Выбрать главу

— Я табе кіну,— пагразіла Ніна пальцам Кібрыку.

Што было рабіць Алесю? Чакаць, пакуль вернецца Ніна? Яна можа і не вернецца, бо ўпэўнена, што яго крыўда скора развеецца. Вунь як сказала Кібрыку, калі той параіў кінуць! Не, ён ужо не можа яе кінуць, бо тады не застанецца нават надзеі. Алесь павольна пайшоў па краі залы, стараючыся адшукаць вачамі Ніну і Петруся.

— Я памагу вам, Алесь Мікалаевіч! — Ён азірнуўся. Зіна стаяла строгая і насмешлівая.

Алесь сумна паківаў галавой.

— Пойдзем, я люблю вальс,— запрашала Зіна.— Ды не бойцеся. Я ж хутка замуж выйду.

Дзяўчына была непадобная на ранейшую гарэзніцу. У вачах ужо не скакалі смяшынкі, якіх пабойваўся некалі Алесь. Вочы цяпер быццам пабольшалі, ім прыдалося журбы. Яны глядзелі ўважліва, дапытліва, са спачуваннем, нібы ўбачылі нешта такое, што невядома астатнім.

Адмовіцца было нельга. Алесь проста сказаў:

— Вальс, бадай, адзінае, што я ўмею.

Танцавала Зіна лёгка, папярэджваючы кожны рух партнёра. Яна, здавалася, зусім не заўважала тых, хто кружыўся побач, Яна, здавалася, не бачыла і Алеся, аддаўшыся ва ўладу чароўнай музыкі вальса.

— Пра што вы думаеце, Алесь Мікалаевіч?

— Не ведаю. Музыка...

— I я люблю вальс,— Зіна падалася бліжэй, каб Алесь чуў, што яна гаворыць.— Пад яго гукі можна думаць і не думаць, праўда?

— А пра што вы думаеце? — не ўтрымаўся Алесь.

— Пра тое ж, пра што і вы,— сказала Зіна і сумна ўсміхнулася.— Ну, здаецца, натанцаваліся. Дзякуй, не праводзьце. Я сама.

Яна пакінула Алеся, адышла.

Паявілася Ніна. Яна не адыходзіла больш ад Алеся, была ўважлівая і ласкавая. Зноў, як некалькі дзён раней, яны пешшу ішлі да Нінінага дома.

— Нарэшце, Саша,— сустрэла яго Ганна Сцяпанаўна,— я дык вас прачакалася.

— Што ты, мама, ён з-за цябе толькі і ходзіць да нас. На мяне дык і глядзець не хоча,— жартуючы, гаварыла Ніна, распраналася і папраўляла перад люстэркам прычоску.— Але, мама, мы яго нікому не аддадзім, — Ніна адабрала ў Алеея шапку, сцягнула паліто. Яна верыла зараз у тое, што гаварыла.— Праўда, мама?

Алесь быў шчаслівы.

XII

Была сярэдзіна красавіка, шырылася перадсвяточнае спаборніцтва. Механічны цэх узяў самыя высокія абавязацельствы. Булай пры выпадку падкрэсліваў:

— Мы авангард завода! На нас раўняюцца!

У «маланках» штодня адзначаліся лепшыя брыгады, паведамляліся імёны перадавікоў.

У апошнія дні Алесь неяк мала аддаваў увагі справам у цэху. Ніна была з ім, і яму, здавалася, нічога іншага не трэба было. Узбуджаны тон Булаёвых выступленняў на аператыўках, гучныя плакаты, што віселі ў пралётах, усё сведчыла, што справы ідуць добра. Алесь пазбыўся сваіх нядаўніх трывожных сумненняў. I раптам рэпліка, якую ён пачуў, калі разам з групай рабочых стаяў ля новага выпуску «маланкі». Слесар з суседняга ўчастка гаварыў: «Душу мне пячэ гэта паперка. Паўтары нормы даў, размалявалі, распісалі. А мне сорамна людзям у вочы глядзець. Я ж пазалеташняе кляймо з новай датай стаўлю».

Алесь нібы прачнуўся. Успомніліся гарачыя размовы з Пракопам, гутарка з Паўлаўцом. Ён адчуў сябе вінаватым перад хлопцамі.

Упершыню за ўвесь час сяброўства расказаў ён Ніне аб сваіх колішніх і сённяшніх неспакойных думках. Раней ён не адважваўся надакучаць ёй сваімі клопатамі.

— Дакуль мы будзем выязджаць на старой наменклатуры? — пытаўся Алесь.

Яны сядзелі ў Ніны дома, глядзелі тэлевізар.

— А нам што? План ёсць план.

— Нават заганны? — Алеся ўжо зусім не цікавіла перадача. — Нават зроблены з дапамогай Кібрыка?

— На новай марцы мы завалімся. Хіба ты не разумееш?

— Затое чэсна скажам: зрабілі, што ўмеем.

— Добры ты сябар Васілю Міхайлавічу, аднак. Яго і без цябе клюе начальства. Давай лепш глядзець тэлевізар.

— Саша праўду кажа,— Ганна Сцяпанаўна сабрала рукой крошкі з абруса, перасела на мяккае крэсла, адкуль было зручней глядзець. — Па-мойму, раз новае — значыць лепшае.

— Мама, ты нічога не разумееш. Алесь злуе на Петруся, а хоча падкапацца пад Булая. Ведаем мы такую прынцыповасць.

Гэта было несправядліва, і Алесь пакрыўдзіўся. Часта, вельмі часта хацелася параіцца з блізкім чалавекам, высветліць што-кольвек незразумелае, унесці яснасць у пытанне, якое раптам усхвалявала. Хіба Ніна не была яму такім блізкім, нават самым блізкім чалавекам? Дык чаму яна не хоча яго зразумець? Не дачакаўшыся канца перадачы, Алесь падняўся.

Праводзіла яго Ганна Сцяпанаўна.

Вярнуўшыся ў пакой, Ганна Сцяпанаўна зірнула ў акно — недалёка ад іх дому быў аўтобусны прыпынак. Адзінокая постаць паныла тырчала на прыпынку.

— Ніна, — сказала маці, — ён можа не вярнуцца...