Цяпер Надзя нібы не заўважыла яго. Ён легка дакрануўся да яе локця і адразу адняў руку. Сэрца ўстрапянулася, стала прыемна. Ён засароміўся, пасядзеў моўчкі, не ведаючы куды дзець руку, запытаўся:
— Сумуеш?
— А ты?
— Каб я сумаваў!
Надзя пазірае збоку і, хоць змрок вечара скрадвае рысы твару, яна добра ўяўляе Міцю.
Змрок паволі схлынуў у завулкі, суровым палотнішчам распа- сцерлася вуліца. 3-за чорнага даху доміка насупроць палілося мыльнае святло месяца.
Міця і Надзя пайшлі ў канец гарадка. Надзя гаварыла мала.
— Апошні месяц, Надзя, тут жывём. Выпырхнем потым — хто куды.
Бялява-шэрая вуліца рэдка абсаджана ясенем. Яго пупышкі лопнулі і лісце на чорным галлі тапырыцца маленькімі кутасікамі. Вуліца ляглa на ўзгорак, крута выбегла ў поле. У мыльным святле — як вокам дастаць — разлягліся паплавы. Міця пазірае ў туманную далеч, лёгка ўдыхаючы свежасць росных паплавоў. Надзя ступае па леташняй траве на абочыне дарогі.
— Добра было б паступіць ва універсітэт...
— Праўду кажаш. Для мяне то і гэтага за многа будзе...
— Чаму так?
— Каб ты ведала, як я сюды прыбіўся, пытацца не стала б...
— У цябе столькі сілы. Вучоба табе лёгка даецца...
У Міці лёгка кружыцца галава ад паху палеткаў. Ён пазірае на маленькую постаць Надзі і думае:
„Добра табе — у цябе маці настаўніца. А ў мяне? Я табе не раўня..."
— Хто да цябе заходзіў сёння?
— Мой брат — трактарыст. Вось, каб ён у тэхнікуме хоць год пабыў — во дзе тэхнік быў бы! Я ужо, як кажуць, сярэднюю асвету маю і то ён мяне па жыццёвых пытаннях пабівае...
Надзя задумалася, прыціхла.
— Пойдзем назад,— сказаў Міця.
Над паплавамі плыве воблак туману.
— Эх, Надзя, каб ты зразумела...
— Пачынаю разумець,— сказала яна і сумелася.
3 палетку нясе прэлым бульбоўнікам. На акраіне гарадка голасна пераклікаюцца пеўні.
2
Валодзя спяшаецца ў майстэрню. Мінуў пасёлак і, не выхо- дзячы на дарогу, разораю ўзяў нацянькі. Уецца ўперад сцяжынка па палетку азімага жыта. Зялёны аксаміт яго пачынае закрываць груды. Палетак шырокі, як вокам акінуць.
Летась тут Валодзя на новенькім інтэру рваў межы, касаваў векавыя перагародкі шнуроў. Закаціў іх у адзін кавалак, зараз проста не верыцца, што ідзе па сваім палетку. Сонца гарыць у малінавым паднябессі. Горача. Ён расшпіліў каўнер кашулі, брэзентавую куртку закінуў за плячо.
„У чым затрымка — не прыдумаю. Калі сам працаваў, не падводзіў матор, а тут — на табе“,— разважае Валодзя.
Лоб маршчыніцца і ўявіць сабе Валодзя не можа, у чым недахоп. Здаецца ўсё агледзеў, а вось прычыны так і не дайшоў.
„Скажу механіку — няхай сам паглядзіць", — разважае ён і ўжо голасна дадае:
— Сорамна. Скажа: вучылі, а толку ніякага.
Першы раз здарылася, што трактар сапсаваўся і Валодзя не змог знайсці заганы. Ён больш гадзіны перабіраў часткі, прабаваў усё, але нічога не знайшоў. Парашыў пайсці да механіка парахавацца, бо кожная гадзіна прастою пагражала не ўлажыцца з ворывам у тэрмін.
Валодзя пераскочыў канаву, выйшаў на абочыну дарогі. На ўзмежках зялёнымі стрэлкамі прабіваецца маладая травіца. У копанцы каля вёскі да хрыпаты крычаць жабы. Памахвае з поля ветрык, нясе пах раллі. Валодзя збіў на бок шэрую кепку, спыніўся на загуменні і крыху пастаяў. Яму не хацелася ісці да механіка. Каб час дазволіў, ён сам знайшоў бы сапсаваную частку, але марудзіць не выпадала.
Ён прыплюшчыў вочы, глянуў на паплавы. Туманная сінь мляўка плавала каля лесу і далёка тоўчаным шклом блішчэла ў лужах веснавая вада. На прыгуменні пад нагамі шуршэў леташні ліст. Несла васеннім спакоем, пустэчаю і стаяць тут Валодзі стала ніякавата. Ён насунуў на лоб кепку і пайшоў на вуліцу.
Бразнулі дзверы сянец і высокі чалавек паказаўся на ганку. Спыніўся каля плота і стаў развешваць шэрае павуцінне сеткі.
— У рыбу збіраецеся?
Той азірнуўся і на доўгім твары яго расплылася ўсмешка.
— Не... Няхай перасушыцца хаця. У цябе як работа?
— Нічога, працуем...
— Затрымак няма?
— Затым і прышоў, што ёсць,— цішэй сказаў Валодзя і нават здзівіўся, што так лёгка ўдалося сказаць прычыну свайго прыходу.
Механік развесіў сетку, адышоўшы сказаў:
— Прысядзем на прызьбе...
Механік закурыў люльку.
— Кажы, што там...
— Дыміць... Нешта шабуршыць у маторы.
— Свечкі праверыў?
— Нават газу прабавалі, ці гарыць... Прышоў да вас — дапамажэце...
— У адным трактары?
— У адным...
Трэба з'ездзіць. Ты скокні ў гараж, няхай Пятрусевіч едзе да мяне.
Валодзя выйшаў на вуліцу, рукавом выцер потны лоб і адчуў палёгку. Ён не чакаў, што, з выгляду такі суровы, механік так клапатліва выслухае яго і будзе турбавацца хутчэй знайсці затрымку ў трактары. Стала радасна. Цяпер толькі ўбачыў ён, што на гародчыках вёскі ўтаймаваўся прыгожы веснавы адвячорак.