Выбрать главу

XVI

Набліжалася свята. Булай раз-пораз падыходзіў да вялікага аркуша паперы, што быў прымацаваны да сценкі. Заклаўшы рукі за спіну, задаволена пазіраў на графік, дзе чырвонай, сіняй, зялёнай і чорнай лініямі адзначалася, як выконваюць участкі, змены і цэх дзённыя і месячныя заданні, план па наменклатуры. Графік не выклікаў трывогі. Здаралася, становішча было горшае, але выкручваліся. А зараз дык нават можна будзе заткнуць рот усім крыкунам і малаверам.

Пачуўшы, што на двух участках выйшлі са строю станкі, а Баравік зноў адважыўся на папераджальны рамонт, Булай палічыў гэта за асабістую абразу. Толькі бліскучы поспех у перадмайскім спаборніцтве мог памагчы ўратаваць цэх ад падзелу. I вось цэх не дадае за змену пяцьдзесят дэфіцытных размеркавальных валоў. Раней наўрад ці адважыліся б спыніць станкі. А цяпер з лёгкай рукі Баравіка пайшло.

На аператыўцы Булай даў волю свайму гневу.

— Браць ад абсталявання ўсё, што яно можа даць, і нават больш. Такі мой загад. Вось на вашых вачах падпісваю, — росчыркам сіняга алоўка ён паставіў адмысловую закавычку на аддрукаваным на машынцы загадзе, паказаў яго прысутным.— Спыняць станкі можна толькі па майму пісьмоваму дазволу. Ніякіх прафілактычных, папераджальных і таму падобных рамонтаў.

— Папсуем абсталяванне. Яно вельмі знасілася,— ціха падаў нехта голас.

— Бяру адказнасць на сябе! — Булай ганарліва ўзняў галаву.

— На маім участку, дарэчы, два балансіровачныя і два шліфавальныя ледзь ліпяць,— устаў Алесь.

— Гэта не ў вашу карысць, — насмешліва і спакойна адказаў Булай.

— Калі не зрабіць бягучы рамонт, яны праз дзень-другі паламаюцца.

— Калі паламаюцца,— падхапіў Булай,— я звольню вас з работы.

— Вельмі много прыйдзецца звальняць,— кінуў рэпліку начальнік суседняга з Алесевым участка.— У мяне станкі не лепшыя. Заўсёды гонім, гонім, а пра абсталяванне хай дзядзька думае? Так?

— Вы што, згаварыліся? Вы мне план зрываеце. Перадмайскі! Гэта ўжо не проста халатнасць. Гэта палітычная слепата,— Булаю не хапала паветра, ён не мог ні гаварыць, ні аддыхацца.

— Васіль Міхайлавіч,— Алесь падаўся бліжэй да стала,— паглядзіце на справу з гаспадарчага, нарэшце, з дзяржаўнага боку. Аўралы ў нас штомесяц. Здарылася тое, што трэба было чакаць. Але не самае горшае. Мы яшчэ здолеем папярэдзіць аварыі. I план выканаем. Ніхто з нас рукі не складзе, пакуль не зробім.

Яго падтрымалі.

— Дзякую, дзякую! Мяне ўжо і вучыць можна,— Булай, нарэшце, сеў, загаварыў, ківаючы на кожным слове галавой.— Сваю віну на мяне не пакладзеш. За абсталяванне адказвае майстар. Але не кожны падрыхтаваны да адказнасці. Я лішні раз пераконваюся, што перабудова структуры цэха наспела. Начальства паменшае. Затое будзе яно разумнейшае, за інтарэсы дзяржавы зможа пастаяць.

Алесь запальчыва крыкнуў:

— Пакуль я майстар — не дазволю ламаць станкі!

Булай не звярнуў на яго выкрык увагі.

— Прашу пазнаёміцца з загадам,— нібы Алеся не было тут, сказаў ён,— і пацвердзіць гэта подпісам. Усім прысутным. Распішыцеся там, у сакратара.

Алесь гатовы быў палезці ў бойку. Пракоп тузануў яго за крысо пінжака:

— Можа выцягнем, навошта на ражон перці?

— Што, я не разумею, ці што? — пачаў астываць Алесь.— Аднак усё можа здарыцца... Тады як? На чым той план выбіваць будзем? На гэтым загадзе?

У прыёмным пакоі начальніка цэха Ніна сама падышла да Алеся. Сказала, нібы рассталіся толькі ўчора:

— Сустрэнемся пасля работы? Пагуляем. Сонца вунь якое пякучае,— яна гаварыла, і ўсмешка, нясмелая, дрыготкая, трапятала на яе вуснах.

Сасонкі ў заводскім парку выпусцілі бледна-зялёныя кволенькія іголачкі. Сасновы водар туманіў галаву. Як даўно чакаў Алесь хвіліны, калі зноў побач з ім будзе ісці Ніна. I вось Ніна тут. Яе плячо кранаецца яго пляча. Яму хораша, чамусьці сумна і зусім не хочацца ні гаварыць, ні думаць. Ішоў бы, пасміхаўся сонцу і адчуваў бы побач Ніну.

— Ты маўклівы сёння,— Ніна падскочыла, сарвала з маладой сасонкі свежы парастак.— Перажываеш?

— Сядзем...

— Навошта ты сварышся з Васілём Міхайлавічам? Маўчыш? Ты наогул вельмі скрытны. Хаця б раз раскрыў сваю душу.

Напамін пра нядаўнюю сварку з Булаём, тон, занадта спакойны, будзённы, якім яна гэта сказала, непрыемна разанулі Алеся. Ён спытаў:

— Табе сапраўды гэтага хочацца?

— Не можаш супакоіцца? — Ніне зрабілася не па сабе ад гэтага калючага позірку.

— Я забыў, а ты напомніла. Гэта была толькі так сабе — прыстрэлка. Мне не хацелася лезці ў бойку перад усімі. Думаў сказаць яму аднаму, што, ганяючыся за працэнтамі, ён наносіць шкоду абсталяванню, а яшчэ большую — людзям. Так жа любую светлую думку загубіць можна. А гэта страшна, Ніна.