— От, шэльма, успомніў!..—палагаднеў Кібрык.— А мне пра цябе Булай расказваў. Рады я, што ты зноў да яго трапіў. Мне от невыпала. Як закончыў інстытут, у планавым аддзеле працую. Але, паверыш, сумую часам па гаечным ключы.
Кібрык заўсёды любіў многа гаварыць, і Алесь з задавальненнем слухаў яго, успамінаючы тую даўнюю, цудоўную пару свайго семнаццацігоддзя.
— Ты куды едзеш? — спахапіўся Кібрык.— Не ведаеш? От дзівак! Заедзем да мяне, а потым некуды завалімся. Хочаш у рэстаран, дзеля такой сустрэчы, а хочаш — у тэатр.
— Давай лепш у тэатр,— згадзіўся Алесь.
— Аднак раней па кілішку прапусцім,— падміргнуў Кібрык.
Яны заседзеліся ў Кібрыка, успамінаючы былое, і спазніліся ва ўсе тэатры. Стаялі ў вестыбюлі, гадалі, куды б пайсці яшчэ. Не хацелася выходзіць з цёплага памяшкання.
Мароз памацнеў. Дзьмуў парывісты сівер. Вуліцы былі амаль пустыя. Рэдкія прахожыя таропка хаваліся ў пад’ездах, забягалі ў магазіны.
— Хіба да дзяўчат куды завітаць? — Кібрык туліў галаву ў каўнер. Не дачакаўшыся Алесевага адказу, перабег вуліцу, нырнуў у аўтаматную будку.
Алесь бачыў, як ён горача нешта даводзіў, махаў рукой, потым зноў набіраў нумар і зноў гаварыў. Вярнуўшыся, сказаў:
— Паедзем, запрашалі...
Віно, выпітае з Кібрыкам, кружыла галаву, і Алесь, не раздумваючы, згадзіўся.
Неўзабаве яны былі ўжо на ўскраіне горада. Кібрык упэўнена націснуў кнопку званка раз, потым другі. Яго званок тут, відаць, ведалі. Бо яшчэ з-за дзвярэй глухаваты жаночы голас супакоіў:
— Зараз, Пеценька, зараз.—Гаспадыня не здзівілася, што Кібрык не адзін, а, наадварот, яшчэ ветлівей запрасіла:
— Заходзьце, хлопчыкі, заходзьце.— I зазірнуўшы ў пакой, папярэдзіла: — Ніна, сустракай гасцей.
Алесь адчуваў сябе няўпэўнена, а калі з пакоя выйшла Ніна Ганакова, зусім збянтэжыўся: не чакаў, што Кібрык завядзе да знаёмых. А той стаяў і ўсміхаўся.
Выручыла Нініна маці, Ганна Сцяпанаўна. Яна памагла распрануцца, завяла ў залу, пасадзіла да стала, паабяцаўшы зараз прынесці чаю. I за гэты кароткі час паспела распытаць у Алеся ледзь не пра ўсё ягонае жыццё. Рабіла яна гэта між іншым, і Алесь адказваў ахвотна, забыўшыся, што прыйшоў сюды ўпершыню.
Пілі чай. Алесь хваліў гаспадыню за ўменне кулінарыць ды ўпотай сачыў за Нінай і Кібрыкам. Гэта была дзіўная пара. Кібрык відны хлопец — шыракаплечы, высокі, прыгожы з твару. Ён сам, здавалася, ні на хвіліну не забываў аб сваёй прыгажосці, бясконца прыгладжваў і без таго прылізаныя каштанавыя валасы. Побач з ім Ніна выдавала вельмі ўжо несамавітай: на ёй сціплая паркалёвая сукенка, ды і з твару дзяўчына выглядала горш, як на рабоце, хоць там хадзіла ў сінім спяцовачным халаце. Адно, што ўразіла Алеся,— вочы, вялікія, карыя, з смяшлівымі агеньчыкамі.
— Ешце, малады чалавек, ешце,— Алесь не заўважыў, як гаспадыня паклала перад ім яшчэ адзін кавалак пірожнага.
Ніна з Петрусём зарагаталі, а Ганна Сцяпанаўна абурылася. Яна, мабыць, вельмі любіла частаваць вось такіх, як Алесь, халасцякоў, што ніколі не паспытаюць дамашняга печыва.
Алесю падабалася сядзець ва ўтульным пакоі, і ўжо з прыкрасцю думалася, што стрэлкі гадзінніка бягуць занадта хутка, неўзабаве прыйдзецца пайсці адсюль. Яму хацелася пасядзець яшчэ колькі хвілін, але Кібрык устаў і сказаў, што пара ісці.
Ніна і маці спрабавалі іх затрымаць, а калі хлопцы настоялі на сваім, Ганна Сцяпанаўна ўзяла з Алеся слова, што ён яшчэ зойдзе да іх.
Алесь крыху здзівіўся, што Ганна Сцяпанаўна запрашала ў госці толькі яго. Кібрыка яна як быццам і не бачыла. Тады чаго яна так ветліва сустракала яго? I наогул, чаму сюды ходзіць Кібрык? Чаму ён раптам заспяшаўся дамоў? Але пытацца ў яго не хацелася. Затое сам Кібрык выказаўся даволі шчыра.
— Віншую, здаецца, яна за жаніха цябе прыняла,— сказаў Кібрык. — Са мной гэтыя штучкі не прайшлі. Мне гэтая Нямогліца не вельмі патрэбна.
— Навошта ж ты ходзіш? — абурыўся Алесь.
— А што, нам лепш было мерзнуць?
Алесь прамаўчаў. Ад нядаўняга лагоднага настрою ўжо нічога не засталося.
III
Зіна прайшла міма і не прывіталася. Гэта здзівіла Алеся. Яшчэ ўчора яны зноў каталіся на лыжах, і Зіна, як толькі Алесь адставаў, заўсёды аказвалася побач. I вось маеш!.. Прайшла і не прывіталася. Алесь слухаў Ніну і ўвесь час думаў, чаму пакрыўдзілася Зіна. Здаецца, цічога дрэннага ён ёй не зрабіў. Падышлі хлопцы. Сямён Дубасаў зноў пачаў гаворку пра тое, каб не адкладваць яго прапанову да першага, а ажыццяўляць неадкладна.
— Сумясціўшы тры аперацыі ў адну, мы толькі паскорым працэс,— даводзіў ён.
Алесь быў на баку Булая.