Выбрать главу

У калідоры і прыёмным пакоі перад вялікім дырэктарскім кабінетам было людна. Чакалі, калі сакратар аб’явіць, што можна заходзіць, а пакуль, разбіўшыся на групкі, размаўлялі.

Алесь спыніўся ў самым пачатку калідора, выбіраючы, да каго б прымкнуць, і шкадуючы, што ніхто з блізкіх сябрукоў яшчэ не прыйшоў. Ён павольна рушыў да дзвярэй, міжволі прыслухоўваючыся да размоў. Раптам, зацікавіўшыся, спыніўся. Гаварылі двое незнаёмых.

— Мастак Булай. Чулі? Начальству ініцыятыўку збіраецца падкінуць. Своечасова,— сказаў адзін.

— Хапае каня за грыву? — спытаў другі.— Учэпісты...

Падслухоўваць было няёмка. Алесь адышоў, губляючыся ў здагадках: чаму яны так гавораць пра Булая. На шчасце, паявіўся Кібрык. Алесь сказаў яму пра падслуханую размову.

— Пхэ!..— Кібрык нібы здзіўляўся, што Алесь не ведае такой дробязі.— Я лічыў цябе асобай, прыбліжанай да імператара. А ты, аказваецца, разява. Няўжо-такі Булай нічога не гаварыў?

— Не гавары загадкамі,— аж узлаваўся Алесь.— Можна падумаць, што тут справа нячыстая.

— Лічы як хочаш. Толькі спачатку набярыся цярпення і выслухай. Булай выступае з ініцыятывай, якая нарадзілася ў нетрах вашага цэха.

— Першы раз чую,— не паверыў Алесь.

— Цішэй ты, раптам хто пачуе... Ты ж кампраметуеш свайго начальніка. Булай сёння аб’явіць, што сакавіцкі план цэх выканае на сто дваццаць працэнтаў. Гэта адно. А па-другое, Ніна Ганакова абвяла цябе вакол пальца. Сёння яна выступае з заклікам, каб кожны інжынер меў план асабістага ўдзелу ў асваенні новай прадукцыі. Гэта, кажуць, яна пасля таго, як памагла Дзікуну, прыдумала.

«Мне ані слова,— прыкра падумаў Алесь,— а Кібрыку сказала».

— Я думаў, што-небудзь іншае. Не разумею, навошта звон...

— Ініцыятыва, дзівак. Цяпер многія інжынеры на вытворчасці будуць мець падобныя планы і займацца імі ў нерабочы час, так сказаць, на грамадскіх пачатках. Нават, калі частка іх планаў ажыццёвіцца, то якая выгада цэху, заводу. Кумекаеш? За гэта Булаю шмат якія грахі даруюць.

— Грахі?

— Адзін бог бязгрэшны, але і таго няма,— Кібрык не захацеў гаварыць больш. Яго паклікаў нехта, і ён пайшоў, памахаўшы Алесю рукой.

...Слухаючы выступленне Булая, Алесь падумаў, што да яго, часам, несправядліва ставяцца. Вось як тыя два ў калідоры, як, нават, Кібрык. Булай гаварыў упэўнена, натхнёна, пераканаўча. Расказаў пра пачын Ганаковай, аб прапанове Дзікуна, давёў, якія перавагі атрымае цэх, калі будзе ўкаранёна тое, што задумана.

— Гэта справа некалькіх бліжэйшых дзён,— урачыста абвясціў пад канец выступлення Булай.

Яму не апладзіравалі толькі таму, што на вытворчых нарадах не было такога звычаю. Але нібы хваля пракацілася па дырэктарскім кабінеце.

У перапынку Булай знайшоў Алеся, пацікавіўся, што думае ён пра нараду. Алесь шчыра сказаў, што ў захапленні, і пашкадаваў, што раней не ведаў пра гэтыя планы.

— Прызнайся,— Булай не хаваў сваёй радасці ад таго, што ўдала выступіў, быў гаваркім, уважлівым,— крыўдуеш на Ганакову? Я сачыў за табой. Выгляд у цябе быў, нібы чаго гарачага ўхапіў, ні праглынуць, ні выплюнуць. Я, грэшны, быў падумаў, што ты незадаволены.

— Што вы, Васіль Міхайлавіч! Хіба можна. Гэта ж слава ўсяму нашаму цэху.

Ні Кібрык, ні тыя двое, размову якіх Алесь нечакана падслухаў, не памыліліся. Пасля перапынку крытыка неяк сама сабой пайшла міма механічнага цэха. Булая папракалі, але злёгку, а больш хвалілі. За смеласць, за ўменне разгледзець новае, своечасова падхапіць, выпеставаць. Тон задаў дырэктар.

У гэты дзень Алесю яшчэ раз давялося слухаць выступленне Булая. Паміж дзвюма зменамі Булай загадаў сабрацца на кароткі мітынг. Ён расказваў рабочым цэха аб нарадзе. Нават Алесю падумалася, што, менавіта, так усё і было. А Булай, паўтарыўшы абавязацельствы, якія ўзяў ад імя цэха, раптам абрушыўся на скептыкаў і малавераў, што не адчуваюць сілы калектыву, не хочуць лішніх клопатаў, збіраючыся і надалей спаць у шапку.

— А яны ў нас ёсць? — спытаў Алесь у Пракопа.

— Новае нараджаецца ў барацьбе са старым — любімы тэзіс Булая,— шапнуў Пракоп у адказ.— На шляху пачыну ён заўсёды бачыць перашкоды.

Пад канец мітынгу прынеслі шматтыражку. Газетчыкі, як і мае быць, яшчэ напярэдадні аб усім даведаліся і паспелі выпусціць спецыяльны нумар. На першай старонцы было фота Булая і Ганаковай з кароткім подпісам: «Нараджэнне пачыну». Астатняе расказваў артыкул.

Алесь паглядзеў на Ніну. Яна стаяла блізка ад імправізаванай трыбуны, расчырванелая, усхваляваная. Нехта падаў ёй газету. Ніна зірнула, расцвіла.