Выбрать главу

I

Завод раскінуў свае карпусы на самай ускраіне горада. Адразу за агарожай, што высілася побач з ліцейным цэхам, пачыналася поле. За ім віднеўся пасёлак. Раней тут была невялічкая вёска. Потым, калі пабудавалі завод, вёску знеслі. Яе жыхары сталі рабочымі.

Мясціны вакол пасёлка прыгожыя: густы хваёвы лес, яшчэ не крануты блізкасцю горада, абрывістыя ўзгоркі, і поле, якое кожную вясну было пакрыта яркімі краскамі.

Ціхія, нават маўклівыя, ваколіцы пасёлка звычайна ажывалі ў выхадныя дні. Сюды прыходзіла ледзь не ўся заводская моладзь.

Алесь Баравік на заводзе быў навічок, але ведаў пра гэтыя традыцыйныя маладзёжныя зборышчы. Як на тое, сабраўшыся сёння пайсці ў пасёлак, ён праспаў. Прыйшлося дабірацца аднаму.

Выехаўшы за тэрыторыю завода, Алесь выбраў лыжню наўздагад. Праз хвілін дваццаць яна прывяла да невялічкай палянкі. Адтуль след, пятляючы між стромкіх сасёнак, вёў некуды ўглыб лесу.

Неўзабаве дрэвы быццам расступіліся, даючы дарогу, і ўперадзе адкрылася нізіна. Алесь шыбануў з горкі ўніз. Пад нагамі нешта зачарнела і, раней чым Алесь паспеў прытармазіць, ён ужо ляцеў потырч у снег...

Недзе побач гучна зарагаталі. Потым нехта падаў палкі, памог абтрэсці снег.

— А вы не майстар спорту. Не.

Голас быў кплівы, але прыемны, дзявочы. Баравік сярдзіта адказаў:

— Вельмі вы здагадлівыя...

Потым зірнуў на дзяўчыну. Яна была апранута ў вішнёвага колеру спартыўны касцюм, які аблягаў яе ладную, гнуткую постаць. Шчокі ў дзяўчыны разгарэліся на марозе, і таму вочы здаваліся надзвычай блакітнымі і яснымі. Дзяўчына была прыгожая, і Алесю адразу расхацелася злаваць і на яе кпіны, і на сваю няўдачу. Ён працягнуў руку, назваў сябе.

— Між іншым, мы з вамі з аднаго цэха,— засмяялася дзяўчына.

Алесь спачатку здзівіўся. Такую дзяўчыну ён абавязкова заўважыў бы, каб сустрэў дзе раней. I раптам успомніў. Ён бачыў яе ўчора. Яна выходзіла з кабінета начальніка цэха. У яе яшчэ была чорная плямка на шчацэ, і Алесь не адважыўся сказаць ёй пра гэта. Начальнік цэха яму тады паабяцаў:

— Трымай вуха востра. Табельшчыца, Шалягейка. Характар — брытва.

Зараз, пазіраючы на дзяўчыну, Алесь, не хацеў пагадзіцца з Булаём. Дзяўчына яму спадабалася, і ён сказаў:

— Ледзь не заблудзіў. Добра, што напаткаў вас... вашу кампанію.

— Паехалі з намі,— сказала дзяўчына.

Іх было чацвёра: Зіна Шалягейка, Пракоп Дубасаў, Сямён Дзікун і Алег Хамянок. Алесь ужо бачыў іх на сваім участку, аднак за тыя некалькі дзён, што працаваў на заводзе, не паспеў з імі пазнаёміцца.

Ісці на лыжах было лёгка. Рыпеў пад нагамі снег. 3 галінак асыпаўся бліскучы снежны пыл. Недзе ў далечыні перагукваліся лыжнікі. Сонца сляпіла вочы, і Зіна часта адварочвалася. Тады Алесь бачыў яе прыгожы твар, сінія вочы, якія ўсміхаліся. Алесь думаў, што Зініны вочы ўсміхаюцца яму.

Яны заехалі далёка, добра натаміліся. Алесь параіў адпачыць. Зіна адразу згадзілася, села на паваленую сасну, доўгую, з засохлымі сукамі і галінкамі.

— Якія дровы прападаюць!..— Пракоп пагладзіў па ствале далоняй.

— Эх ты! — засмяялася Зіна.— Усё думаеш пра выгаду. Вось і раскладвай касцёр. Праўда, Сеня?

Сямён Дзікун кінуўся абломваць сукі. Алесь яшчэ ў дарозе прыкмеціў, што Дзікун гатовы па першаму Зінінаму слову рабіць усё, што яна загадае. «Кахае, мабыць»,— здагадаўся ён. Яму ўжо расхацелася паліць касцёр ці ехаць куды-небудзь далей. А тут зноў умяшаўся Пракоп:

— Можа хто ў печы не адзін раз выпаліў бы, а вы дровы глуміце.

Сямён вінавата паглядзеў на Зіну і выпусціў абломлены сук. Зіна пакрыўдзілася, але пагадзілася:

— Хай ужо... Вось пасядзім ды вернемся.

— Яно і пара. Хутка прыцямнее,— Пракоп гаварыў з ледзь прыкметнай усмешкай у голасе. Адчувалася, што ён нешта ведае, але што — скажа не кожнаму. Быў ён невысокі, каржакаваты. Вабіў ён Алеся сілай і ўпэўненасцю, што ішла ад ягоных няспешлівых і разважлівых рухаў, ад вачэй, у якіх ледзь хавалася хітрынка, ад упартага падбародку. Калі вярталіся назад, Алесь наўмысля затрымаўся крыху і пайшоў побач з Пракопам. Хацелася пагаварыць з гэтым хлопцам аб рабоце, аб людзях, з якімі давядзецца працаваць. Ён чамусьці верыў, што іменна Пракоп зможа расказаць аб іх. Але, як ні дзіўна, Пракоп не падтрымліваў размовы. Ён, нібы назнарок, стараўся не адказваць на пытанні, якія задаваў Алесь то пра аднаго рабочага, то пра другога. А неўзабаве Пракоп сам пачаў пытацца:

— Вы, значыць, наш новы майстар?

— Так,— адказаў Алесь.— Адслужыў у арміі і — на завод.

— Дзе служылі?

Алесь адказаў.

— Глыбокі тыл.

— Не,— запярэчыў Алесь.— Там быў пярэдні край. А вось тут глыбокі тыл.

— У нас таксама пярэдні край. Работы хопіць,— не згадзіўся Пракоп і пасля гэтага непрыкметна разгаварыўся — Я таксама ў арміі служыў, а потым прыехаў сюды. Вось ужо другі год. Цэх наш самы вялікі. Прадукцыі даём за ўвесь завод. А мне ўсё здаецца, што мы толькі недзе на падыходзе да вялікай работы. У вас такога адчування не было?

— Напэўна, гэта бывае, калі чалавек не хоча стаяць на месцы,— раздумліва адзначыў Алесь.

— Магчыма,— згадзіўся Пракоп.

Алесь, адчуўшы ў яго голасе сухасць, падумаў, што давер’е гэтага хлопца будзе заваяваць нялёгка.

— От дзе вы! А мы шукаем,—Зіна паявілася аднекуль з-за кустоў, папрасіла: — Можна, я з вамі?

— Зіна, адкуль у тваім голасе гэтая пакорлівасць? — пажартаваў Пракоп і падміргнуў Алесю:— Яна ў нас сварлівая...

— 3 табою інакш не можна.

— А мне твае кіпцюры апрыкралі...

Напэўна, не хутка скончылася б гэта перапалка, але тут іх дагнала вялікая група дзяўчат і хлопцаў. Пасыпаліся прывітанні, жарты. I неяк так выйшла, што Зіна і Алесь адсталі ад кампаніі.

— Чаму ж вас пакінулі? — спытала Зіна.

— А вас? — усміхнуўся Алесь.

— Я сама адстала. Люблю цішыню.

Сказана гэта было шчыра, і Алесь паверыў, што, можа, сапраўды Зіне абрыдлі бясконцыя заляцанні. А можа,— гэтая думка мільгнула нечакана,— Зіна ўпадабала яго? Каб не выдаць сябе, ён спытаў:

— Нешта вы ўчора з Васілём Міхайлавічам не паладзілі?

— Ат, глупства: «маленькі дыванок»,— так мы называем выклік да начальства. Стаіш на дыване, а яно цябе прапясочвае.

— За што?

— Брыгадзір накапаў... У чалавека жонка хворая, спазніўся, а я не адзначыла ў табелі.

— Васіль Міхайлавіч за такое не будзе сварыцца.

— А вы адкуль яго ведаеце?

— Мы з ім старыя знаёмыя. Некалі пасля рамеснага я ў ягоным цэху працаваў. Цяпер, пасля службы, думаў, дзе б уладкавацца. А Васіль Міхайлавіч сустрэў: «Нікуды,— кажа,— не пушчу. Вяртайся да мяне». Вярнуўся. I вельмі задаволены. Булай ого які чалавек! Агонь!

— На агні можна згарэць,— Зіна налегла на палкі, вырвалася наперад. Алесь вымушан быў даганяць.

Яны хутка дагналі астатніх. Зіна пайшла побач з Сямёнам, нават не кіўнуўшы Алесю на развітанне. Алесь спачатку быў абразіўся. Але, падумаўшы, супакоіўся. Урэшце, яна і павінна была так паводзіць сябе. Дзяўчына прывыкла да ўвагі і не прывыкла быць уважлівай.

II

Аператыўка — кароткая нарада перад пачаткам работы — сёння зацягвалася. Начальнік цэха Булай захацеў паслухаць усіх інжынераў, брыгадзіраў і кіраўнікоў участкаў. Алесь назіраў, як Булай час ад часу нешта запісваў чырвоным алоўкам у блакнот, хмурыўся. Цікава, задаволены начальнік цэха работай сваіх падначаленых ці не?

Звычайна брыгадзіраў не выклікалі на аператыўкі. Але Булай усё перайначыў, загадаўшы, каб брыгадзіры з’яўляліся на нарады таксама, бо гэта нібы дэмакратызуе кіраўніцтва, вядзе да калегіяльнасці ў рабоце, і сёння на аператыўцы былі ўсе брыгадзіры. Пракоп Дубасаў сказаў, што Сямён Дзікун хоча сумясціць у адну тры аперацыі па шліфоўцы шыек каленчатага вала. Гэта давала магчымасць паскорыць увесь працэс апрацоўкі.