Выбрать главу

- Здароў, Максім!

- Здароў, брат Андрэй! Ну, Андрэй, - сказаў Максім, - прымай, брат, у падсуседзі.

Сэрца ў Андрэя так і апала: няўжо Максім ведае, што ён, Андрэй, ссек дубок - чаму загаварыў аб падсуседстве? Не! Каб ведаў, то наўрад бы падаў яму руку, не толькі што звярнуўся б да яго з такой просьбай.

- Завошта ж, брат, цябе выдалілі? - спытаў замест адказу, нібы нічога не ведаючы, Андрэй.

- Тырчаў на дарозе пень, пакуль за яго не чапляліся, а сталі чапляцца - пню не ўтрымацца.

- Дык не за дубок адмовілі ад службы? - з жарам спытаўся Андрэй, і вочы яго прасвятліліся.

Максім нахмурыўся, як бы цень лёг на яго лоб.

- Скуль ты ведаеш аб дубку?

- Каму і ведаць, як не Андрэю, - пажартаваў Стаська Гук.

Андрэй замяшаўся, пабялеў і сказаў:

- Так гавораць.

Андрэй зірнуў на Максіма. За апошнія часы Максім асунуўся, пахудзеў. Вочы яго глыбока запалі. Відаць, многа горкіх думак, трывогі і клопату перамітусілася ў яго мазгах. І было з чаго: што злога ён зрабіў? За чыю віну паплаціўся? І куды дзецца цяпер? Андрэй, як злачынец, апусціў галаву. Момант, і ўвесь здрыгануўся, падняў галаву, акінуў усіх поглядам.

- Максім, братка! Гэта за мяне ты пакутуеш: гэта я ссек дубок! Рабі са мной, што хочаш. Бі, катуй мяне!

Усе змоўклі і пазіралі на Андрэя.

- Няхай будзе пракляты той час, калі я першы раз зірнуў на гэтае няшчаснае дрэва. За што цярпіш ты?

Максім горка ўсміхнуўся.

- Ты ссек дубок? Вось ніколі не спадзяваўся!.. Э! Цяпер ужо ўсё роўна. Табе можа і лягчэй, а мне - адзін чорт. Ды калі напраўду выйшла, то ты не такі ўжо вінаваты, як табе здаецца... О, каб я цябе злавіў у лесе, то быў бы другі рахунак. А цяпер твая споведзь паможа мне, як мёртваму кадзіла.

- Паможа, паможа! - закрычаў Андрэй. - Я пайду ў лясніцтва і раскажу ўсю праўду. Няхай мяне судзяць, няхай забяруць апошнюю карову, няхай пухнуць з голаду дзеці, не кажы толькі, што Андрэй цябе загубіў.

Андрэй крута і з сілай павярнуўся.

VIII

- Смейцеся, добрыя людзі: здурнеў зусім чалавек! - пачакаўшы з паўгадзіны, чуўся жаночы голас каля Андрэевай хаты.

Андрэй, апрануўшы кажух і ўзяўшы палку, выйшаў з двара на агароды, каб не ісці вуліцай, а жонка стаяла каля парога і адчытвала яго.

Андрэй маўчаў. Твар яго быў сур'ёзны, важны і спакойны.

- Вярніся, вярніся, Андрэй, - не ўнімалася жонка.

Андрэй не слухаў і сігаў далей, не азіраючыся.

- Што з ім сталася? Пагібелі сабе і дзецям шукае чалавек... Каб ты ногі паламаў, каб ты дарогі не бачыў! Вярні-і-ся!

Жонка яшчэ доўга плакала і галасіла, а Андрэй тым часам мінуў ужо сяло і выйшаў на дарогу. Вакол рассцілалася поле, голае, пустое, абабранае. Збоку пацягнуўся луг паабапал Нёмана. Там і сям стаялі парыжэлыя стагі. Далей перад Андрэем пачынаўся лес, праз які ішла дарога. А над усім гэтым вісела хмурнае неба, як кепска зааранае поле. На ўзгорках патыхаў халодны паўночны вецер, гразь сціскалася марозікам, пад нагамі цвярдзела. Гадзіны праз паўтары Андрэй быў у лясніцтве.

За сталом у канцылярыі сядзеў стары ляснічы. Гэта быў няўступчывы чалавек, з якім было цяжка дайсці да ладу.

Пераступіўшы парог канцылярыі, Андрэй нізка пакланіўся. Ляснічы кіўнуў галавой і зноў стаў пісаць. Потым павярнуў галаву да Андрэя. Пажаваўшы сківіцамі, пан запытаў:

- А што скажаш, чалавеча?

- Панок! - сказаў Андрэй і ўвесь падаўся наперад. - Дарэмна пакаралі Максіма Зарубу: я ўкраў дубок! Каб я не прыждаў, калі я са згоды Максіма высек гэты дубок.

Ляснічы, вытарашчыўшы вочы, пазіраў на Андрэя. Пажаваўшы сківіцамі - такі быў звычай у старога пана: жаваць сківіцамі перад тым, як гаварыць, - ён сказаў:

- А заўважай, небарача: ты, гаворыш, дуб высек?

- Я, я, паночку!

- Гм, то які ж бы ты быў гаспадар, каб не краў у лесе? - спытаў ляснічы.

- Панок, залаценькі! Даруй, панок, Максіму! Я вінаваты, штрафуйце, судзіце мяне. За што ж будзе нявінны чалавек цярпець?

- Табе Максім не сваяк?

- Не, панок, не свой.

- То, мусіць, ён цябе падгаварыў?

- Панок, грэх гаварыць гэта! Максім нічога не ведаў. Толькі сягоння пры людзях я прызнаўся яму, і сам сабою прыйшоў да пана. Даруй, паночак, Максіму. Няхай лепш мяне пан судзіць. Я вінаваты, і я павінен адпакутаваць.

- Ха-ха-ха! А заўважай, небарача: смешны ты чалавек. Вось жа не буду ні штрафаваць, ні ў суд падаваць, калі ты гэтага просіш. А Максіма не прыму, бо ён забіяка, разбойнік.

Доўга прасіў Андрэй ляснічага, але пан быў цвёрды і стаяў на сваім.

...Грудкі хмарак разгладзіліся, неба пабялела, і пасыпаў дробненькі сняжок, як Андрэй ішоў з лясніцтва. Усю дарогу разважаў Андрэй у сваіх думках. На душы яго стала спакайней як пасля кожнай буры. А снег усё падаў гусцей: зямля забялелася. Лес стаяў спакойны, толькі ўгары шумелі паціхеньку хваёвыя галінкі, як бы віталі першы сняжок. А можа яны шапталі што Андрэю, як шэпча маці, схіліўшыся над дзіцем, расказвалі сваёй мовай аб тым, што Андрэй сапраўды не такі вінаваты, як гэта крычыць яму кожную хвіліну чулае сумленне. Эх, лес! Колькі чаго давялося бачыць яму на сваім вяку. Многа ён ведае ўсяго! І каб Андрэй расчытаў яго гутарку, то зусім бы інакш пазіраў на свет.

І ўспомнілася Андрэю старая казка, якую даўно-даўно, у шчаслівыя гады яго дзяцінства, расказвала нябожчыца-бабка.

«Скінула неба на зямлю дзіўны клубок. Усіх карміў гэты клубок, і карміліся ім людзі, карміліся звяры, і птушкі, і розныя маленькія жывёлінкі, бо для ўсіх прызначыла яго неба. І ўсе жывіліся, і для ўсіх яго ставала. Пазайздросціў гэтаму злыдзень, і нямаведама дзе дзеўся дар неба. І цяжка стала жыць на свеце. Зямля пачала бяднець і спустошвацца. Дзе былі даўней шырокія рэкі, там засталіся цяпер ледзь значныя палоскі вады; дзе і зусім яна высахла - парабіліся пустэчы. Лясы сталі зводзіцца, развёўся бруд, што накінуўся на чалавека і стаў піць яго кроў. Зямля пачала кепска радзіць: пайшлі па свеце паморкі, паўстала сварка, калатня, бойка. Людзі сталі трывожныя, неспакойныя, усё чагось спадзяюцца, чагось шукаюць, да чагось прыслухоўваюцца. Само неба спахмурнела і адвярнула ад зямлі свой воблік».

Лес скончыўся. Вось бераг Нёмана. Вярсты дзве адгэтуль угару пакідаў Андрэй дубкі. Ён ішоў берагам, прыглядаўся, як бы чагось шукаў. Вакол было пуста. А снег усё сыпаў і сыпаў.

1913 г.