— Будзем рамантаваць!
Пракоп з адабрэннем паглядзеў на майстра і сам пабег па слесараў.
XIII
Зазвінеў тэлефон. Булай любіў позна заседжвацца ў сваім кабінеце, хоць пільнай патрэбы ў гэтым не было. Але ён не даваў волі сваім падначаленым, усё стараўся вырашыць сам. Пачаўшы працаваць начальнікам цэха тады, калі не было ні добрых спецыялістаў, ні патрэбных умоў для працы і калі яго прысутнасць усюды сапраўды была не лішняй, Булай ніяк не мог звыкнуцца з новымі ўмовамі. Ён сумаваў па тым часе, калі мог камандаваць на поўную сілу, калі ніхто не адважваўся пярэчыць яму.
Тэлефон напомніў аб сабе зноў. Гаварыла Ганакова. Голас у яе быў усхваляваны, але Булай хутчэй зацікавіўся, чым устрывожыўся. Нічога незвычайнага ён не чакаў.
— Участак Баравіка не дацягнуў пяць працэнтаў,— паведаміла яна.
Ніна нядаўна прыняла бюро тэхнічнага кантролю, яшчэ не зусім звыклася са сваёй новай пасадай і таму з раніцы да вечара не пакідала работы. Яе служба першая заўважыла, што заданне на ўчастку Алеся не выканана, і яна, не дазнаўшыся прычыны, пачала біць трывогу.
— Дзякую,— адказаў Булай,— зараз высветлю.
Ён выклікаў зменнага інжынера. Той сказаў, што рамантавалі балансіровачны станок.
— Спраўны? — спытаў Булай.
— Працуе ўжо,— адказаў інжынер,— малайчына Баравік. Станок ледзь дацягнуў бы да канца змены, тады нам давялося б сесці ў лужыну. Зусім завалілі б заданне...
— Ацэнкі — гэта мая справа,— не зусім ветліва абарваў яго Булай.— Разбяромся...— і пазваніў сакратарцы.
— Дзе Баравік?
Жанчына здзівілася:
— Напэўна даўно дома, работа ж калі скончылася...
— Паклікаць!
Алесь з’явіўся прыкладна праз паўгадзіны.
— Што здарылася, Васіль Міхайлавіч?
Булай не адказаў, а спытаў у сваю чаргу:
— Вы што збіраліся рабіць?
Зварот на «вы», нязвыклы афіцыйны тон... Было ад чаго разгубіцца.
— Думаў спаць класціся,— не адразу адказаў Алесь.
— I як сон? Нармальны?
— Не скарджуся.
— О-о, тады можаце ісці. Дабранач!
Алесь пастаяў-пастаяў, паглядзеў на Булая, які ўтаропіўся ў свае паперкі, адказаў: «Дабранач» і выйшаў з кабінета. Толькі ад сакратаркі даведаўся, што было прычынай гэтага незвычайнага выкліку. Хацеў быў вярнуцца да начальніка цэха, але сакратарка супакоіла:
— Вы не хвалюйцеся. Зменны інжынер усё растлумачыў.
А раніцай на дошцы аб’яў вісела свёжая «маланка» з малюнкам: на станку, зручна ўлёгшыся, падклаўшы пад галаву абавязацельства, спаў майстар участка Баравік.
Аператыўка пачалася інакш, чым заўсёды. Не даючы слова начальнікам участкаў, майстрам, інжынерам, загаварыў сам Булай.
— Таварышы, учора адбылася незвычайная падзея. Участак майстра Баравіка не выкайаў задання.
Аб гэтай падзеі чулі многія, ведалі і прычыну, таму людзі зашумелі.
— Фармальна Баравік зрабіў правільна,— падняў руку Булай.— Добра, добра, я за гэта не абвінавачваю яго,— узвысіў ён голас, бо ў кабінеце незадаволена зашапталіся.— Мяне ўразіла,— не, абурыла! — іншае. Пазваніла мне Ганакова, дзякуй ёй за пільнасць, і сказала, што ўчастак Баравіка не выканаў задання. Ну, думаю, чалавек перажывае, непакоіцца, трэба яго падтрымаць, абнадзеіць. Шукаю — няма ў цэху. Нарэшце, знайшоў. А ён, аказваецца, спаць збіраецца. Спакойна спаць...— голас Булая вібрыраваў на самых высокіх нотах.— Я пытаюся ў вас, як можа кіраўнік так абыякава ставіцца да сваіх абавязкаў? Гэта можна растлумачыць толькі так: Баравік яшчэ не дарос да пасады майстра.
Булай аддыхаўся, ацэньваючы, якое ўражанне зрабіла гэтае паведамленне. Нешта, відаць, яму не спадабалася, і ён паспяшаўся сказаць больш спакойна, разважліва, з лёгкай усмешкай:
— Прашу правільна зразумець. Мы не можам адстаць у першамайскім спаборніцтве. Таму хай кожны хварэе за план. Плану і толькі плану мы павінны падпарадкаваць усё. Зробім — тады будзем спаць. А цяпер прашу выказацца па сутнасці бягучых спраў.
Нарада закончылася хутка, апраўдаўшы на гэты раз сваю назву — «аператыўка». Булай застаўся адзін. Паспрабаваў быў заняцца новым графікам, на які хацеў перавесці цэх у наступным месяцы, і не мог. Усё часцей прыходзіла адчуванне, што няма кантакту з калектывам, што не ён трымае калектыў, як гэта было калісьці, у сваіх руках, а калектыў навязвае яму сваю волю. А тут яшчэ непрыемная чутка, што дырэкцыя мае намер падзяліць цэх на два паралельныя. Хіба гэта прыемна? Адно — кіраваць самым буйным цэхам на прадпрыемстве, другое — удвая меншым, прыраўняўшыся да іншых начальнікаў цэхаў. А раптам адпасынкаваны цэх стане перадавым?..