Ішоў і ўбачыў, як карэта
Напроць кацілася якраз;
Машэка рады знайдзе гэтай
І не марнуе дарма час.
Мінута. Ўжо стрымаў ён коні,
Як сноп зваліўся ўжо фурман,
Ўжо булавой у дзверцы звоне,
З карэты скочыў к яму пан.
Але не ўспеў і азірнуцца,
Як на зямлі няжыў ляжыць;
Машэка доўбняй замахнуцца
Яшчэ на некага спяшыць...
І дзіва дзіў: рука самлела,
Слязамі вочы залілісь...
Наталька тут яго сядзела
І так глядзела, як калісь!
XVI
Як чалавек ні азвярэе
З якіх там колечы прычын, -
Надойдзе час і азарэе
Яго душа хоць міг адзін.
Чуццё прабудзіцца людское
Дабро у сэрцы ажыве,
І зацвітуць красой святою
Дзіцячы думкі ў галаве.
Чуць толькі ўгледзеў у калясцы
Машэка любую сваю, -
Ў яе ўтануў даўнейшай ласцы,
Ёй пакарыўся без баю.
Бы тую пёрынку птушыну,
Ў сваю бярлогу яе нёс,
З лісточкаў мяккую пярыну
Ёй слаў, і сам у радасць рос.
Быў рад сваёй так доўгай згубе,
Ў нагах з пакораю сядаў,
Як здаўна, песціў і галубіў
І словы чулыя складаў.
А толькі бедную Натальку
Жыццё з ім цешыць не магло,
Як тую грэшную русалку -
Жывыя людзі і святло.
XVII
Спазнаўшы панскія раскошы,
Дзіцё сяла і грамады,
Не мела сіл змагчы ў пустошы
І адзіноцтва, і жуды.
Хоць на Машэку спазірала
Прыхільным поглядам падчас,
А ўсё у думках штось кнавала,
Агонь благі ў вачах не гас.
У думках думала няўпынна,
Як ёй разбойніка згубіць,
Якога не магла нявінна
Ўжо так, як некалі, любіць.
Раз, калі спаў Машэка з ёю,
Зрабіць надумала сваё -
За кроў пралітую крывёю
Яму яго забраць жыццё.
Паціху ўстала, нож агромны
Ўзяла ў яго з-пад галавы
І утапіла ў шыі соннай,
Ды той застаўся йшчэ жывы.
Яна другі раз замахнула
І трэці раз перавяла, -
Яго і жылка не дрыгнула, -
Душа ад цела адышла.
XVIII
Так страшны той разбойнік згінуў,
Што ўмеў любіць і забіваць;
На грэх пусціўся праз дзяўчыну
І мусіў праз яе сканаць.
Яна, сваё зрабіўшы дзела,
Ўжо страхам гнаная нямым,
У вёску родную ляцела
І расказала аб усім.
Прынесла добрыя ўсім весці,
Што ўжо разбойніка няма;
Яе віталі добрай чэсцю,
З усімі цешылась сама.
Вяла з сабой сяло народу,
Дзе спаў Машэка вечным сном,
Куды йшчэ ўчора усе ходы
Былі закрытыя людзём.
Сышлася вёска над Машэкай
Нядаўну бачыці гразу,
І не было там чалавека,
Каб хоць адну пусціў слязу.
Йшлі ад яго к гары вялікай,
Ахвяры дзе яго ляглі, -
Касцей знаходзілі без ліку,
Галоў без ліку там знайшлі.
XIX
Капалі ў пушчы дол глыбокі,
Дно высцілалі у кару,
І насып сыпалі высокі -
Машэку насып, як цару.
А на гары той недалёкай
Хавалі косці у зямлі
Ахвяр, што ад рукі нялёгкай
Без часу на той свет сышлі.
За днямі дні пабеглі шпарка,
Ў няпамяць шоў за годам год,
Мянялась свету гаспадарка,
Жыццё-быццё змяняў народ.
Той насып, дзе ляжаў Машэка,
У мох і дзерава аброс;
Пякла улетку яго спека,
Зімой трашчаў над ім мароз.
Машэкі імем сталі маткі
Пужаць, калышучы, дзяцей,
А кумкі, збегшысь на папрадкі,
Аб ім шаптаць адна аднэй.
Яго высокую магілу -
Дзе лес ды вецер панаваў, -
Знаць, што вялікую меў сілу,
«Магілай Льва» народ назваў.
XX
Над ёю з часам дрэвы палі,
І горад вырас, як з зямлі,
Яго Магілевам назвалі,
Бо йнакш прыдумаць не маглі.
Там, дзе пушчар быў і балота, -
Муры глядзяцца у раку,
Зіяюць вежы пазалотай,
Жыццё кіпіць, як у гаршку.