Што гаварылі, чым ёй кадзіў -
Не варта паўтараці тут,
Але з тых пор, як па загадзе,
Ён спадабаў вясковы кут.
Тады-сяды стаў заглядаці
Ўсё да Натальчыных акон,
Хоць і глядзелі бацька, маці
На гэта коса з першых дзён.
Пасля к сабе яе стаў клікаць.
Яна ішла за ім, як цень,
Аж пачала ўся вёска тыкаць
На дзеўку пальцамі штодзень.
XI
Людская хітрасць даніманнем
Патрапіць шмат зла натварыць,
Калі прыкінецца святляным
Святлом, што праўдаю гарыць.
Душу вам лёстачкамі выйме
І павядзе на павадку
Яе пуцінамі крывымі,
І ўжо не ўскрэснуць бедаку.
З Наталькай выйшла гэтаксама,
Сама к бядзе пайшла сваей,
Звязаўшы дружбай сябе з ямай,
Не дбала свету і людзей.
Забыла ўсе Машэкі ласкі,
Каханне шчырае яго, -
Пад чарам ворагавай казкі
Зраклася мілага свайго.
Не прачувала горкай долі,
Якую лёс людзям нашле;
Раз, як пайшла у двор, дык болей
Яе не ўбачылі ў сяле.
Сваю так сетку распускае
На мух услужлівы павук,
Пакуль не ўваліцца якая
І ўсіх не выведае мук.
XII
Мінула восень, а за ёю
Прыйшла з марозамі зіма.
Машэка жыў з сваёй сям'ёю, -
Не жыў, а блукаўся, як цьма.
Як бы не чуў дакучных кпінак,
Адданы гору і жальбе;
Ўжо ведаў, дзе найшла прыпынак
Яго Наталька для сябе.
Падчас бліжэй к двару падходзіў,
Страшэнна кляў і выгражаў
І страх на стражу ўсю наводзіў,
Якую пан сабе дзяржаў.
Але не меў Машэка сілы
Такой, што сцены б разваліў
Туды, дзе вораг з яго мілай
Пасцель пуховую дзяліў.
Не мог на мак яму змяць косці,
Пракляцце толькі прызываў,
Ад сцен адходзіў з большай злосцю
І штосьці жудкае кнаваў.
З дня ў дзень хмурней ён станавіўся,
Расла ў ім помста, як змяя, -
І сам, як гадзіна, ў ёй віўся,
Ў жыцці не бачачы пуцця.
XIII
Што ёсць на свеце горш ад помсты,
Што знойдзеш ад яе страшней,
Каго не згоніць з сцежкі простай,
Не ўкіне ў цьму, за ноч цямней?
Душу і думы атумане,
Ачэпіць зводным павуццём,
І распасцяжыць уладанне
Над целам, над усім жыццём.
Засела так яна ў Машэкі,
І суладаць з ёю не мог,
Крыві б пусціў, здаецца, рэкі
І ў іх бы з крыўдай сваёй лёг.
Крывёй ці віннай, ці нявіннай
Насмерць упіўся бы з душой,
Другіх губіў бы і сам гінуў,
Абы цярпеў чужы і свой.
У муках страшных дачакаўся
Машэка першых дзён вясны
І з вёскай роднай папрашчаўся,
Уцёк з радзімай стараны.
У пушчу ўцёк, у ёй асеўся,
Змяніўся ўвесь, як ваўкалак,
У скуру воўчую адзеўся
І стаў на жыр выходзіць так.
XIV
Так страшным стала яго імя
На ўсю аколіцу з тых дат
Паміж сваімі і чужымі,
Як страшны імем сваім кат.
З сваёй бярлогі на дарогу
Вылазіў грозны, з булавой,
Як пошасць, сеяў скрозь трывогу,
Загоны росячы крывёй.
Спачатку дань жыццём плацілі
Яму адны багатыры,
Пасля знаходзілі ў магіле
Спачын і вёсак жыхары.
Не памагалі мольбы, чары, -
Крывавы суд тварыў, караў;
Абезгалоўлены ахвяры
З сабою ў пушчы забіраў.
Дарма шукаюць яго схову
Бацькі забітых і сыны,
Адно збірае больш галоваў
Ён з непамернай той вайны.
Штодзень расце Машэка ў славу,
Расце з крывавага жніва,
Бароніць пушча яго справу,
А гімн пяе яму сава.
XV
Ці доўга йшчэ бы гаспадарыў
Ён гаспадаркаю такой,
Крывёй палошчучы папары,
Крывёй гарачаю людской,
Каб не сустрэў сярод дарогі
Адно здарэнне, як той вір,
Калі раз, выбрыўшы з бярлогі,
Йшоў з булавой сваёй на жыр.