Выбрать главу

А тым часам далёка ад фермы калекцыянера Марвэла, далёка ад Аўстраліі, Махавы бацькі едуць на лецішча да спадарыні Кадрножкавай, каб забраць дзяцей пасля выходных дадому, яны ўжо здалёк чуюць брэх сабакі і смех, а калі пад'язджаюць бліжэй, не вераць сваім вачам: Мах і Шэбестава гуляюць з Джанатанам, а разам з імі шчаслівая спадарыня Кадрножкава, і ў яе на нагах ейныя ўлюбёныя тапкі; збіты з панталыку спадар Мах пытаецца: «Як такое магчыма, адкуль гэты звер узяўся?» — а спадарыня Кадрножкава не ведае, як усё патлумачыць, яна не хоча выдаваць Маха з Шэбеставай, а таму без усякага сораму хлусіць, што Джанатан прабег палову зямнога шара, каб да яе вярнуцца; спадарыня Махава надзвычай уражаная, яна выцірае хустачкай вочы і кажа: «Гэта проста неверагодна, на што сабака здольны дзеля таго, хто яго любіць», — а пасля яна паварочваецца да Маха і Шэбеставай і кажа: «Вы двое бярыце з яго прыклад».

6. Пра тое, як Мах і Шэбестава пабывалі з Джанатанам у Галівудзе

Калі аднойчы Мах з Шэбеставай засталіся ў спадарыні Кадрножкавай на лецішчы, каб на выходных паплёскацца з Джанатанам у басейне, спадар Бэдрна прыйшоў усталяваць на коміне тэлевізійную антэну, і, прымацоўваючы яе, ён зверху крычаў: «Паслухайце, спадарыня Кадрножкава, ваша страха ў жахлівым стане, з ёй трэба нешта рабіць», — але спадарыня Кадрножкава толькі рукой махнула: «Нічога новага вы мне не сказалі, спадар Бэдрна, я гэта даўно ведаю, але ж дзе на тую страху грошай узяць, вы ж самі ведаеце, колькі яна каштуе», — а затым быў абед, і ўсе елі смажаную бульбу з індыком, якога спадарыня Кадрножкава спякла адмыслова дзеля спадара Бэдрны; Мах з Шэбеставай хацелі даць трохі той смакаты і Джанатану, але спадарыня Кадрножкава сказала, што індыка для сабакі шкада, таму дастаткова і касцей, на што Джанатан прыняў пакрыўджаны выгляд і дэманстратыўна пайшоў плёскацца ў басейн.

Але абед працягваўся, і спадар Бэдрна сказаў: «Спадарыня Кадрножкава, калі б ваш Джанатан умеў гаварыць, ён бы вам на новую страху зарабіў як раз плюнуць: уявіце сабе, на інтэрнэце вісіць абвестка, што адна кінакампанія ў Галівудзе прапаноўвае процьму грошай за сабаку, які б здолеў іграць у кіно і пры гэтым размаўляць па-ангельску», — а калі спадарыня Кадрножкава падзівілася, што гэта за бязглуздзіца, спадар Бэдрна пачаў распавядаць, што гэта мае быць небывалая кінасенсацыя, што галоўны герой — нейкі сабака Арнольд, які закахаўся ў сабачую дзяўчыну Джулію, што той сабака іграў Джуліі на гітары і спяваў ёй песні датуль, пакуль яна ў яго не закахалася, яны ўжо нават хацелі пабрацца, але тут Джулію выкралі гангстары і схавалі яе высока ў гарах, аднак Арнольд узлез на тую гару, пару тых гангстараў застрэліў, а потым яны з Джуліяй уцяклі адтуль на шрубалёце; спадарыня Кадрножкава ўрэшце сказала: «Зноў зробяць кіно, якое глядзець немагчыма, гэта ж жах, што за гідоцце здымаюць у той Амерыцы», — і пайшла ў кухню па дэсерт, а Мах з Шэбеставай пераглянуліся, і калі яны засталіся адны, Мах сказаў: «Паслухай, Шэбестава, у мяне выдатная ідэя», — а Шэбестава сказала: «Мах, ты будзеш здзіўлены, але ў мяне таксама», — і яны ўсё абмеркавалі і пагадзіліся, што з дапамогай слухаўкі Джанатан з той роляй, магчыма, справіцца, ва ўсякім разе паспрабаваць, безумоўна, варта, і яны дамовіліся, што ўвечары абавязкова злётаюць з ім у Галівуд.

А потым у іх са слухаўкай была досыць працяглая размова, яны ёй сказалі, што гэтым разам у іх вельмі складанае жаданне, што Джанатан павінен будзе не толькі ўмець гаварыць, прычым як па-чэшску, так і па-ангельску, але таксама іграць на гітары, спяваць, страляць і нават кіраваць шрубалётам, але слухаўка сказала: «Чаму ж не», — і паабяцала, што зробіць усё як трэба.

І сапраўды, у той момант Джанатан загаварыў, як па-чэшску, так і па-ангельску, затым ён паспрабаваў заспяваць, і атрымалася вельмі няблага, але калі Шэбестава пачала яму тлумачыць, у чым, уласна кажучы, справа, ён прыняў знуджаны выгляд і абвясціў, што нейкія здымкі ў Галівудзе яго зусім не цікавяць, а на выходных ён хоча плёскацца ў басейне, аднак пасля таго, як Мах з Шэбеставай з паўгадзіны яго пераконвалі, ён сказаў: «Ну добра», — але за гэта, маўляў, ён хоча печанага індыка з бульбай, а не нейкія там косці ці шыю, прычым індыка абавязкова цэлага і толькі для сябе, і Мах з Шэбеставай яму гэта ўрачыста паабяцалі, потым яны пачакалі, пакуль спадарыня Кадрножкава даглядзіць тэлевізійны серыял і засне, знялі са сцяны гітару, якая там вісела проста як аздоба, і зніклі.