У Галівудзе была раніца, сонейка свяціла, як свеціць там заўжды, Мах і Шэбестава азіраліся вакол, горад ім падабаўся, хіба што яны не ведалі, да каго звярнуцца, але падумалі: «Нехта нас ды заўважыць», — і селі на ходнік, а Джанатан стаў на заднія лапы і пачаў іграць на гітары і спяваць па-ангельску «Жоўтую падводную лодку»; праз хвілю вакол іх утварыўся сапраўдны натоўп, людзі крычалі: «Не можа быць, гэты сабака сапраўды спявае», — і кідалі Джанатану пад ногі грошы, але раптам да іх пад'ехала машына, з яе выйшаў невысокі лысы чалавек, сказаў, што яго зваць Біл Барнэс і што ён будзе іхнім агентам, затым параіў Шэбеставай сабраць тую кучу грошай, што ляжала на ходніку, пасадзіў дзяцей з сабакам у машыну, і ў імгненне вока яны паўсталі перад двума спадарамі, якія збіраліся здымаць фільм пра закаханых сабак, адзін з тых спадароў быў вельмі тоўсты — гэта быў прадусар, другі, наадварот, хударлявы — гэта быў рэжысёр, і Біл Барнэс сказаў ім: «Так, спадарства, вось вам сабака, якога вы шукаеце, ён умее гаварыць, умее спяваць, увогуле ўмее ўсё, што вам трэба, і калі вы прымеце мае фінансавыя ўмовы, ён будзе ў вашым поўным распараджэнні», — тыя спадары пацерлі сабе рукі і сказалі: «Цудоўна, бяром», — і зараз жа патэлефанавалі той сабачай дзяўчыне, якая мелася іграць Джулію, але ж у тое імгненне азваўся Джанатан і сказаў: «Адзін момант, шаноўныя, пакуль я не атрымаю смажанай бульбы, а да яе цэлага печанага індыка, іграць не буду», — і Мах з Шэбеставай мусілі тым людзям расказаць, што паабяцалі Джанатану дома, той тоўсты прадусар, на шчасце, толькі пасмяяўся, сказаўшы: «Няма праблемаў», і паслаў у найбліжэйшы рэстаран па печанага індыка з бульбай; Мах і Шэбестава пажадалі Джанатану смачна есці, і ён узяўся за тую смакату з вялікім энтузіязмам, старанна ўмінаў белае мяса, соп і аблізваўся ажно за вушыма, а калі таго індыка злопаў, сказаў, што гэта было цудоўна, бо здзейснілася ягоная мара, а Мах адказаў: «Цані гэта, сябра, наўрад ці калі паўторыцца нешта падобнае».
А між тым паўсюль ужо панаваў неапісальны хаос: шукалі актораў, якія мусілі іграць гангстараў, шукалі шрубалёт, у студыі ўсталёўвалі штучную скалу, па якой меў лезці Арнольд, каб вызваліць з палону Джулію, да Джанатана прыйшлі два інструктары, каб навучыць яго страляць з аўтамата і кіраваць шрубалётам; Джанатан з усім спраўляўся на выдатна, таму рэжысёр, які пры гэтым прысутнічаў, яго пахваліў і сказаў яму, што ў яго надзвычайны талент, а фільм гэты зробіцца хітом, якіх яшчэ не бывала, і ўсе атрымаюць па Оскару; затым рэжысёр пляснуў у далоні і сказаў: «Так, пачынаем», — пасля чаго камеру і пражэктары падвезлі да штучнай скалы, Джанатан атрымаў загад лезці наверх, спачатку проста так, дзеля спробы, а калі ў яго ўсё атрымалася проста цудоўна і аператар быў задаволены, рэжысёр сказаў: «Камера гатовая, цішыня, калі ласка, пачынаем па-сапраўднаму».
Але якраз у той момант усё вельмі прыкра ўскладнілася, бо перад студыяй спынілася машына, з яе выйшла дама, абвешаная рознымі бразготкамі, за ёй выскачыў белы пудзель з вялізным ружовым бантам, а за ім — два целаахоўнікі, якія з таго пудзеля не зводзілі вачэй; высветлілася, што гэта тая сабачая дзяўчына, якая мае іграць Джулію; насамрэч яе звалі Элеанора, у яе была падкручаная поўсць і налакаваныя кіпці, а салодкую парфуму ад яе было чуваць метраў за дзесяць, і яшчэ яна была неверагодна напышлівая; рэжысёр падвёў да яе Джанатана, каб яны пазнаёміліся, але тая Элеанора нават не падала яму лапкі, наадварот, яна сказала: «Фу, гэты сабака смярдзіць», — і нос прыкрыла насоўкай; гэта, вядома, была бязглуздзіца: Джанатан не мог смярдзець, бо ўсю суботу купаўся ў басейне; вядома ж, ён пакрыўдзіўся, адвёў Маха з Шэбеставай убок і сказаў ім, што з гэтай напышлівай цацай ні ў якім фільме здымацца не будзе і што зараз жа хоча дадому, а рэжысёр выпадкова гэта пачуў, ён пачаў рваць на сабе валасы і ламаць рукі, а потым маланкай пабег да спадара Барнэса і тоўстага прадусара, і яны ўсе разам пачалі ўпрошваць Джанатана дзеля бога апамятацца і не губіць фільм, які будзе сусветнай сенсацыяй; тоўсты прадусар перад Джанатанам нават укленчыў і сказаў, што ён гатовы выканаць любое ягонае жаданне, што заўгодна на свеце, пасля чаго Джанатан задумаўся і сказаў: «Ну добра, я здымуся з гэтай надушанай цыпай, але найперш хачу яшчэ аднаго цэлага індыка з бульбай».