Выбрать главу

— Ды часу няма, канец месяца...

— Ну, канечне, на стадыён ёсць час. А яна прыгожая дзяўчына,— Ніна зірнула ў канец цэха, дзе была канторка табельшчыц.

Алесь сумеўся, быццам што благое зрабіў.

— Ага,— смяялася Ніна,— папаліся.

Падышоў Булай, запытаў:

— Ты што, Саша, як на споведзі?

— Хачу да маці ў госці яго завесці,— растлумачыла Ніна,— а ён аднейваецца.

— Вяровачку вазьмі ды і вядзі,— Булай, задаволена зарагатаўшы, адышоў. Урэшце Алесь сказаў:

— Перадайце Ганне Сцяпанаўне, што на восьмае сакавіка прыйду павіншаваць.

...Патраціўшы больш гадзіны на пакупкі, Алесь паехаў да Ніны.

Яго чакалі. Гэта Алесь зразумеў адразу, бо стол быў засланы, а на канапе сумаваў у адзіноце Кібрык.

— Праходзьце, праходзьце, Саша,— выглянула з кухні Ганна Сцяпанаўна,— мы зараз.

Прысутнасць Кібрыка ўзрадавала Алеся. Ён пабойваўся, што не знойдзе пра што гаварыць з жанчынамі цэлы вечар. А з Кібрыкам гэтага можна было не баяцца. Кібрык трымаўся ў любой кампаніі, быццам у сваім доме.

Ганна Сцяпанаўна пастаралася. Закуска была цудоўная. Выпілі віна. Потым падалі чай. Гаспадыня прынесла варэнне і, вядома, уласнай выпечкі пячэнне, булачкі, торт. Алесю гэты раз было лягчэй. Яго ўжо не лічылі больш навічком.

Глядзелі тэлевізар, круцілі пласцінкі. Потым разгаварыліся. Ганна Сцяпанаўна не перашкаджала моладзі, ціха сядзела ў мяккім крэсле ў баку і слухала.

Размова неяк сама сабой перакінулася на іх жыццё. Алесь сказаў:

— У мяне такое адчуванне, быццам на свет зноўку нарадзіўся.

— Значыць, армію закрэсліў? — Кібрык выцягнуў пачак папярос і павярнуў галаву да Ганны Сцяпанаўны: — Дазвольце?

Пыхкаючы папяроскай, ён з нейкай перавагай пазіраў на Алеся.

— Армія — гэта жыццёвая школа,— нахмурыўся Алесь.— Закрэсліваць восем гадоў службы не хачу, бо служыў не толькі па абавязку. А між тым, я заўсёды ўспамінаў завод. Рукі прасіліся да працы.

— Бач ты, якое тэарэтычнае абгрунтаванне,— Кібрык паспрабаваў зняць сур’ёзнасць, якая раптам з’явілася ў лёгкай застольнай гутарцы.— Лепш паслухайце анекдот.

— Пятрусь! — Ніна ўзняла руку.— Ты заўсёды жартуеш. Хіба табе не прыходзілася задумвацца, дзе ты і як?

— Аднойчы паставіўшы мэту, я іду да яе,— крыху напышліва адказаў Кібрык.

— Ведаю,— адмахнулася Ніна,— захацеў стаць інжынерам — стаў. А цяпер куды меціш? За начальніка планавага аддзела?

— Прымітыўна мысліш! — Кібрык засмяяўся.— На якое мне ліха тая пасада? Лішнія клопаты. А мне і так добра, без вялікага чыну.

— Дык ты шчаслівы? А што такое шчасце? — загаварыла раптам Ганна Сцяпанаўна.— Нешта я ніколі не чула, каб вы пра яго тут гаварылі.

— Шчасце — гэта задавальненне ўсіх жаданняў,— крыху падумаўшы, адказаў Кібрык.

— Канечне, калі твае жаданні адпавядаюць жаданням грамадства,— дадала Ніна, павярнуўшыся да Алеся.— Вы не згодны?

Ён адказаў не адразу, відаць, правяраючы сваю думку.

— Не згодны,— гэта прагучала некалькі катэгарычна, і ён паспяшаўся растлумачыць.— Па-мойму, дык шчасце ў іншым. Па-сапраўднаму шчаслівы той, хто ніколі не адчувае поўнага задавальнення. Бо шчасце — гэта не толькі вынік, але і шлях да мэты. Чым больш ён складаны, тым большае шчасце. Яно патрабуе ад чалавека заўсёды болей, чым дае.

— Артадокс! — Кібрык прайшоўся па пакоі, памацаў фарфоравую фігурку, што стаяла на палічцы, потым з незалежным выглядам сеў да піяніна.

Алесь нахмурыўся. Ён гаварыў шчыра, выказваючы сваё запаветнае, з чаго ніколі не жартаваў сам і не мог дапусціць, каб жартаваў хто іншы. А Кібрык дык, бадай, здзекаваўся з яго.

Умяшалася Ганна Сцяпанаўна. Яна прапанавала:

— Віна яшчэ колькі! Вып’ем.

— Праўда, хлопчыкі,— падтрымала Ніна.— Пятрусь, адкрывай шампанскае. Алесь Мікалаевіч, давайце з вамі вып’ем.

Адмаўляцца не было як. Корак стрэліў у столь, адскочыў на стол, нарабіўшы звону. Шампанскае запенілася ў шклянках.

Ахмялеўшы трохі, Алесь палагаднеў. Ён ужо больш не хацеў сур’ёзнай размовы. Ганна Сцяпанаўна пазірала на іх задаволена, з лагоднай усмешкай. Ніна ж чамусьці стала задумлівай. Кібрыка яна ведала даўно, ён быў свой і здаваўся зразумелым, ясным да канца. А вось Алесь... Яна параўноўвала іх, не ведаючы, каму аддаць перавагу. Алесь нібы прасцейшы і ў той жа час незразумелы са сваёй упартасцю, катэгарычнасцю. Кібрык побач з ім выглядаў больш сталым. Ніна ўсміхнулася сама сабе. Навошта ёй параўноўваць іх, як жаніхоў, што меліся хутка пасватацца? Неяк не ўяўлялася, што Кібрык, заўсёды галантны і прылізаны, можа сказаць ёй калі-небудзь: «Кахаю». А Баравік? Ніна крадком паглядзела на Алеся. I ад таго, што яна быццам ацэньвала яго, ёй зрабілася ніякавата, і у той жа час нешта зварухнулася ў грудзях, апаліла глухой журбой. Алесь быў такі відны хлопец: высокі, плячысты, з упартай складкай на пераноссі і добрымі-добрымі вачамі.

Дадому Алесь ехаў адзін: Кібрык пайшоў некаму званіць па тэлефоне.

У аўтобусе ў такі позні час было пуставата. Алесь прыстроіўся на бакавым сядзенні побач з печкай, угрэўся і павесялеў, адчуваючы, што разам з цяплом да яго вяртаецца і нешта іншае, не менш прыемнае. Віно яшчэ крыху кружыла галаву, але думкі былі ўжо чыстыя, як веснавое паветра.

Калі раніцай на заводзе Алесь сустрэў Ніну, ён шчыра ўзрадаваўся.

VII

Ніна сама прыйшла на Алесеў участак.

Змена скончылася, а тут работа ішла яшчэ поўным ходам. Хлопцы спяшаліся давесці Сямёнаву задуму да ладу, каб ужо з наступнага дня можна было апрацоўваць валы, сумясціўшы аперацыі. Алесь быў, канечне, з імі. Ён сядзеў за сталом, над якім схіліліся хлопцы ўсёй брыгады. Каб паглядзець, што яны робяць, Ніна аж узлезла на нейкую скрыню. Ускудлачаны Алесь нешта хутка пісаў на лісце паперы, а астатнія ўважліва сачылі за кончыкам алоўка.

Ніна глядзела на Алеся, пазнаючы ў стомленых, пачырванелых вачах колішнюю радасць ад сустрэчы.

— Ты якраз прыйшла,— падхапіўся Алесь.— Мы тут зусім заблыталіся ў разліках.

— Дайце, дайце,— працягнула НІна руку,— можа я памагу.

Алесь паспешліва падаў паперку.

Падышла Зіна і села ўбаку на скрыню. Сямён пачырванеў ад задавальнення, а Пракоп спачувальна ўздыхнуў.

Ніна ўсё яшчэ трымала ў руках паперку.

— Хлопцы, я знайшла памылку ў разліках,— сказала раптам яна.

Усе зашумелі.

— Цяпер усё добра, віншую вас, Дзікун! — Ніна сказала гэта з такой шчырасцю, што Сямён аж сумеўся.

— То ж мы разам...— пачаў быў ён.

— Хопіць ужо скромнічаць,— Пракоп насунуў яму кепку на вочы,— усе ведаюць, што ты — гэта наша брыгадная галава.

— Во, Булай не верыў! — не пераставаў дзівіцца Алег.— Можна ж было яшчэ ў тым месяцы...

— Бадай што так,— згадзіўся Пракоп.— Надоечы быў я на складзе. Там нарыхтовак — напэўна, на месяц усяму цэху хопіць.

— А мы адной брыгадай корпаліся,— падхапіў думку Алег.

— Хіба астатнія сядзелі склаўшы рукі? Булай жа за ўвесь цэх хварэе. Думаеце, вы ў яго першыя на жыцці рацыяналізатары? Ён жа...

— Як кажуць, сабаку на рацыяналізатарах з'еў,— падхапіў Алег.

— Эх вы! — Ніна не папракала, хутчэй разважала.— Няўрымслівасць — зайздросная рыса характару. Але толькі тады, калі не вядзе да рызыкі.

Алесь не браў удзелу ў гаворцы. Ён быў задаволены. Ён быў згодзен і з Нінай, і з Сямёнам, і, бадай, з Булаём, і можа яшчэ з кім там, каб той аб’явіўся.

Пачалі разыходзіцца. Алесь пайшоў з Нінай.

— Пойдзем пешшу,— прапанаваў Алесь,— хаця б да наступнага прыпынку..