Выбрать главу

АНТОН АЛЕШКО

МАЛАДОСЦЬ

А п о в е с ц ь

Частка першая

1

Маладыя ластаўкі-подляткі, адчуваючы як прытка прыбываюцъ сілы і тужаюць крылы, наперабой шчабечуць перад шчаслівай маткай.

Дзень, другі і каторае стане на край гнязда, гайданецца, расставіўшы крылы, і глядзі — пераляцела на бэльку, альбо на галіну грушы. І хоць цяпер кожнае з іх можа самастойна лятаць, усё ж збіраюцца яны гуртам у цеснае гняздо і доўга стаіць шчэбет, пералівістае чыліканне. Блакіт неба вабіць іх, праз момант выпырхнуць яны і асірацее гняздо, клапатліва склеенае з вясны.

На маленькай вуліцы невялічкага гарадка было шумна. На лавачцы ўселіся дзяўчаты, каля іх хлопцы. Каму не хапіла месца, тыя ходзяць па вуліцы гурткамі, парамі. Чутна песня, ёй уторыць гітара.

Снуюць сілуэты на вуліцы.

3 інтэрната выйшаў хлапец і спытаўся ў студэнта, які стаяў збоку.

— Не бачылі Шуміна?

— Ён тут. Вунь... Шу-у-мін!— крыкнуў ён.

— Я-я,— адклікнулася з вуліцы.

— Цябе чалавек чакае...

Хутка з цемры паказалася постаць.

— Хто клікаў? A-а, Валодзя... Здароў!

Яны моцна паціснулі рукі. Ішлі паволі, загаварыліся. Валодзя ніжэй ростам, прысадзісты, пазіраў уздоўж вуліцы.

— Я, мусіць, заўтра адсюль паеду. Канец вучобе.

— У мяне яшчэ...

— На поле табе спяшацца не трэба, а тут пабыцъ не пашкодзіць.

У поцемках хто-небудзь гулка пратопае па тратуары, потым зноў на вуліцы ціха.

Валодзя спыняецца на мосціку.

— Прыязджаў учора з МТС Пятрусевіч. Бачыў я яго, казаў, што нашы жывуць нішто. Ведаеш, там рабочыя затрымалі нейкага валацугу, а калі яго ў пагранатрадзе разглядзелі, дык аказаўся шпіён...

— Дзе гэта было?

— Ішлі, кажа, на работу, бачаць, паплавамі ідзе чалавек. Аклікнулі яго — маўчыць. Тады да яго. Табе куды, чалавеча, трэба,— пытаюцца. Ён кажа: у Старчыцы. Якраз быў старчыцкі чалавек, ён пытацца: да каго ж хаця? Той пачаў гаварыць, што ў яго там ёсць знаёмая дзяўчына, і што яму абавязкова патрэбна туды. А ў вёсны ён і не ведае нікога. Бачыш як цікаваў, думаў абы да Старчыц, а там і граніца... Не ўдалося.

— Цяпер поўна лезе ўсякіх. Ловяць іх нібы курапатак за гумном. Лагуцкага летась вунь як усілілі, калі хацеў да паноў уцячы.

— То гэта старога. Малады мусіць уцёк. Папаганяў я яго...

— Кулаччо!..

Прайшлі яшчэ крыху, спыніліся.

— Перад ад‘ездам зойдзеш? Глядзі...

— Адсюль трактары пагонім, калі выгрузяць на станцыі. Мяне брыгадзірам ставяць. Папрацуем,— працягла сказаў Валодзя.

Міця не сумняваўся, бо ведаў Валодзю. У адной жа пасцелі выгадаваліся. Сябравалі шчыра, моцна. Бывала, у канец вуліцы грэйма бегла чарада дзяцей з драўлянымі вінтоўкамі. На выгане, каля разваленае хаты, адбывалася бойка. Кідаліся спачатку сухімі грудамі, потым ішлі ў атаку і з крыкам канчалі вайсковыя заняткі. Гуртам кіраваў абшарпаны, загарэлы Валодзя. Дзеці пераймалі ўсё, што рабілі чырвонаармейцы, калі стаялі ў вёсцы, прагнаўшы белапалякаў.

Падрос Валодзя, стаў першым комсамольцам у вёсцы. Раскулачваў багацеяў — тутэйшых шляхцякоў. Потым стаў трактарыстам. Да апошняга часу не парываў сувязі з камендатураю, дапамагаў пагранічнікам.

Валодзя яшчэ прайшоў крыху, спыніўся.

— Не забавішся... я так і скажу маці... Бывай!

Міця ішоў у інтэрнат і думаў, што хутка прыдзецца закончыць вучобу, тады працаваць. Дзе? Як пачнецца далейшае жыццё, як гляне яно на яго — усё было ў тумане. Па праўдзе кажучы, яму aб гэтым і думаць не вельмі хацелася, бо што калі адно думаеш, рахуеш, а выходзіць часта інакш. Вабіла і трывожыла блізкае заканчэнне вучобы. Міця спыніўся каля гуртка студэнтаў. 3 лаўкі адзываўся Толік-хвалько:

— Мне толькі скончыць. Гады я гаспадар свайго палажэння. Што мне там хто? Мо я ў Менск, ці Маскву хачу. Хто можа няволіць?

— Зачым у Менск... там трамвай. Каля мамы спакайней, — уставіў Міця і прысеў на край лаўкі. Гутарка працягвалася.

Міця толькі цяпер заўважыў побач Надзю, бадай самую меншую з дзяўчат выпускнога курса. Калі з ёю загаворыць Міця, яна апусціць вочы і так прыгожа схіліць маленькую, чорную галоўку маўчыць. На вуснах стыне прывабная усмешка і ўся яна здаецца лёгкай, нібы пушынка. Адносіны яе да Міці самыя найлепшыя. 3 ім яна умела падоўгу гутарыць, не зважаючы на тое, што Толік і яго сябры часта гаварылі з усмешкаю: „Міця — стыхія... Яму трэба многа, каб з яго атрымаўся тэхнік. А так... і застанецца неабчэсаным, дарма што ў тэхнікуме сядзеў...“

Пачуўшы гэта, Міця не звярнуў увагі, сказаў:

— Маміны сынкі. Мне з імі не па дарозе. Няхай.