Дадому Алесь ехаў адзін: Кібрык пайшоў некаму званіць па тэлефоне.
У аўтобусе ў такі позні час было пуставата. Алесь прыстроіўся на бакавым сядзенні побач з печкай, угрэўся і павесялеў, адчуваючы, што разам з цяплом да яго вяртаецца і нешта іншае, не менш прыемнае. Віно яшчэ крыху кружыла галаву, але думкі былі ўжо чыстыя, як веснавое паветра.
Калі раніцай на заводзе Алесь сустрэў Ніну, ён шчыра ўзрадаваўся.
VII
Ніна сама прыйшла на Алесеў участак.
Змена скончылася, а тут работа ішла яшчэ поўным ходам. Хлопцы спяшаліся давесці Сямёнаву задуму да ладу, каб ужо з наступнага дня можна было апрацоўваць валы, сумясціўшы аперацыі. Алесь быў, канечне, з імі. Ён сядзеў за сталом, над якім схіліліся хлопцы ўсёй брыгады. Каб паглядзець, што яны робяць, Ніна аж узлезла на нейкую скрыню. Ускудлачаны Алесь нешта хутка пісаў на лісце паперы, а астатнія ўважліва сачылі за кончыкам алоўка.
Ніна глядзела на Алеся, пазнаючы ў стомленых, пачырванелых вачах колішнюю радасць ад сустрэчы.
— Ты якраз прыйшла,— падхапіўся Алесь.— Мы тут зусім заблыталіся ў разліках.
— Дайце, дайце,— працягнула НІна руку,— можа я памагу.
Алесь паспешліва падаў паперку.
Падышла Зіна і села ўбаку на скрыню. Сямён пачырванеў ад задавальнення, а Пракоп спачувальна ўздыхнуў.
Ніна ўсё яшчэ трымала ў руках паперку.
— Хлопцы, я знайшла памылку ў разліках,— сказала раптам яна.
Усе зашумелі.
— Цяпер усё добра, віншую вас, Дзікун! — Ніна сказала гэта з такой шчырасцю, што Сямён аж сумеўся.
— То ж мы разам...— пачаў быў ён.
— Хопіць ужо скромнічаць,— Пракоп насунуў яму кепку на вочы,— усе ведаюць, што ты — гэта наша брыгадная галава.
— Во, Булай не верыў! — не пераставаў дзівіцца Алег.— Можна ж было яшчэ ў тым месяцы...
— Бадай што так,— згадзіўся Пракоп.— Надоечы быў я на складзе. Там нарыхтовак — напэўна, на месяц усяму цэху хопіць.
— А мы адной брыгадай корпаліся,— падхапіў думку Алег.
— Хіба астатнія сядзелі склаўшы рукі? Булай жа за ўвесь цэх хварэе. Думаеце, вы ў яго першыя на жыцці рацыяналізатары? Ён жа...
— Як кажуць, сабаку на рацыяналізатарах з'еў,— падхапіў Алег.
— Эх вы! — Ніна не папракала, хутчэй разважала.— Няўрымслівасць — зайздросная рыса характару. Але толькі тады, калі не вядзе да рызыкі.
Алесь не браў удзелу ў гаворцы. Ён быў задаволены. Ён быў згодзен і з Нінай, і з Сямёнам, і, бадай, з Булаём, і можа яшчэ з кім там, каб той аб’явіўся.
Пачалі разыходзіцца. Алесь пайшоў з Нінай.
— Пойдзем пешшу,— прапанаваў Алесь,— хаця б да наступнага прыпынку..
Мінулі адзін прыпынак, другі. Іх абагнаў аўтобус, абдаўшы сінім горкім дымам. Яны весела памахалі яму ўслед. Ніна ўспамінала розныя смешныя студэнцкія гісторыі, жартавала. Алесь шчасліва пасміхаўся.
— Ведаеце,— Ніне надакучылі ягоныя маўклівыя ўсмешкі,— у нас быў студэнт. Ідзе неяк побач — ні слова. Спытала, а ён, аказваецца, у гэты час падлічвае, колькі вокан свеціцца. А вы над якой праблемай задумаліся?
— Лічу, колькі прыпынкаў прайшлі.
Ззаду засігналіў аўтобус, патрабуючы дарогі.
— Бяжым,— Ніна ўхапіла Алеся за руку. Ускочыла ў аўтобус, памахала Алесю.
Алесь яшчэ доўга стаяў, пазіраючы, як удалечыні памігвае чырвоны агеньчык аўтобуса, што павёз Ніну. Ён не адчуваў болю ад ростані. Яны заўтра сустрэнуцца зноў. А сёння ён будзе думаць толькі пра яе, пра Ніну.
VIII
Пасля сцюдзёнай, лютай зімы прыйшла вясна, ачысціла ад снегу і лёду дахі і тратуары, пачарніла дарогі. Стаялі сонечныя, ласкавыя дні. Ажывала ўсё навокал.
Другі раз Алесь абавязкова знайшоў бы прычыны, каб адмовіцца і не ўдзельнічаць у нарадзе, якую праводзіў дырэктар. Шматлікія пасяджэнні выклікалі ў яго раздражненне. Думалася, і часта не без падставы, што справы можна вырашаць без гэтых занадта працяглых размоў, пасля якіх часам ужо і працаваць не хочацца. Але зараз і нарады здаваліся ўжо не такімі страшнымі, праходзілі неяк ажыўлена, дзелавіта. I ён не адмовіўся, пайшоў нават з задавальненнем, бо, заняты работай, мала сустракаўся са сваімі калегамі з іншых цэхаў.