Пры самым месцы, дзе хаваці
Людцы нябожчыкаў нясуць,
Гару з магілкамі відаці -
Яе Машэкавай завуць.
І ціха, ціха на гары тэй
Чарнеюць пліты і крыжы,
То летнім сонейкам сагрэты,
То ззябшы ўзімку, ў маразы.
Падчас вясной заблудзіць птушка,
Зазвоніць песенькай сваей,
Павесялее спяча душка
Ды ўзноў засне яшчэ мацней.
А пад гарой Дняпровы хвалі
З вясны да восені шумяць
І штось гавораць цёмнай далі,
А што? - нам, грэшным, не паняць!
1913