Выбрать главу

Калі ж танцмайстар давёў свайго навучэнца да таго ўзроўню, калі на ўроку можна было ўжо ўжываць музыку, пляменніка як падмянілі. Нанялі гарадскога музыку, які павінен быў сядзець на стале залы ў пустэльным доме. Танцмайстар тады павінен быў граць ролю дамы, для чаго стары пан адзяваў яго ў шаўковую спадніцу і ахінаў усходнеіндыйскім шалем; пляменнік запрашаў яго на танец, і яны пачыналі вальсаваць; але гэта быў нястомны, як апантаны, танцор, ён не выпускаў танцмайстра са сваіх доўгіх рук. Той мог стагнаць і крычаць, але ўсё роўна мусіў танчыць, пакуль не валіўся, зняможаны альбо пакуль у музыкі не дранцвела рука ад ігры на скрыпцы. Старога танцмайстра гэтыя ўрокі ледзь не даводзілі да магілы, але талер, які выплочваўся яму кожны раз, добрае віно, якім частаваў стары, рабілі сваю справу, і ён зноў і зноў прыходзіў, калі нават напярэдадні цвёрда вырашаў не ступаць больш на парог таго пустэльнага дому.

Насельнікі ж Грунвізэля, у адрозненне ад француза, глядзелі на справу зусім інакш. Яны лічылі, што ў маладога чалавека ёсць схільнасць да грамадскага жыцця, таму жанчыны гарадка радаваліся – улічваючы вялікі недахоп мужчынскага полу, – што да наступнай зімы яны прыдбалі спрытнага танцора.

Аднойчы раніцай служанкі, што вярталіся з рынку, паведамілі сваім гаспадарам пра дзіўнае здарэнне. Перад пустэльным домам быццам бы стаяла шыкоўная карэта са шкла, запрэжаная цудоўнымі коньмі, а служка ў багатай ліўрэі трымаў дзверкі. Тут адчыніліся дзверы пустэльнага дома, і з іх выйшлі два цудоўна апранутыя паны: адзін з іх быў стары прыезджы, а другі – мусіць, малады пан, які з такой цяжкасцю вывучаў нямецкую мову і так шалёна танчыў. Абодва селі ў карэту, слуга ўскочыў на запяткі, і карэта – уявіце сабе! – скіравалася проста да дома бургамістра.

Калі жанчыны пачулі такое ад сваіх служанак, яны паспешліва знялі з сябе фартухі і не зусім чыстыя чэпчыкі і апрануліся ў святочнае. “Няма ніякага сумневу, – гаварылі яны сваім блізкім, у той час, калі ўсе яны заняліся прыборкай гасцінай, якая звычайна служыла для розных патрэб, – няма ніякага сумневу, што прыезджы выведзе свайго пляменніка ў свет. Стары дурань на працягу дзесяці гадоў не дадумаўся нагой ступіць у наш дом, але даруем яму гэта дзеля пляменніка, пэўна ж, вельмі чароўнага маладога чалавека”.

Так яны гаварылі і наказвалі сваім сынам і дочкам не горбіцца і вымаўляць словы лепш, чым звычайна.

І разумныя жанчыны гарадка не памыліліся, бо стары пан з пляменнікам па чарзе аб’язджалі сем’і, каб увайсці ў іх у ласку.

Усе былі проста зачараваныя абодвума прыезджымі і шкадавалі, што раней яшчэ не мелі шчасця пазнаёміцца з імі. Стары пан паказаў сябе годным, вельмі разважлівым чалавекам, які, праўда, што б ні гаварыў, лёгка пасміхаўся, так што не было ўпэўненасці, гаворыць ён сур’ёзна ці не. Але яго размовы пра надвор’е, пра мясцовасць, пра летнія забавы ў склепе пад гарой былі такія разумныя і прадуманыя, што ўсе былі ў захапленні.

А пляменнік! Ён зачараваў усіх, ён паланіў усе сэрцы! Праўда, што да знешнасці, то яго твар нельга было назваць прыгожым: яго ніжняя частка, асабліва сківіца, занадта ўжо выпірала ўперад, а скура была вельмі рудая, ён часам корчыў усялякія дзіўныя грымасы, заплюшчваў вочы і выскаляў зубы, але ўвогуле рысы яго твару ўсе палічылі надзвычай цікавымі. Яго рухомая, спрытная фігура не ведала сабе роўных. Адзенне, праўда, крышку неахайна звісала з яго тулава, але ўсё яму цудоўна пасавала. Ён вельмі жыва рухаўся па пакоі і валіўся то на канапу, то ў крэсла, выцягваючы ногі далёка перад сабой. Але тое, што ў іншага маладога чалавека палічылі б за грубасць і непрыстойнасць, у пляменніка сходзіла за геніяльнасць.

– Ён жа англічанін, – чулася то тут, то там, – яны ўсе такія. Англічанін можа разлегчыся на канапе і заснуць у той час, калі дзесяць дамаў шукаюць месца, куды сесці. На англічаніна за такое нельга крыўдзіцца.

У адносінах да старога пана, свайго дзядзькі, ён быў вельмі паслухмяны, а калі пачынаў на карачках скакаць па пакоі, ці, як яму было даспадобы, усаджвацца на крэсла з нагамі, то дастаткова было аднаго позірку, каб заклікаць яго да парадку. Ды і як было крыўдзіцца на яго, калі дзядзька ў кожным доме гаварыў гаспадыні: “Мой пляменнік яшчэ крыху неабчэсаны і неадукаваны, але я ўскладаю вялікія надзеі на грамадства, яно яго выправіць і адукуе, і я рэкамендую яго вам ад шчырага сэрца”.