Выбрать главу

Гэтага Булай не мог дапусціць. Трэба было нешта прыдумаць, каб быць першым на заводзе. Раней ён над такімі пытаннямі доўга не думаў. Ледзь толькі над ім навісала небяспека, як ён падаваў ідэю. Яму давалі магчымасць яе ажыццявіць, забываліся на мінулае. Бо, як вядома, пераможцаў калі і судзяць, то не вельмі строга. Але зараз, як на тое, нічога такога ў галаву не прыходзіла. А тут яшчэ Баравік са сваімі пошукамі ісціны. Яго наіўнасць можа ўзбаламуціць людзей, пачнуцца размовы, і тады...

Памочнікаў сабе Булай падбіраў прыдзірліва. Яго абкружалі людзі здольныя. Аднак большасць з іх называлі сябе «штрафнікамі». Адзін меў ужо вымову, зарабіўшы яе дзе-небудзь у іншым месцы. Другі не паехаў па накіраванню інстытута. Трэці любіў заглядаць у чарку. I кожнаму з іх Булай пэўным чынам памог. Яны былі за гэта адданыя Булаю, падтрымлівалі ў цяжкую хвіліну, даравалі Булаю ўсе яго недахопы. Такім ён спадзяваўся бачыць і Алеся, для якога сапраўды зрабіў нямала добрага.

Але Баравік не апраўдаў спадзяванняў. Булай пагартаў нарады, падпісаныя Баравіком, шукаючы, да чаго б можна было прычапіцца. Але і тут было ўсё чыста. Праўдалюбца... А капяні глыбей, дык і акажацца, што пакрыўдзіўся. Не назначылі старшым майстрам, як паабяцалі. Ну, нічога. Яшчэ пашкадуе!

Булай рашыў паставіць Баравіка на месца. Ён умеў гэта рабіць, кіруючыся тым, што нібыта дзейнічае на карысць справе. Булай умеў падпусціць туману ў вочы. Аднак у апошні час нешта нібы зламалася ў добра наладжанай сістэме. Прыходзілася траціць шмат сіл, каб даказаць, што ён дзейнічае правільна, бо камуністы цэха, прафсаюзная арганізацыя далёка не заўсёды лічыліся з яго аўтарытэтам. Але і ён быў не лыкам шыты. Да таго ж, думалася, з Баравіком будзе лягчэй: чалавек новы, за яго асабліва трымацца не стануць. А між тым яго прыклад паслужыць перасцярогай і таму-сяму іншаму.

Булай адкінуўся на спінку крэсла, расправіў плечы. Ёсць яшчэ порах у парахоўніцах! Старая гвардыя не здаецца. Булай націснуў кнопку званка. Калі з’явілася сакратарка, сказаў:

— Пасля работы чакаю Паўлаўца!

Булай выйшаў з-за стала насустрач Паўлаўцу. Правёў да мяккага крэсла, сам сеў насупраць.

— Ты прабач, Макар Сяргеевіч, што не я да цябе. Справы, многа спраў...— ён стомлена пацёр далонямі скроні.

— Што вы, Васіль Міхайлавіч, ці мне цяжка?

— Сам ведаеш, яшчэ скажуць, што Булай парушае партыйную этыку. Але, думаю, дзеля карысці справы...— Памаўчаўшы, сказаў: — Дзень і ноч не сплю. I так прыкідваю, і гэтак. Хачу параіцца і партыйнай падтрымкай заручыцца.

— Падтрымкай? — Паўлавец дапытліва зірнуў на Булая.

— Не думай, закон парушаць не збіраюся. Ломку наважыўся правесці.

— Цікава,— Паўлавец нахіліўся да субяседніка, каб было лепш чуваць — Булай гаварыў нягучна, паказваючы, што стомлены, увесь у думках.

— Падлічваў я неяк і прыйшоў да вываду,— Булай падбадзёрыўся, узяў чысты аркуш паперы, аловак. Расказваючы, маляваў квадрацікі, прамавугольнікі, злучаў іх паміж сабой прамымі лініямі.— У нашым цэху празмерна раздута сярэдняе звяно. Нас папракаюць, што цэх вялікі, плануюць нават раздзяліць. А мы ўзбуйнім участкі, брыгады, і тым самым выб’ем з рук прыхільнікаў падзелу галоўны козыр. Колькасць участкаў і брыгад у нас будзе такая ж, як і ў іншых цэхах. Кіраваць імі будзе прасцей, сабекошт прадукцыі панізіцца.

— Бадай, слушна,— зазначыў Паўлавец.

— Канечне, некаторыя расстануцца са сваімі партфелямі. Для кар’ерыстаў гэта можа і ўдар. А для сумленных працаўнікоў інтарэсы дзяржавы даражэй за асабістыя.— Нібы пабаяўшыся, што парторг не так зразумеў, паўтарыў: — Разумееш, якая выгода! Хай будзе больш рабочых, тых, хто дае матэрыяльныя каштоўнасці.

Булая быццам прарвала. Ён загаварыў узнёсла, натхнёна, бо зараз сам верыў, што задумаў перабудову цэха толькі дзеля карысці дзяржавы. I словы яго былі надзвычай пераканаўчыя. Паўлавец падаў яму руку:

— Падтрымліваю!

XIV

Побач з інтэрнатам рос рэдкі сасоннік — усё, што засталося ад лесу, які гадоў дваццаць таму назад грозна шумеў на гэтым месцы. Цяпер паміж дрэў праляглі дарожкі, на палянках паявіліся спартыўныя пляцоўкі. Зімой жыццё тут заціхала. А вясной, ледзь сыходзіў снег і падсыхала зямля, сасоннік ажываў, поўніўся людскім гоманам. Асабліва шумна было надвячоркамі. Збіраліся валейбалісты, і тады да цямна адтуль несліся гулкія ўдары па мячу, звонкія маладыя галасы, смех, крыкі.

Пасля работы Алесь пераапранаўся і садзіўся або ля акна, або выбіраў дзе-небудзь ціхі закутак і адтуль, зайздросцячы, пазіраў на валейбалістаў. Булай, думаў ён, узвёў на яго сур’ёзныя абвінавачанні. Здавалася, на заводзе паверылі Булаю, а на яго пазіраюць са знявагай. Брала крыўда на сваіх сяброў. Іх было нямнога, але, здавалася, яны былі шчырыя. Як жа яны маглі пакінуць яго, паверыць у беспрычынныя абвінавачанні! Ён прывык да шчырасці, адкрыта выказваў думкі. У арміі здаралася на партыйных сходах крытыкаваць старэйшых у чыне камандзіраў. Ніхто з іх не таіў крыўды, не трымаў пасля каменя за пазухай. Булая ж ён нават не крытыкаваў. Ён адчуваў, што нешта робіцца не так, як трэба, і хацеў зразумець, чаму гэта. Ён стараўся не на сваю карысць, і гэта было відаць кожнаму. Дык чаму раптам паверылі Булаю?