Выбрать главу
Меў непадалёк ад хаты Белых гурбаў рой. Быў і на сяброў багаты — Ездзілі са мной.
Да дзяцей хацеў бы, чую, Бегчы ў снегапад. Толькі ж розум патрабуе: Асадзі назад!

ЛЫЖЫ

Як гурбы намяло ля хаты, Што цешыла так хлапчукоў, Зрабіў мне лыжы добры тата, На іх я ездзіў шмат гадоў.
Калі я толькі еду ў горы Марознай зімняю парой, Уваскрасае вёска Мора І я на лыжах з дзетварой.
І так мне хочацца ізноўку Лыжы ўзяць хаця б разок, І лыжнікам з крутых пагоркаў Імчаць праз беленькі сняжок.
Гады, на жаль, ужо не тыя, Я аслабеў, як на бяду. Імчаць на лыжах маладыя, А я ўжо пехатой брыду.

КАНЁК

Калісь мы, помню, хлапчукі, Зімою беглі на лядок, Да ног прывязвалі канькі, А праўду кажучы, канёк.
Канёк — паленца, чаранок, І да яго прыбіты дрот, І прымацованы шнурок, Якім абмотвалася бот.
Канёк пад праваю нагой, З падмогай левае нагі, З разбегу нас імчаў стралой На бераг сажалкі другі.
Ніхто не верне нам хвілін Дзіцячых гульняў, пачуцця. Ды ёсць у кожнага ўспамін Ад бестурботнага жыцця.

МАРЫ

Я часта пасвіў ля чыгункі Кароў маленькім хлапчуком. Па рэйках роўненькіх, як стрункі, Я мог пад’ехаць цягніком.
І мара гэтая збылася, Нам нельга жыць без цягнікоў. Скорым аб’ехаў я ў міжчасе Нямала розных гарадоў.
Трапіў калісь я на „Баторый”, Вазіў мяне балтыйскі флот. Мяне ў паднебную прастору Не раз выносіў самалёт.
Таму жыву я марай гэтай: Мне мала зведаных дарог. Што мне зрабіць, каб я з ракеты І шар зямны агледзець мог?

ПРЫЗЯМЛЕННЕ

Я адарваўся ад зямлі, Пакінуў сваё Мора, Свае лугі, свае палі І паімчаў у горад.
На шлях жыццёвы маладосць Мне падарыла крылы, Каб гарадская прыгажосць Мяне запаланіла.
З бетоннай клеткі, з вышыні Глядзеў я на зямліцу, Ды засыхалі карані З прыездам у сталіцу.
І без зямлі, як дрэва, тут Згасаў я беспрычынна, І сніўся мне бацькоўскі кут — Маленькая Айчына.
Наяве, а таксама ў снах, Я жыў адным імкненнем — Расквеціць свой жыццёвы шлях Апошнім прызямленнем.

КАСІЛКА

Не чую ў Моры на світанні, Як водгук колішніх гадоў, На панадворках кос кляпання, Іх звон ад стуку малаткоў.
Не бачу ўжо касцоў-асілкаў, Што так валодалі касой. Сяляне селі на касілкі А з імі брат, вядома ж, мой.
Не вабіць чэрвень сенакосам, Настаў рамантыцы канец. І заадно з гаротным лёсам Ідзе ў нябыт і сам касец.
Не чую больш на лузе звону, Прыходзіць тэхніка да хат. Вось і каса, як серп зублёны, Ужо музейны экспанат.

ВАДАПРАВОД

Жыхарам вёскі Мора

Было калісь тут многа гора І многа ўсякае бяды. І як не дзіўна, тут, у Моры, Быў часты недахоп вады.
І на каромыслах насілі Ваду да хат сваіх здалёк, І трацілі празмерна сілы, Ішлі — быў цяжкі кожны крок.
Жыццё мяняецца няспынна, Аб гэтым нат не сніў народ: Ад студні, што з вадой глыбіннай, Тут правялі вадаправод.
І працавітыя сяляне Прызналі, што ім лепей жыць. Бурчыць вадзіца ў кожным кране, Не трэба вёдрамі насіць.

ТЭЛЕФОНЫ, ТЭЛЕФОНЫ

У вёсцы Мора існуе

пяцьдзесят тэлефонаў

Пасля святла, пасля вады Напоўніліся хаты звонам: Тут працягнулі правады З неспадзяваным тэлефонам.