5
Дзень згас.
Каламутная сінь вечара агарнула палеткі. Гусцее змрок у лагчыне каля кустоў. Туман павуціннем блытаецца на паплавах.
Каля зарасніку нібы з зямлі вырасла цёмная постаць чалавека. Праз хвіліну знікла. Чалавек сплюнуў і прысеў на корч. Выняў цыгарку і, накінуўшы вопратку на галаву, прыкурыў. Потым схаваў у рукаў, каб не відаць было бляску, пацягваў.
Калі добра змерклася, ён выйшаў на поле. Злева блукалі аганькі пражэктара і гудзеў матор трактара. Чалавек паволі пайшоў туды. Падцікаваў так, што дагнаў трактар і ішоў некаторы час воддаль ззаду. На завароце спыніўся, намацаў у кішэні гладкую шчаку маўзера, азірнуўся і пабег. Не дабег ён крокаў дваццаць, як Згіроўскі азірнуўся на плугі і крыкнуў:
— Валодзя!
Чалавек не адазваўся. Ён спатыкнуўся ў баразну, спыніўся і пазнаўшы па голасу Згіроўскага, узмахнуў рукою, мігам апынуўся каля трактара.
— Бонік, ты? — пытаўся чалавек, углядаючыся ў цёмную фігуру трактарыста.
— Есіп,— з шыпеннем глуха вырвалася ў Згіроўскага. Ён спыніў трактар, саскочыў на зямлю і доўга не ведаў, што сказаць.
— Я цябе ледзь пазнаў... Думаў, брыгадзір ідзе і клічу,— развязаўся язык у Згіроўскага, але Есіп перабіў:
— Ты цішэй,— і ён кінуў у бок пасёлка: — Ніхто не прыдзе?.. Ты адзін?..
Згіроўскі нібы замер на хвіліну, вырашыў штосьці і адышоўся да трактара. Гул матора сціх, патухлі пражэктары. Цемра копаццю засланіла ўсё. Не відаць Есіпа.
Праз хвіліну цемра пасінела. Побач стаяў Есіп Лагуцкі.
— Сюды прысядзем.
— Насядзеўся за дзень...
— Ты прысядзь, відней, калі хто ісціме... Ну, кажы...
— Што казаць? Як ты тут?
Згіроўскі не гаварыў, шаптаў сіплавата.
— Бачыш, дня мала, дык ноччу плужу. Вось да чаго дажылі. Планы і планы...
— Кажаш, таварышы крыўдзяць вельмі? — чуўся смяшок у голасе Лагуцкага.— Хату маю не разабралі яшчэ?
— Дзе бачыў! Кусочнік у ёй пасяліўся.
— Хто?
— Ды Марфа з байструкамі. Большы цяпер у нас тут — галава, брыгадзір,— голас Згіроўскага абарваўся.
— To ж ён увіхаўся хутчэй раскулачыць. Памятаеш? Мусіць тады ўжо снілася святліца...
— А коні і іншая гаўяда ў калгасе.
Лагуцкі прылёг, узіраючыся паўз зямлю на светлы край неба. Зусім нізка, ярка маячыла зорка. Навакол ціха.
— А хто на аўтамабілі прыязджаў пад вечар?
— Ты бачыў? Механік тут быў. Трактар сапсаваўся, дык яны круціліся, круціліся — нічога. Загадалі Мацею цягнуць яго ў майстэрню.
— Зламалася што?
— Не. Яго і доўбняю будзеш біць — не сапсуеш, большэвікі маторы рабіць навучыліся нібы амерыканцы. Я культурней падыходжу — пясочку насыпаў у цыліндры і ўсё... Не працуе трактар, задыхнуўся... А ты дзе быў?
— У Крошні за кустом прасядзеў цэлы дзень — бачыў усё. Ніяк не мог пазнаць — ты тут, ці хто другі. Далёка, выходзіць повідну нельга было.
— Калі прыйшоў?
— Світала ужо. У Макранах зайшоў да цесця, паснедаў і Крошняю аж сюды выйшаў. Абрыдала ў лесе сядзець...
Згіроўскага цікавіла, як жывецца за граніцай. Ён выпытваў прытаіўшы дыханне. Лагуцкі апавядаў.
— Зараз мяне накіравалі на Бабруйскі камбінат...
— Хто?
— Там ёсць гаспадары, што накіроўваюць, але я спачатку рашыў прыйсці сюды. Цікава ведаць як тут гаспадараць. Пойдзем, калі хочаш, са мною...
Згіроўскі аж прыліп да зямлі.
— А возьмуць?
— А то думаеш, там людзі не трэба? Абы умеў розумам сваім валодаць.
Згіроўскі падняўся на калені, нахіліўся да Лагуцкага.
— Прапала кароўка, няхай прападае і вяроўка. Я пайду з та бою, — ён прылёг, паглядзеў у бок дарогі.
Праз хвіліну пачуўся голас:
— Бо-о-нік!!
Хутка ўсхапіўся з месца Згіроўскі, поруч пружынаю выпрастаўся Лагуцкі.
— Хто гэта?
— Пачакай...
У вушах Згіроўскага звінела ад таго, што прагна сіліўся разабраць, хто кліча. Пачулася зноў працягла:
— Бо-онік!
Згіроўскі кінуўся да трактара, цягнучы за сабою Лагуцкага.
— Ты ляж на раллі, а я трактар завяду. Гэта брыгадзір... Кусочнік...
Ён крутнуў ручку ўперадзе трактара. Моцна лапануў матор. Поўзалі языкі пражэктара па раллі.
Згіроўскі ўсеўся на сядзенне. Рука тымчасам намацала побач у скрынцы французскі ключ, моцна сціснула яго.
Інстынктыўна адчуваў Згіроўскі, што Валодзя хутка падыйдзе сюды. У галаве мітусяцца спуджаныя думкі. Здавалася, невядомая сіла прэ яго ўверх з сядэення трактара.
— Не ладзіцца што-небудзь? —даляцела да слыху Згіроўскага запытанне Валодзі і ён адчуу, як левая рука моцна трымае дзеравяную аправу руля. Каля трактара Валодзя спыніўся і хацеў мусіць узлезці да Згіроўскага, як ён у момант выключыў матор і скочыў да Валодзі.