Каля магазіна клікнуў Пятрусевіч.
— Здароў! — і падышоўшы бліжэй, сказаў з усмешкаю.— Брыгадзіру трактарнага парка прывітанне...
— Я да цябе. Механік сказаў заправіць машыну і ў Чапліцы.
— Што здарылася?
— Затрымка з трактарам. Ты мяне пачакаеш, я дамоў забягу.
— Добра...
Валодзя абышоў мосцік, глянуў на гарод. Там стаяла пахілая старэнькая хатка з разбураным вуглом. Страха аб‘ехала, рэбрамі тырчэла пруцце. Падслепаватыя вакенцы паглядалі чорнымі шыбкамі, напалову застаўленымі цёсам.
„Якая яма“ — падумаў Валодзя.
Цяпер ён не жыве тут. Яму сельсовет даў кватэру ў святліцы раскулачанага Лагуцкага. Не хацела маці пераходзіць у святліцу, куды раней ні разу не заходзіла. Хадзіла пазычыць чаго, дык толькі і была на кухні. Ледзь угаварыў Валодзя.
Маці з радасцю сустрэла яго, спыталася:
— Валодзік, мо з'ясі чаго?
— Трэба спяшацца.
— Ты хоць нанач дамоў прыходзь. А то я тут адна ў гэтай стадоле. І Міця не едзе...
Валодзя пайшоў на выган.
Механік застаўляў скрынку з інструментам над сядзенне, пыхкаў люлькай.
— Садзіся, сынок,— звярнуўся ён да Валодзі: — Паедзем...
Імчыцца насустрач гладкая дарога. Паабапал ляжаць пукатыя, жытным руном засланыя, палеткі.
3
На пульхнай купіне каля пня ўсеўся Бонік Згіроўскі. Ён пазірае на Мацея, глуха цэдзіць:
— Не спяшайся вельмі. Усёадно брыгадзіра няма.
— Я і не вельмі.
Ён калупае арэхавай палкай мяккі поплаў і зрэдку кідае погляд на абветраны твар Мацея. Той налёг локцем на пянёк, паказаў на палетак.
— Глянь колькі кацап ускаціў. У яго і трактар не псуецца.
— А ведаеш чаму ў мяне сапсаваўся? Toe і кажу, што не ведаеш.
— Трактарыст кепскі...— выскаліў рэдкія зубы Мацей.
— Няхай,— адказаў Згіроўскі.
Ён прыўзняўся на калена, глянуў на палетак.
— Праўда, многа ўзараў. А мы?
Згіроўскі доўга глядзіць на лагчаіну, што цягнецца да лесу. 3-пад лахматых брывей глядзяць пахмурыя вочы. Ноздры варушацца. На чырвоным твары святлеюць плямы лішая, здаецца ён знарок вымурзаўся ў мел.
— Не глядзі, не ўбачыш Есіпа.
Шырокія плечы Згіроўскага ўздрыгануліся, ён спалохана азірнуўся на Мацея і моцна сплюнуў.
— Пяруна няма на цябе...
— А то што?
Згіроўскі сеў зноў на купіну, супакоіўся. Ён сваяк Лагуцкага па жонцы, а Мацей яму даводзіцца блізкім. Летась Бонік дапамагаў Лагуцкім перабрацца да граніцы, павадыром быў, ды выйшла не гладка. Стары забавіўся і пагранічнікі злавілі яго, Есіп узлескамі ўвільнуў. Аб гэтым ведае толькі Мацей. У яго на ўсякі выпадак прыхавана частка дабра Лагуцкага. Есіп абяцаў наведаць хутка і ў апошні час Згіроўскаму рупіла спаткацца, сказаць, што ў хаце яго жыве цяпер...
Есіп не падумае нават, што рэч ідзе пра Валодзю, якога ён вельмі ненавідзеў. Як падумаў пра гэта Згіроўскі, горача зрабілася. Ён згроб палку і нэрвова капануў чорную зямлю поплава.
— А мо і ўбачу.
— Не,— усміхаўся Мацей.
Ён упёрся вачыма ў яго твар і сказаў крыху цішэй.
— Думаў, учора будзе. Не... Тады заўтра...
— Адкуль ты ведаеш? — зацікавіўся Мацей.
— Казаў чалавек з-пад Капыля. Яго тут на тым тыдні затрымалі.
Мацей здзівіўся ад нечаканай навіны і ўстаў. Ён баяўся, што прыхаванае давядзецца аддаць. Побач стаяў трактар Згіроўскага. Ён падняў капот і стаў прабаваць кантакт.
— Не чапай майго...
— А араць калі будзеш?
— Паспеем. План далі... звышранні сеў выдумалі. Цьфу!..— Мацей прыхіліўся плячамі да кола, падміргнуў.
— Глядзі, якія штучкі навучыліся рабіць, а-а?..
— І я ўжо казаў. Ён жа як гадзіннік працаваў у мяне, проста на дзіва. Я яму заляпіў горла і цяпер няхай паходзіць кусочнік.
Мацей пазірае, не разумеючы, што кажа той, а Згіроўскі дадаў:
— І яму трэ заляпіць, каб замоўк...
— Каму гэта?
Згіроўскі маўчыць. Мацей чакае адказу, але так і не глянуў на яго сваяк. Ён пастаяў моўчкі і памкнуўся ісці да свайго трактара. Згіроўскі прыцягнуў яго за рукаў, глянуў шэрымі вачыма.
— Мой не працуе. Ты ідзі насып пяску ў свой. Няхай кацап за нас план выконвае. Адпачываць пойдзем.
— Што ты?! Я пайду араць...
— Чакай, чаго баішся?
Мацей убачыў пачырванелы твар і дрыжачыя губы Згіроўскага, зразумеў, што жартаваць тут не месца і спакойна адказаў:
— Няхай уперад твой падладзяць. Тады...