Якую рэжуць бульдозеры
На апусцелых палях,
Затопленых штучным возерам?
Ці бачыш, ля рэчак часцей
Блукаюць трывожныя цені
Патопленых нашых людзей
Шматлікіх ужо пакаленняў?
Хіба ж, як бярэш яе ў рот,
Вада не здаецца салёнай?
Яна ж увабрала ўвесь пот
Сялян на залітых загонах.
І з блокаў ва ўсіх Бандарах,
Патопленых вёсак сяляне
Зноў бачаць на яве і ў снах
Зямлі сваёй роднай кананне.
БУДАЎНІК
Ён нашы вёскі абнадзеіў,
Пабольшаў крам вясковых лік.
Цяпер у Гайнаўцы музея
Непераможны будаўнік.
Хто ж з нас не ведае Майсені?
Яго прызнала й Беларусь.
Як потым скажуць пакаленні:
Наш лепшы будаўнік Кастусь.
Музей нам стаўся веліканам
І наш ён гонар, сапраўды.
І будуць тут у ім сабраны
Сівой мінуўшчыны сляды.
Усе прылады чалавека,
Што захаваў наш слаўны люд,
Найлепшы доказ, што спрадвеку,
Тут наш айчынны родны кут.
Усё ідзе да заканчэння.
Сядзець без справы не прывык
Наш дарагі Кастусь Майсеня,
Музея слаўны будаўнік!
МАЁ ГРАМАДЗЯНСТВА
Я нарадзіўся менавіта
Не ў першай Рэчы Паспалітай.
І да сусветнай жыў чын-чынам,
Бо быў яе грамадзянінам.
А потым здарылася гэтак,
Што ў нас з’явіліся Саветы,
І хутка я такім жа чынам
Саюза стаў грамадзянінам.
А потым нас запаланіла
Нячыстая фашыстаў сіла
І ў заняволенай краіне
Я Рэйха стаў грамадзянінам.
Вайны заціхла кананада.
Народнай стала ў Польшчы ўлада.
Я споўніў зноў сваю павіннасць —
Той Польшчы стаў грамадзянінам.
Даволі змен несамавітых!
Я ў трэцяй Рэчы Паспалітай.
Хачу дажыць тут, проша паньства,
Без новых зменаў грамадзянства.