Выбрать главу

— Яшчэ як! — Зіна зноў стала гарэзлівай.— Я ўмею прасіць.

Яны спыніліся ля брамкі. Нізкаваты, цёмны, бо зачынены аканіцы, дом хаваўся ў глыбіні невялікага саду.

— Дзякуй,— Зіна насмешліва паглядзела на Алеся. Ён адчуў ніякаватасць, адвёў вочы ў бок. Зіна зарагатала, выхапіла ў Алеся сумку і схавалася за брамкай. Там яна счакала, пакуль Алесь, пастаяўшы трохі, пайшоў, і асцярожна выглянула ўслед. Алесь хаваўся ўжо за павароткай. Ён нават не азірнуўся, і гэта пакрыўдзіла Зіну. Яна з усяе сілы бразнула брамкай і забарабаніла ў дзверы, скалануўшы вячэрнюю цішыню вуліцы.

— Дзякуй богу!..— пляснула ў далоні маці.— Сямён зачакаўся.

V

3 цэха выйшлі ўтрох. Пачакалі Зіну. Яна выглядала свежая, ружавашчокая пасля душу.

— Зіна,— Пракоп надаў голасу здзіўленне,— а ты без гэтых, як іх называюць, румян нават папрыгажэла.

— Ага,— падтакнуў Алег,— проста прыгажуня.

— Хлопцы...— дакорліва сказаў Сямён.

— Я вам падабаюся, хлопчыкі? — Зіна не магла ўтрымацца, каб не пагарэзнічаць.— Падабаюся?.. То, можа, праводзіце да хаты?

Можна было паехаць да вакзала. Так было карацей. Але так было і хутчэй. А ім сёння пасля напружанага дня не хацелася так вось адразу расставацца. Таму дабраліся спачатку да плошчы Перамогі, а адтуль вырашылі прайсціся пешшу.

Надвячоркам на праспекце заўсёды шмат людзей. Адны вяртаюцца з работы, спяшаюцца. Другія, карыстаючыся вольнай хвілінай, ідуць павольна, цешачыся добрым надвор’ем, навакольнай прыгажосцю, радуючыся нечаму прыемнаму, свайму.

— Давайце на правы бок,— пацягнула хлопцаў Зіна,— там хоць Свіслач на рэчку падобная.

Сонца апускалася ўжо за дахі дамоў, чырванаватыя водбліскі падалі на рачны лёд, на снег. Сляпіла вочы. Пакапаўшыся ў сумачцы, Зіна выцягнула цёмныя акуляры. Акуляры зімой — гэта было незвычайна. На яе азіраліся, праводзілі здзіўленымі позіркамі. А Зіна ішла безуважная і ганарлівая.

Побач з Зінай хлопцы адчувалі сябе ніякавата.

— Не можа без спектакля,— буркнуў Алег.

Калі дайшлі да цэнтра, Пракоп рашуча сказаў:

— Ты, Зіна, забірай Сямёна і ідзі з ім куды хочаш. А мы ў сваю дарогу.

— Хлопчыкі, я не хачу,— Зіна выслабаніла руку, якую трымаў Сямён, учапілася за Пракопа.— Я не хачу дамоў.

Пракоп падумаў хвіліну, сказаў:

— Добра, хадзем у карцінную галерэю. Я даўно хацеў там пабыць.

— Геніяльна! — Зіна запляскала ў далоні, а Сямён спахмурнеў. Яму хацелася пабыць з Зінай удваіх.

У галерэі была адкрыта выстаўка новых работ. Хлопцы хадзілі асцярожна, прыгнечаныя цішынёй і нейкай урачыстасцю, што так уласцівы музеям. Потым, зацікавіўшыся, асмялелі. Яны спыняліся ля карцін па-гаспадарску, то падыходзілі бліжэй, то адступалі, выбіраючы найлепшае месца для агляду. Алег быў самы нецярплівы. Ён нідзе не затрымліваўся падоўгу і ўсё цягнуў астатніх, пакуль раптам не ўбачыў партрэт:

— Паўлавец!? Даль бог — ён!..— Алег спыніўся, як укапаны.

— Глядзіце!..— узрадаваўся, нібы сустрэўся з жывым чалавекам, Пракоп.

— Помніце, мастак да нас у цэх прыходзіў,— цяпер разышоўся Алег,— такі невысокі. Мы яшчэ смяяліся з яго скрынкі, што ён на раменьчыку цягаў.

— Гэта эцюднік называецца, — падказала Зіна.

— Ты паглядзі, як намаляваў добра. Здаецца, зараз Макар Сяргеевіч зніме свае акуляры і скажа: «Няма ў вас сур’ёзнасці, хлопцы!»

— Аднак, схапіў мастак...—засмяяўся Пракоп, пачуўшы, як Алег прачытаў карціну.

Выпадковая сустрэча з партрэтам знаёмага чалавека па-сапраўднаму зацікавіла, прымусіла без раўнадушнасці глядзець на другія карціны, што віселі побач, дала смеласці ўголас рабіць заўвагі. Хлопцы былі ў гэты час адзінымі наведвальнікамі, аднак работнікі галерэі пачалі ўжо на іх падазрона паглядаць. Прыйшлося крыху прыціхнуць. Толькі Алег не зважаў ні на што.

— Вось пакой для Сямёна з Зінай,— уголас заўважыў ён ля суседняга палатна.

Сямён збянтэжана зірнуў на Зіну, а тая весела запытала:

— Ты мне такое жытло падрыхтаваў?

На карціне былі намаляваны хлопец з дзяўчынай. Яны атрымалі кватэру. У іх, маладажонаў, яшчэ няма рэчаў, каб абставіць свой пакой. Але, відаць, іх гэта не турбуе. Хлопец шчыра радуецца, а ў дзяўчыны ў вачах лёгкі смутак і задуменне. Не хочацца, напэўна, пакідаць сваіх сябровак, з якімі так добра было ў інтэрнаце...

Сямён прыціх, зайздросцячы таму, незнаёмаму і шчасліваму. Зіна фыркнула: «Рай».

— Быў бы рай,— асуджальна сказаў Пракоп,— каб мастак не з цябе, Зіна, спісваў. Зірні, на ўслоніку твае «шпількі» з сумачкай стаяць,— і невядома было, каго ён больш асуджаў — мастака ці Зіну.

— Хлопцы,— узлавалася Зіна,— вам бы хоць кропельку рамантыкі, хоць на мезенчык!.. Вам трэба, каб мастак стружкі намаляваў, што не паспелі прыбраць пасля будаўнікоў.