Грунвізэльцам было вельмі сорамна перад усім тым краем. Адзіным суцяшэннем было тое, што гэтаму дапамагалі звышнатуральныя сілы. Але больш за ўсё было сорамна грунвізэльскім маладым людзям – за тое, што яны пераймалі дрэнныя звычкі і норавы малпы. Яны цяпер больш не гайдаліся на крэсле, не абапіраліся локцямі на стол, яны маўчалі, калі ў іх не пыталіся, яны знялі недарэчныя акуляры, паводзілі сябе ветліва і прыстойна, як і раней, і калі хто-небудзь зноў выяўляў дрэнныя, вартыя смеху звычкі, то грунвізэльцы казалі: “Во якая малпа”.
А малпа, якая так доўга грала ролю маладога пана, была перададзеная вучонаму ў яго калекцыю прыродных з’яваў. Той дазваляе малпе хадзіць па двары, корміць яе і паказвае як рэдкасць кожнаму прыезджаму. Там яе можна ўбачыць і сёння.
[1] Франсуа-Андрэ Філідор – кампазітар і знакаміты шахматыст (1726–1795.