Выбрать главу

Даходзiлi чуткi, што Вольку з рабфака звольнiлi.

Але дадому яна, аднак, не прыехала. Яна нiбыта недзе асталася на працу, а вечарамi хадзiла ў вячэрнюю школу. Як бы там нi было, яна аднойчы ўлетку прыехала дадому на два тыднi з прычыны хваробы мацi. Мацi памерла i была пахавана ў тым далёкiм кутку могiльнiка пад вязамi, куды цяпер хадзiла прыцемкамi незнаёмая жанчына. Пасля смерцi мацi Волька была яшчэ дома дзён чатыры. Яна крыху змянiлася - пасталела, выраўнялася з паставы i стала яшчэ прыгажэйшая, як была.

Дзядзюля бачыў яе здалёку, i, як толькi яна паехала ў свой горад, следам за ёю пайшла заява, што яна ў свой час была звольнена з рабфака як кулацкая дачка. Здарылася так, што бацька яе тыдняў за пяць да яе прыезду i купiў быў на гадоўлю цяля. Пасля пахавання жонкi, выпраўляючы Вольку ў горад, ён цяля прадаў i грошы аддаў ёй. Яна не хацела браць, але ён упрасiў яе: яму было прыемна хоць так выказаць сваю сардэчнасць да сваёй дачкi, якая толькi адна i асталася цяпер у яго. Такiм парадкам, у Дзядзюлеву заяву было ўпiсана, што апошнiм часам Вольчын бацька займаецца спекуляцыяй цялятамi.

Зноў пачалi даходзiць у вёску чуткi пра Вольку. Гаварылi, што начальнiк той установы, дзе яна працуе, прыслаў сюды ў сельсавет запытанне. Але нiхто не ведаў, што Дзядзюля зноў уцёрся ў гэтую справу. Поўны задавалення, ён слухаў гаворкi, што Волька нiбы без працы. Але праз нейкi час Волька пачала раптам прысылаць бацьку грошы. Устрывожаны Дзядзюля пачаў збiраць весткi пра Вольку, але бацька яе раптоўна памёр, i пахавалi яго суседзi: Волька не прыехала. Больш таго, яна нават не адказала на тэлеграму, якую ёй далi. У тым, значыцца, горадзе яе ўжо не было. Рад - няволя, а Дзядзюлю прыйшлося забыцца на ўсю гэтую справу. Праз некаторы час Волька прыслала бацьку грошы, але iх нiхто з пошты не забiраў, i яны пайшлi назад. Узнепакоеная Волька напiсала бацькаваму суседу, i той адказаў, што бацька памёр i пахаван побач магiлы мацi. Пра Вольку больш нiчога не было чуваць.

Жывая карцiна ўсяго гэтага i паўстала перад Дзядзюлем, калi незнаёмая жанчына нагадала яму Вольку. З задаваленнем думаючы аб тым, што ён сваiмi заявамi адпомсцiўся Вольцы за колiшнюю знявагу, Дзядзюля спакойна клаўся спаць, акруглiўшы свае думкi фразай: "Цяпер мы з ёю квiты".

Назаўтра быў ясны дзень. Стаяла восень. Высока ўзнiмалася неба, i сонца залiвала зямлю. Прыемны лёгкi холад адчуваўся ў подыху ветру.

Сафрон Дзядзюля зранку iшоў на сваю працу. Цяпер ён быў начальнiк усёй кааперацыйнай сеткi па сельсавеце. З таго часу ён пастарэў, i дробная хада яго набыла большую выразнасць: цяпер ужо кожны мог заўважыць, што ступае ён дробна i цiха. Апрануты ў бобрыкавае палiто, ён нёс свой партфель, мiнаючы шырокiя завулкi новага калгаснага пасёлка. За апошнiя гады на ранейшай вулiцы асталося не больш палавiны хат: хто будаваўся, хто выходзiў на шырэйшую разлегласць. Стаяла многа новых дамоў. Сафрон Дзядзюля таксама жыў ужо ў новым сваiм доме, з чорным i чыстым ходам. З поўдня ад пасёлка, як вокам акiнуць, цягнуўся нядаўна засаджаны калгасны сад. З другога боку iшлi калгасныя гаспадарчыя пабудовы. Маладыя таполi, клёны i каштаны стаялi жоўтыя паабапал дарогi. Каб Волька Макаркавых з'явiлася сюды, тут яна ўжо зусiм не пазнала б роднай сваёй мясцовасцi.

Кааперацыйнае праўленне было ў новым доме, за калгасным садам. Пешаходная сцежка вiлася паўз самы могiльнiк. Падыходзячы да паркана, Сафрон Дзядзюля заўважыў раптам, што на царкоўнай сцяне вiсiць нейкае палiто. Зацiкаўлены, ён пералез цераз жэрдкi i падышоў. Царква была зусiм трухлявая. Гнiлая шалёўка не трымалася на цвiках i сыпалася ўнiз спарахнелымi кавалкамi. Доўгiя цвiкi скрозь тырчалi па сцяне. На адным з гэтых цвiкоў i вiсела палiто.

Палiто было жаночае, на ваце, з прышытым поясам i коцiкавым каўняром. Шустры верабей шаргануўся аб гэты мяккi каўнер, улятаючы з заўзятым шчэбетам у акно, якое ўжо было без рамы i шкла. Сафрон Дзядзюля стаяў, задзёршы галаву, здзiўлена разглядаючы палiто. Раптам ён пачуў шоргат рыдлёўкi аб жвiр. Азiрнуўшыся, ён убачыў жанчыну. Пазнаў цi здагадаўся, але ён з першага моманту быў упэўнен, што гэта тая самая, учарашняя. Каб блiжэй яе разгледзець, ён iнстынктыўна падаўся ў той бок i раптам спынiўся як ашаламонены: перад iм была Макаркавых Волька.