Выбрать главу

Гэта была цяжкая і неспакойная ноч у жыцці Андрэя.

IV

- Ну, што ў цябе чуваць? Парубкі ў лесе няма?

Максім пачуў, што па спіне ў яго запоўзалі мурашкі, нейкі холад прабег па ўсім целе. Маленькае замяшанне, і Максім цвёрда сказаў:

- Усё ў парадку.

- Ну, то хадзі ж, я табе пакажу, які ў цябе парадак.

Сказаўшы гэта, аб'ездчык, сярэдніх год чалавек, правая рука ляснічага і пярвейшы шэльма, скрыва і злосна зірнуў на лесніка і павёў яго ў лес. Максім увесь задрыжаў. Залажыўшы руку за спіну і моцна сціснуўшы стрэльбу, ён моўчкі ішоў за аб'ездчыкам. Ён добра ведае, куды вядзе яго гэты кат і што хоча паказаць яму.

«Вядзі, няхай цябе сляпога водзяць. Кланяцца табе не буду і прасіць тваёй ласкі не стану. Што будзе, то будзе», - думаў, ідучы, Максім.

- Ці не будзеш ласкаў зірнуць, - гаварыў тым часам аб'ездчык, прывёўшы лесніка на тое месца, дзе колькі дзён назад стаяў дубок. Аб'ездчык добра націкаваў гэтае месца, і ў яго наперад усё было разлічана. Нават яго далікатная прамова да лесніка была абдумана раней, каб злосна пацешыцца з таго, як будзе выглядаць Максім Заруба, стоячы перад пнём ссечанага дуба. Але працягнутая рука яго так і засталася: перад імі было гладкае месца, і вакол стаялі дрэвы, ды дзе-нідзе тырчалі абросшыя мохам даўнейшыя пні. Максім пазіраў на аб'ездчыка поглядам чалавека, які нічога не цяміць і чакае тлумачэння.

Аб'ездчык зірнуў на Максіма. Ледзь значная ўсмешка прабегла па губах лесніка. Нават елкі, якім на гэтым месцы было крыху прасторней, здавалася, усміхаліся, пазіраючы на аб'ездчыка - такую дурную ён меў міну ў гэтую хвіліну.

- Што за чорт? - сказаў ён. - Тое самае месца, а дзе ж пень?

- Мала тут пнёў? - спытаў Максім, стаўшы на прыкрыты мохам пень нядаўна ўкрадзенага дуба і паказваючы рукою на старыя пні. - Ды і сам, пан, стаіш як пень, - не вытрымаў Максім, каб не пасмяяцца з аб'ездчыка.

- Ты мне кпінак не строй! - крыкнуў аб'ездчык і забегаў вакол лесніка, як ганчак, вынюхваючы сляды.

Улучыўшы мінуціну, ляснік зірнуў адным вокам сабе пад ногі. У адным месцы мох адхіліўся, і з-пад яго свяціўся свежы пень. Максім чуць-чуць пасунуў нагу, каб закрыць гэтую лысіну. Аб'ездчык, як каршун, зірнуў на лесніка.

- А на чым стаіш, ягамосцю?

Максім пачуў, што ён прапаў.

- Стаю, як і пан: нагамі на зямлі.

Аб'ездчык раптоўна падскочыў да лесніка, штурхануў яго ў грудзі і капануў нагою мох. Пень раскрыўся.

- Зладзюга! Лес крадзеш, сам канцы хаваеш! - як гад, сіпеў аб'ездчык.

У адзін момант усё пазелянела ў вачах Максіма, і лес закружыўся, заскакаў. Доўга не разважаючы, размахнуўся ён, і яго цяжкая рука з гучным пляскам апусцілася на шчаку аб'ездчыка. Шапка зляцела ў таго з галавы, і сам ён захістаўся і паляцеў потырч носам на гэты пень. Максім накінуўся на свайго ворага і пачаў мяць яго.

- Задушу! - хрыпеў ён, як звер, сціснуўшы аб'ездчыка за горла. Аб'ездчык звіваўся, як вуж, малаціў нагамі, кусаўся. Вочы яго вылазілі з сваіх гнёздаў.

Памыкаўся ён крычаць, клікаць на помач, але голас яго не мог выбіцца з грудзей, а вакол не было ніводнай жывой душы. Адзін толькі лес, нямы сведка гэтай праявы, стаяў вакол глухой сцяной і маўчаў, не варушыўся. Відаць, ён бачыў яшчэ не такія справы, стоячы тут вякамі.

- Братка, змілуйся! За што? - енчыў аб'ездчык, страціўшы надзею выкруціцца з рук лесніка. Да Максіма вярнулася памяць і розум. З вялікаю нянавісцю зірнуў яму ў твар, борзда падняўся і сказаў:

- Ідзі, жалься на мяне, - і злосна пайшоў у лес.

Аб'ездчык падняўся, узлажыў шапку, дзіка азірнуўся вакол і кінуўся бегчы.

- Гвалт, ратуйце! - крычаў ён бегучы.

V

Досвіта другога дня Андрэй ужо кешкаўся ў хляве. Запаліўшы газоўку, павесіў яе на сцяне і, узяўшы сахор*, Андрэй адкідаў гной ад сцяны, з таго боку, дзе было вышэй. Чорная карова з адной загарадкі, цялушка-выпустка з другой і чырвоны конік уставіліся пільна на гэтую цікавую дзею. Толькі адна свіння не хацела звяртаць увагі на Андрэя. Яна спакойна ляжала ў сваім берлагу і, здавалася, ніколечкі не дзівілася, як бы даўно ведаючы, што і чалавек часамі бывае не лепшы за яе. Прабраўшы яму і выслаўшы яе саломаю, Андрэй перанёс сюды з гумна камлюкі, закрыў іх тоўстым пластам саломы і наверх нагарнуў гною. Скончыўшы работу, Андрэй акінуў вокам гэты куток, і на твары яго з'явілася ўсмешка здавальнення.

* Сахор - вілы для гною.

- Згніюць тут, калі я сам не дастану іх, - сказаў сам сабе Андрэй і спакойна выйшаў на вуліцу. Тут ён пастаяў, высмактаў люлькі са дзве, павітаўся з суседзямі і суседкамі, што ішлі па ваду, і, як чалавек, якому няма чаго баяцца, пайшоў уладжвацца каля гаспадаркі. Ходзячы па дварэ, ён нават мармытаў сабе пад нос нейкую песню: «Шапка мая магерачка».

Прайшло дні два. За гэты час не выявілася нічога такога, што б магло патрывожыць Андрэя, і ён ужо рыхтаваўся дастаць з-пад гною дубкі, каб пусціць іх у дзела. Якраз прыйшоў да яго сваяк Якім Бубен.

- Чуў ты? - гаворыць Якім. - Зарубу гоняць вон са службы.

Андрэй пабялеў. У сярэдзіне ў яго нешта заныла, як бы адарвалася, і ён пачуў, як сэрца затахкала дробна-дробна.

- Завошта? - спытаў ён.

- А хто яго ведае. Кажуць, аб'ездчыка набіў, - парубка там нейкая знайшлася ў лесе, ну і завяліся. А можа, так абгаварыў яго аб'ездчык, хто іх там разбярэ... От прасіся за лесніка, - закончыў Якім.

- А! - махнуў рукой Андрэй. - Служачы хлеб - сабачы!

- Ну, не кажы гэтага. Можна, брат, жыць лепш, як на гаспадарцы: паша - дарэмная, дровы - дарэмныя, поле, сенажаць - сякі-такі абрывак, - жыць можна.

- Э, брат Якім, дзе ён ёсць - лёгкі хлеб? Добра служыць з добрымі людзьмі. А калі пачнуць кусаць адзін другога, то доўга не паслужыш... За які-небудзь паршывы дубок...

Тут Андрэй запнуўся.

- Не, лепш, брат, не знаць такога хлеба.

Якім бачыў, што Андрэй не хоча, не мае ахвоты быць лесніком. Ну, яго воля.

Усё сяло гаманіла пра Максіма, разбірала яго справу на ўсе лады. Адны трымалі руку Максіма, шкадавалі яго; другія - наадварот, былі рады, бо зайздросцілі яму. А наогул нікога блізка не чапала тое, што чалавек страціў кавалак хлеба, і нікога не цікавіла, як ён страціў яго. Пра гэта ведаў адзін толькі Андрэй. Але ўсё тут павярнулася так, што яму не выпадала падзяліцца з людзьмі сваімі думкамі. Гора не ў тым, што людзі не прымаюць нашых думак або насміхаюцца з іх: тут мы можам хоць цешыць сябе тым, што нашы думкі калі-небудзь знойдуць для сябе лепшы грунт, ці тым, што людзі яшчэ не дараслі да іх, і ўсё ж такі мы можам смела гаварыць іх, крычаць, не саромеючыся паказаць іх перад вачыма ўсяго свету. Але цяжка таму, хто не можа смела сказаць аб сваіх думках, хто баіцца вынесці іх з свае душы на людскі суд і хто мусіць насіць іх, як атруту, на сэрцы. Такія нядобрыя думкі апанавалі цяпер Андрэя. Як-ніяк, а ён быў прычынай таго, што чалавека выпіхаюць вон на зіму без кавалка хлеба... Але Андрэю яшчэ не верылася, што гэта праўда. Яму зрэдку думалася, што ўсё гэта можа яшчэ ўладзіцца і Максім застанецца. А можа тут хаваецца зусім іншая прычына? Гэтыя думкі на момант супакойвалі Андрэя, і ён уважна прыслухоўваўся, што гавораць людзі. На другі дзень не заставалася ніякага сумнення, што Максіма гоняць. Цяпер пачалі гаварыць ясней і аб прычыне, па якой яго выганяюць. Максім, казалі, прадаў дубок у лесе.