Андрэй пачынаў каяцца, што выбраўся на гэтую справу. Лепш бы паставіць кварту за кавалак дубіны - і сам выпіў бы чарку і быў бы смелы і спакойны. І яму захацелася, каб хто перашкодзіў цяпер, каб мець законнае права вярнуцца дамоў. Так было на душы Андрэя, а ногі яго ўсё неслі і неслі ў гэты страшны, пануры лес, дзе цяпер так цёмна і жудасна. Яшчэ гусцейшы і цяжэйшы змрок агарнуў Андрэя, як ён ступіў у лес. Прайшоўшы з паўвярсты, Андрэй спыніўся. Вось тая хвоя з вехаю, ад якой трэба ступіць колькі крокаў направа. Патупаўшы, Андрэй сяк-так намацаў гэты дубок, які вартаваў не толькі Максім, а яшчэ пільнавалі і другія стражы, што былі ў самім Андрэю - страхі. Андрэй прыслухаўся. Лес маўчаў. Можа ён зацікавіўся, што будзе рабіць тут гэты чалавек, чаго ён прыйшоў сюды варушыць і трывожыць яго сон. І было штось страшнае ў гэтым нямым спакоі лесу, і гэты страх перадаваўся Андрэю; ён стаяў ціха, баяўся кашлянуць і павольна адводзіў яловыя лапкі. Калі-нікалі жалобна шорхаў сухі, завяўшы ліст, адрываючыся ад дрэва і падаючы на сыры дол.
- Ну, што будзе, то будзе.
Андрэй узяў сякеру. Яна высока паднялася ўгару. Пачуўся першы стук. Вострая сталь глыбока ўрэзалася ў маладое дрэва, і гэты першы гук быў падобны да цяжкага, адрывістага кашлю, які вырваўся з глыбіні надарваных грудзей сухотніка. Андрэй, секануўшы раз, адскочыў убок і на момант замёр, прыслухоўваючыся. Але вакол было таксама глуха і ціха.
Зноў узляцела сякера і пайшла латашыць усё часцей і зласней. Скора адна палавіна дубка была падсечана. Андрэй зайшоў з другога боку. З кожным узмахам сякеры дуб слабеў і хістаўся, дрыжаў голымі сукамі і ўсім сваім целам. Вось ён чуць пахіліўся, абамлеў і, здавалася, выглядаў месца, дзе б упасці. Андрэй упёрся рукой і папхнуў яго. Голыя сукі крануліся сукоў суседніх дрэў, як бы развітваючыся з жыццём, зачапіліся на момант і, аслабеўшы, асунуліся, і маладое дрэва цяжка ўпала, застагнаўшы, на зямлю.
Андрэй адышоўся і стаў слухаць. Адмераўшы чатыры тапарышчы па камлі, Андрэй з нейкаю злосцю стаў адсякаць кавалкі дуба. Адсекшы кавалкаў шэсць, ён пазносіў іх на дарогу. Здалёку пачуўся глухі стук колаў аб карэнне. Андрэй пайшоў насустрач сыну.
III
Яшчэ ніколі не зазнаваў Андрэй такога клопату, як цяпер. Недарма гавораць людзі: «Хто ўкраў парасё, таму і ў вушах пішчыць». Прывёзшы дахаты шэсць кавалкаў дуба, Андрэй, да часу, паскідаў іх на старану, дзе ляжалі яшчэ немалочанае жыта і салома.
Прызнацца, Андрэй нават не рад быў, што ссек гэты дубок: мала што можа стацца! Быць не можа, каб хто не бачыў, як ён пхаўся ўночы з лесу. А языкі ў людзей доўгія. Пад уплывам гэтых думак Андрэй быў неспакойны: спаў кепска і часта абуджаўся, прыслухваўся, што робіцца на дварэ.
Кожны гук, шум, аброненае кім на вуліцы слова прымушалі трывожыцца і думаць ліха ведае што. І якая гэта схованка - гумно? Усякі дурань першым дзелам паткне туды свой нос. Тут Андрэю прыйшлі на памяць тыя здарэнні, калі ў гаспадароў знаходзілі дубкі, бярэзінкі і ўсякія падобныя рэчы якраз у гумнах... Трэба перахаваць, і чым скарэй, тым лепей - покі не ўзялі яшчэ тропу.
- Што гэта, Андрэй, на цябе сягоння сну няма? - пыталася жонка.
- Так, не спіцца.
І, памаўчаўшы, Андрэй сказаў:
- Ведаеш, я ўсё думаю, каб не агледзеліся гэтага дубка.
- Можна ж схаваць так, каб не знайшлі.
- Вось і я гэта думаю: у гумне якая схованка? А дзе схаваць?
- Схаваеш заўтра - будзе часу, а цяпер спі.
Жонка адвярнулася да сцяны і праз хвіліны дзве зайграла носам. А Андрэй яшчэ доўга ляжаў з адкрытымі вачыма і разважаў. Страшныя думкі лезлі ў галаву. А што, калі хто ўдасць яго? Прыйдзе ўраднік, стражнікі з аб'ездчыкам і леснікамі, зробяць вобыск і, напэўна, знойдуць у яго дубок. Зноў Андрэю ўспаміналіся падобныя здарэнні. Моташна рабілася ад гэтых думак. Андрэй усунуўся ў шлапакі, накінуў на плечы кажух і выйшаў на двор.
Якая цёмная ноч! Здавалася, неба блізка-блізка нахілілася да зямлі і ціснула яе сваім густым і цяжкім змрокам. І ўсё вакол было так глуха, так нема, усё роўна як закамянела або вымерла. Андрэй зірнуў у той бок, дзе быў лес. Яго аж скаланула: здаецца цяпер, каб і золатам абсыпалі, не пайшоў бы туды; як толькі хапіла ў яго адвагі ісці туды, у такую цемрадзь! У сяле было таксама ціха і глуха, нават сабакі і тыя ўсе змоўклі; відаць, і яны чулі гэты страх магільнай цішы і не адважваліся зрабіць між сабой пераклічку. Толькі ў Якімавым хлевушку забляяла жаласна ягнятка, згубіўшы сваю матку, і зараз жа пачуўся кароткі адказны водклік старой авечкі: «Ідзі да мяне!» - ды часамі ў свінушніку ціха стагнала праз сон свіння такім змарнелым, стомленым галаском, усё роўна як бы ёй заставалася тры чвэрці да смерці.
Андрэй пастаяў, паслухаў. Гэтая маўклівая і страшная ноч не дала яму ніякага адказу, і ён пайшоў у хату.
«Сягоння яшчэ можна быць смелым», - думаў Андрэй, кладучыся на палок і ўкручваючыся ў дзяругу. «Пакуль тое ды сёе, то яшчэ ёсць часу схаваць, а цяпер можна спаць смела». Але Андрэй ляжаў яшчэ з паўгадзіны і думаў, як хітрэй схаваць дубок. На гэтых думках Андрэй і заснуў. І прысніўся яму сон. Здаецца, прыйшоў ляснік Максім Заруба, у чыім абходзе ён высек дубок. Прыйшоў не злосны, як можна б чакаць, а надта маркотны. Твар яго быў белы, як вымазаны мукой.
- Адабраў, брат Андрэй, ты ад мяне кавалак хлеба! - сказаў Максім. - Ад цябе я гэтага не спадзяваўся, - сказаў і невядома дзе дзеўся.
Андрэй стаяў, як аглушаны. Хацеў сказаць слова - язык не варушыўся; хацеў бегчы за Максімам - ногі не слухалі. І, цяжка застагнаўшы, Андрэй абудзіўся.
Ноч, доўгая, жудасная, трывожная ноч яшчэ цяжка аблягала зямлю. Толькі што адспявалі другія пеўні, і сяло ўсё спала цяжка і глыбока. Андрэй ляжаў і тросся - так узбунтаваў яго гэты сон, і ён быў ясны, жывы і страшны. Цяжка выказаць, што рабілася цяпер на душы ў Андрэя.
За ўсе тыя часы, як ён убачыў гэты пракляты дубок, і аж да цяперашняй хвіліны Андрэй ні разу не падумаў аб тым, што зараз яму прыснілася. І не было прычыны так думаць: ці мала людзі крадуць у лесе? Каб за кожную неўпільнаваную пакражу выганялі леснікоў, то іх не было б на свеце.
І чаму ж ён прысніўся, і прысніўся так нядобра? Цяпер Максім ні на момант не сходзіў з вачэй Андрэя. Андрэй успомніў, што яны з Максімам калісьці сябравалі, разам гадаваліся, разам былі на прызыве, у адзін год жаніліся і потым ужо разышліся не з-за якога ліха, а так проста разлучыліся, а сходзіліся - кожны з іх мог смела паказаць вочы адзін другому. І Андрэй першы раз пачуў, што нейкая сцяна вырасла ў гэтую ноч між ім і Максімам. Андрэю было чагосьці шкада. Чаго? Ён і сам не ведаў.