І ўсе трое мужчын ускочылі і самі пабеглі ў рэстаран па наступнага індыка, толькі Мах з Шэбеставай засталіся з Джанатанам, яны выглядалі заклапочанымі і казалі: «Дзеля бога, Джанатан, табе будзе блага, такое пераяданне страшэнна нездаровае», — але Джанатан адно махнуў лапай: «Здаровае-нездаровае, такая нагода з'есці двух індыкоў зараз мне ў жыцці больш не выпадзе», — і калі потым другога індыка паставілі перад ім, ён узяўся за яго з надзвычайным запалам, чвякаў і крактаў, вочы ў яго лезлі з арбітаў, а рэжысёр над ім стаяў і казаў: «Джанатан, паспяшайся, вось-вось надыдзе вечар, а мне б сёння хацелася яшчэ сёе-тое зняць», — і калі Джанатан зморана адпаў ад талеркі, той зноўку адвёў яго да скалы, але ж Джанатан пралез ледзьве метр, упаў уніз, як мех з бульбай, і больш не падняўся, ён соп, як паравоз, сказаў, што гадзінку падрэмле, заплюшчыў вочы і захроп, а няшчасны рэжысёр зразумеў, што зараз з Джанатана ўжо толку не будзе, таму прыкрыў яго плашчом і сказаў: «Спадарства, абвяшчаецца перапынак, праз гадзіну працягнем».
Але ж ужо сапраўды быў вечар, Мах зірнуў на гадзіннік і сказаў: «Шэбестава, нам ужо час вяртацца, у нас вось-вось будзе раніца, спадарыня Кадрножкава прачнецца, не знойдзе нас і будзе бяда», — на што Шэбестава адказала: «Шкада, што тут усё давядзецца кінуць, але нічога не зробіш, добра яшчэ, што Джанатан зарабіў прыстойныя грошы сваімі спевамі на вуліцы», — і яны папрасілі слухаўку вярнуць іх назад, таму, калі рэжысёр праз гадзіну падняў свой плашч, Джанатана пад ім ужо не было.
А на лецішчы была цудоўная нядзельная раніца, спадарыня Кадрножкава якраз прачнулася, на тумбачцы ляжала куча грошай, каля ложка стаялі Мах, Шэбестава і Джанатан з надзьмутым жыватом, спадарыня Кадрножкава паказала на тыя грошы і спытала: «Што гэта значыць, адкуль тут гэтыя грошы?» — але Мах з Шэбеставай толькі ўсміхаліся і паціскалі плячыма, хіба Джанатан хацеў пра ўсё распавесці і сказаць спадарыні Кадрножкавай, што гэта грошы на новую страху, але тут небарака зразумеў, што зноў развучыўся гаварыць.
7. Пра тое, як Мах і Шэбестава паплавалі ў моры ля Гавайскіх выспаў
Аднойчы перад Калядамі Мах з Шэбеставай прыйшлі ў школу ў апошні момант, селі за парту якраз са званком, але настаўніцы ўсё не было і не было, Горачак з Пажоўтам, вядома ж, бегалі па класе і галёкалі, як павіяны, а Чармакава на іх крычала, каб селі лепш паўтарыць арыфметыку з граматыкай, бо ім за паўгоддзе будуць калы, але Горачак паказаў ёй язык, маўляў, клапаціся пра сябе, і сказаў, што на арыфметыку яму пляваць, затое ён ведае напамяць усе песні гурта «Шалёныя алігатары», чаго не ведае нават настаўніца, і адразу ж узлез на парту, замахаў сшыткам з песнямі і заспяваў:
і толькі ён гэта даспяваў, як у клас увайшоў спадар дырэктар і сказаў: «Горачак, злезь з парты, інакш я з табой разбяруся», — а потым паведаміў вучням, што настаўніцу ўначы адвезлі ў больніцу, бо з ёй здарыўся нервовы прыступ, таму ён пару дзён павучыць іх замест яе, а калі Кропачак здзіўлена спытаў, чаму ў настаўніцы здарыўся нервовы прыступ, спадар дырэктар сказаў: «Дзеці, сталася жахлівая рэч: брат вашай настаўніцы, інжынер Арышак, які працаваў вынаходнікам у Амерыцы, учора патануў пры крушэнні карабля, на якім вёз сакваяж са сваёй вынаходкай у спецыяльную лабараторыю ў Аўстраліі; я ведаў яго асабіста, гэта быў асаблівы чалавек, ён паўсюль насіў свой смешны сакваяж, на якім былі намаляваныя зайчыкі; дык вось, тое няшчасце здарылася ля Гавайскіх выспаў», — а Трэйбалава адразу ж падняла руку, каб сказаць, што гэта выспы ў Ціхім акіяне, і знаходзяцца яны ў рэгіёне, які называецца Палінэзіяй, а спадар дырэктар сказаў: «Слушна», — і працягваў, што вынаходка інжынера Арышка мела велізарнае значэнне і магла зрабіць поўны пераварот у сістэме адукацыі па ўсім свеце, што іх настаўніца якраз нядаўна распавядала пра гэта сваш калегам і казала, што гэтая вынаходка — не што іншае, як апарат з сямю правадкамі, які проста надзяваецца на галаву, як шапка, а правадкі ўстаўляюцца ў падручнікі арыфметыкі, граматыкі, гісторыі, прыродазнаўства, геаграфіі, фізікі і хіміі, затым націскаецца кнопка, чуецца «бззз» — і пасля такога сеанса чалавек можа ісці здаваць іспыты хоць за ўвесь курс сярэдняй школы, нават калі да таго ён быў поўны ёлупень, як, напрыклад, Горачак ці Пажоўт.