Моташна было Андрэю слухаць такія гутаркі - проста свет здаваўся яму нямілы. Здаецца, узяў бы завязаў вочы і ішоў бы няведама куды, абы знайсці заспакаенне, абы не чуць той згрызоты, што была на яго сэрцы.
І чаго яму было лезці ў гэты лес? Сядзеў бы сабе спакойна і гора не знаў бы.
Эх, здаецца, каб нічога гэтага не было, каб яно толькі прыснілася яму! Усё б было добра, каб не гэты дубок.
VI
Як толькі настаў вечар і добра сцямнела, а людзі крыху аціхлі, Андрэй зноў пайшоў у хлеў, адгарнуў гной і павыносіў камлюкі на дрывотню.
Відаць, Андрэй нешта надумаўся. Прыхіліўшы камлюкі да сцяны, Андрэй доўга пазіраў на іх. Хвацкія камлюкі. Важнецкія выйшлі б спіцы для колаў. А паліцы на сохі!.. На момант Андрэй забыўся аб тым, чаго ён прыйшоў. Пастаяўшы, ўзяў самы тоўсты кавалак дуба, палажыў яго на плечы і панёс у Нёман. Гэта была яго ахвяра сумленню, гэтым хацеў ён выкупіць свой грэх перад Максімам і вярнуць спакой душы. Несучы камлюк, Андрэй раздумваў над тым, ці добра ён робіць, ці ёсць тут які-небудзь толк. Ногі яго ішлі павольней, колькі разоў ён азіраўся назад - ці не лепш вярнуцца ды зноў схаваць?
- Э! - казаў сам сабе Андрэй. - Збуду з галавы гэты клопат, раз пакончу з гэтым ліхам! - І борзда пайшоў на бераг Нёмана.
Апусціўшы павольна камлюк, Андрэй узяў яго за адзін канец, а другі апусціў у ваду. Нёман зараз жа падхапіў яго на свае плечы, і Андрэй адразу пачуў, як стала лягчэй у руках. Тут ён з усёй сілы штурхнуў камлюк на ваду. Дубок стралой памчаўся на сярэдзіну, толькі гладзенькая палоска вады абазначыла яго след, і ён прапаў у халодных і чорных ад змроку хвалях Нёмана.
- Якому ж лысаму чорту гатаваў я гэты дубок?! - крычала нешта ў Андрэю. - Для каго я выпакутаваў яго сваёй крывёй? Хто спажыве боль мазалёў маіх?
І Андрэй забегаў па беразе Нёмана. Ён пабег на ніз, туды, дзе за нортамі* прыгожа разлёгся шырокі гак, у надзеі, што вада вынесе камлюк дуба на бораг... Бегучы, Андрэй папаў у вырытую свіннямі яму і ўпаў, ляпнуўшыся жыватом, на халодную і мокрую зямлю. Падняўшыся, ён зноў пабег. Вось і гак. Але ноч была такая цёмная, што нічагусенькі не было відаць. На другім беразе глуха шарахцеў вецер у сухіх лозах і чаротах. Халодная, як жалеза, вада плюхала ў пустыя берагі і ўсхліпвала, як маці, страціўшы дзяцей сваіх... Пастаяўшы колькі мінуцін, Андрэй пайшоў дадому. Раз пачаў, - трэба канчаць. Усё роўна не на карысць яму вырас гэты дубок. Андрэй узышоў на свой двор.
* Норт - круты паварот рэчкі.
- Андрэй, гэта ты? - аклікнуў яго голас.
- Я, - азваўся Андрэй.
- Дзе цябе чэрці душаць? - спытала сярдзіта жонка. - Вячэра даўно стыне!
- Чорт не возьме тваю вячэру, - адказаў Андрэй і палажыў на плечы два кавалкі дуба.
- Куды ты іх валачэш?
- Не табе ведаць.
Жонка змоўкла, а Андрэй зноў пайшоў на бераг. Ён быў злосны, ішоў борзда, а жонка назіркам рушыла за ім. Яна зацікавілася, куды нясе Андрэй гэтыя камлюкі. Спыніўшыся на беразе, Андрэй паўкідаў абодва кавалкі ў ваду. Жонку ўзяў нейкі страх. Ні слова не гаворачы, яна пабегла дадому. Ёй здалося, што Андрэй звіхнуўся з розуму.
Праз паўгадзіны Андрэй вярнуўся. Моўчкі зняў ён шапку, расперазаўся, павесіў світку і сеў за стол.
Жонка не ўтрымала і пачала распытваць.
- Ат, не дуры ты мне галавы, - адмахнуўся Андрэй.
- Ну, ці ж ёсць у цябе розум! Навошта ж было сеч? Каму з гэтага карысць?
- Чорту лысаму! - сказаў Андрэй.
- Толькі ж чорту... Хіба іх агледзеў хто? - не адступалася жонка.
- Во дзе яны ў мяне сталі, камлюкі гэтыя! - сказаў Андрэй і паказаў рукой на горла. - Чалавека вось выгналі з-за іх, а ты...
- Дык ты вярнуў яго гэтым?
Андрэй не знайшоў што сказаць, маўчаў.
VII
Яшчэ больш заблытаўся Андрэй. Толькі цяпер ён пераканаўся, што кідаць камлюкі ў ваду была дурная выдумка. І праўда: ці вярнуў ён гэтым Максіма на службу? Ці вярнуў сабе спакой? І хіба можна адкупіцца ад сумлення тым, што ён пакідаў у ваду камлюкі? «Дурань я», - думаў Андрэй, трасучы карове трасянку. Ухадзіўшыся, Андрэй выйшаў на вуліцу. Вось ужо колькі дзён ён староніцца ад людзей і жыве толькі сам сабой, сваімі думкамі, што так моцна стамілі яго душу. У сяле, у тым месцы, дзе вуліца выходзіць да Нёмана, стаяла даўней старая карчма. Гэта карчма, бывала, бітком была набіта людзьмі. Сюды сходзіліся і ў радасці, і ў горы; тут была гарэлка, якая, як кажуць знайкі па часці выпіўкі, была і крапчэйшая, і таннейшая, і шмат прыямнейшая ад цяперашняй манаполькі. Па старой памяці сюды ўсё яшчэ цягнула сялян гэтае месца, дзе калісьці стаяла карчма, ад якой застаўся адзін толькі падмурак; тут стаялі яны, усунуўшы ў зубы цыбукі і схаваўшы рукі ў рукавы кажухоў, пад адкрытым небам. І гэтым разам былі тут мужчыны, і сярод іх ішла сур'ёзная гутарка. Андрэй стаяў здалёк адзін і не адважваўся падыходзіць бліжэй. Раптоўна ён задрыжаў: у гэтай кучцы сялян быў Максім Заруба. Андрэй быў павярнуўся, каб ісці назад, але яго цягнула нейкая сіла да гэтай кучкі. Патаптаўшыся момант на адным месцы, ён зноў павярнуў назад. Максім стаяў і штосьці гаварыў. Аб чым ён гаворыць? Андрэй не мог больш працівіцца жаданню ведаць, што гаворыць загублены ім чалавек, і падышоў. Яму здалося, што людзі глядзелі на яго так, як бы ведалі ўсю справу з дубком. Андрэй прывітаўся з сялянамі агульным «дзень добры», а Максіму працягнуў руку і нясмела сказаў: