— Таварыш памочнік, вы паранены,— і ўзваліўшы Міцю на плечы, папоўз за кусты.
Міця вырваўся з цэпкіх рук байца, азірнуўся.
— Таварыш Хмялёў, маладзец. Нічога. Я яшчэ магу,— і выбег з-за кустоў.
— За мною!..
Недалёка пахіснуўся адзін самурай і ўпаў, другі заенчыў, схапіўшыся за жывот. Справа рвала марознае паветра:
— Ура! Ура-а!..
Міця махнуў камандзіру ўзвода, крыкнуў:
— Таварышы!
Па схіле сопкі гуло рэха:
— Ура-а!..
.................................................
Увечары японцы зноў памкнуліся на граніцу. Але яны на ўласнай скуры адчулі моц зброі совецкіх пагранічнікаў. Самураеў разбілі ўшчэнт — часткай знішчылі, а рэшту ўзялі жыўцом.
Міця валодаў рукою ўжо зусім добра. Некалькі разоў пытаўся ў дзяжурнага ўрача, калі яго выпішуць.
Смешна часамі рабілася, як урач угаварваў неспакойнага камандзіра насіць руку на павязцы і пунктуальна выконваць яго прадпісанні.
— Яна не баліць,— гаварыў Міця.
Ён сядзеў у сталовай, перагортваў журнал. Дзяжурная сястра падышла, глянула блакітнымі вачыма.
— Вас хоча бачыць нейкі карэец. Настойліва патрабуе пусціць яго, але доктар...
Міця ўстаў і пашлёпаў у ардынарскую. Знайшоў урача.
— Сёння непрыёмны дзень... Не...
Міця прасіў.
— Як мы можем пусціць невядома каго? Прыязджалі з заставы, потым дэлегацыя была — пускалі... Вы хочаце...
— А можа справа сур'ёзная ёсць у чалавека. Запытайце ходь прозвішча яго.
Сястра хутка вярнулася.
— Чухрай, кажа...
— Яго можна,— з радасцю загаварыў Міця і выйшаў у калідор.
Урача ўгаварылі. Сястра вынесла халат. Цёпла сустрэўся з Чухраем. Ён паволі ціснуў руку, паглядаў на брытую галаву Міці. Уселіся на бялявай лаўцы, Чухрай пазіраў на рукаў халата, апавядаў.
— Прыехаў на пленум райкома і не зайсці не мог. А парадкі тут крутыя,—глянуў ён прыплюшчана ўздоўж калідора.
— Сам разумееш...
— Сінь Вія я ўсё ж накрыў на гэтым тыдні. Падлюга! Не без яго дапамогі лезлі япошкі...
Пайшоў Чухрай пасля паўдня. Міця пісаў маці ліст, пытаўся ці выявілі віноўнікаў смерці Валодзі. Настойліва патрабаваў узбудзіць новае следства.
Праз тыдзень Міця выпісаўся. Адзеў форму і калі прыйшоў ўрач, Міця доўга трос яго мяккую цёплую руку. Урач паглядзеў яа яго, на вуснах павісла ўсмешка.
— Жадаю ўсяго найлепшага...
— Дзякую...
Сонца выглянула з туману за сопкай. На двары спынілася машына. Міця зайшоў у кабінет начальніка і далажыў, што памочнік прыбыў і можа прыступіць да выканання сваіх абавязкаў.
— Адпачывай сёння, таварыш Шумін... Адпачывай!
— А і здорава мы іх узялі ў клешчы,— зірнуў Міця на поўны твар начальніка заставы.
Начальнік выняў з шуфляды пачак лістоў.
— Пішуць маладыя патрыёты. Хочуць служыць на нашай заставе. Во дзе грозная сіла паднімаецца! На, прачытай ліст брата Хмялёва,— і ён падаў яму спісаны аркуш паперы.
Заходзілі камандзіры. Міця глянуў на гадзіннік.
— Я пайду...
Дома знайшоў ліст ад Надзі, з якога зразумеў, што сяброўству канец. На некалькі лістоў Міця не даў адказу. Ён тупае па пакойчыку і не знаходзіць работы. Было шкада, што так недарэчна ўсё абарвалася. Хутка ўвайшла жонка начальніка заставы, Зоя Захарова, з газетай у руках.
— Прыехаў? Здаровы? Ну, і добра...
Лёгка абняла і пацалавала.
— Герою дня... Маладзец!
Міця збянтэжыўся і не разумеў у чым справа.
Зоя Захараўна разгарнула газету, паказала пастанову ўрада аб узнагароджанні адважных пагранічнікаў. Яна водзіць па радках пульхным пальцам, называе знаёмыя прозвішчы байцоў і камандзіраў.
— Старшы лейтэнант Шумін Дзмітрый ордэнам Чырвонай Звязды. І вы сядзіце? Усё тактыку вывучаеце?
— Нельга без яе, Захараўна.
— Свята сёння, свята... Не кажыце...
Зоя Захараўна толькі завіхнулася.
— Пабягу, свайму герою пакажу. Ён у кабінеце?
— У кабінеце, Захараўна...
Праз шыбу вакна ярка свеціць сонца. На двары каля будынкаў прыкметна туліцца вясна.
Частка трэцяя
1
Глуха дрыжыць паліца ў купэ.
За вакном мільгаюць узлескі. Нізенькі алешнік туліцца да насыпу і праз шырокае балота змяняецца гаем на грудку. Стромкія жоўтабурыя хвоі выносіста цягнуцца ўвысь, засланяюць сінь неба.
Замільгалі стальныя спляценні маста, бліснула срэбраная істужка ракі на зялёным лузе. У далечы, з садоў паказаліся будынкі гарадка. Міця ўзіраецца ў бялявы мініяцюрны будынак палкавой школы на беразе рэчкі. Правей відны будынкі рабочага пасёлка. Дыміць труба лесапільнага завода. Яшчэ з тэхнікума хадзіў Міця на сходы рабочых дакладчыкам, наладжваў выхады драмгуртка. Усё так знаёма!