Выбрать главу

— Гаспадар ваш не бярэ? — здзівіўся ён, пазіраючы на яе не так, як учора, а з нейкім агеньчыкам у вачах.

— Няма ў хаце гаспадара...— чамусьці незадаволеная, што ён так гаворыць, адказала яна.

— Паехаў куды?

— Памёр...

— Так... Вы...— ён развёў рукамі.— Удава, значыць... Маладая ўдава...

— Жыву з хлопцам, — прамовіла яна.— Увосень ужо шосты год будзе...

— Я тож адзінокі...— сказаў ён.— Быў жанаты, меў дачку...— прамовіў i стаў самотны.

Маня не спытала, дзе яго жонка, збаялася вымавіць слова «памерла». Страшнае для яе было гэтае слова... Толькi неяк па-новаму, дабрэй зірнула на яго, паспачувала.

— Праўда, жонка мая жывая, — сам сказаў ён.— Работа мая такая — у паездках... Прытуліў яе другі, лепшае паабяцаў. Кінула... Езджу вось ужо чацвёрты год па свеце, нідзе затрымацца не магу. А хутка ўжо трыццаць з палавінаю, хочацца асесці...

— А дачка ваша дзе?— спытала Маня, шкадуючы i яго, i яго дзіця.

— Не аддала мне. Судзіўся, але прысудзілі ёй. Яна на месцы, а я вечна ў раз'ездах.

— I ў вас гора...— са спачуваннем прамовіла яна, села на лаўку.

— Спачатку мучыўся, цяпер прывык, ачарсцвеў.

— I я неяк адзервянела, звыклася з удоўскаю доляю — работа ды работа.

— А вы ж, відаць, маладзейшая яшчэ за мяне?— спытаў ён, зірнуў на яе, гэтаксама са спачуваннем i лагодаю.

— Мне трыццаць тры.

— Сама жыць, а мы ў гэтыя гады...

— Што зробіш, калі так бог даў, — сказала яна.

— Бог гэты... Да аднаго дык i дужа добры, а да другога ўвесь час спіною...

— Мне дык век не шанцуе...— паскардзілася Маня.— Не хочацца i расказваць...

— Так, бывае...— мармытнуў ён, закурыў i выйшаў на двор, каб дыміць там.

З акна Маня бачыла, як ён сустрэўся ў двары з яе сынам, загаварыў з ім. Сын гэтаксама нешта расказваў, паказваў рукамі, смяяўся.

Пасля кватарант вярнуўся да ганка i падняў лазы, ускінуў ix на плячо. Пайшоў на вуліцу, сын падаўся за ім. Яна, каб лепш бачыць, перайшла хату, прыпала да другога акна, што глядзела на вёску.

Кватарант адзеў на ногі лазы i лёгка, як кот, палез на слуп; сын стаяў i глядзеў, так, разявіўшы рот, што ў яе зашчымела сэрца: мужчына мужчынскае любіць...

Салавей злез са слупа, пачаў адзяваць лазы на ногі яе сыну. Яна затрывожылася, пазірала, як сын няўмела, чапляючы лазамі то за свае ногі, то за зямлю, падышоў да слупа, лез на яго i спаўзаў долу. Тады Салавей падперазаў яго сваім поясам, прыхапіў i слуп, падняў малога i рукою прыціснуў лазы да слупа. Сын палез наверх, азіраўся ўніз i смяяўся. Такі ён быў задаволены, шчаслівы.

Калі крыху падняўся, зноў глянуў на зямлю, спыніўся i спалохаўся. Яна затрывожылася, што зваліцца яшчэ ды пакалечыцца. Сын закрычаў. Яна выскачыла з хаты. Але сын ужо стаяў на зямлі, Салавей адвязаў ад яго ног лазы, супакойваў.

— Скруціш галаву, калі такі дападны! — сярдзіта сказала сыну, хоць, мусіць, яе гэтая сярдзітасць была залішне мяккай.

— Нічога, — усміхнуўся Салавей, разумеючы яе.— Спачатку i сталыя вышыні баяцца. Але ўсе i хочуць яе. Добра там?

— Ага, — кіўнуў галавою малы, пазіраў не на яе, а на кватаранта.

— Будзеш электрыкам? — усміхнуўся той.

— Угу.

— Чаго ж галасіў тады? — усміхнулася i Маня, узяла сына за руку i павяла ў хату.

Следам за імі, усміхаючыся, падаўся Салавей.

Гэтым вечарам ён не пайшоў у вёску, рана лёг на канапе i чытаў. Ix раздзяляла тонкая шырма, i яна чула, як ён загарнуў кнігу, патушыў лямпу, уздыхнуў. Яна гэтаксама не спала, думала i пра Сцяпана i пра свайго кватаранта, i яе аж палохала: пра чужога чалавека думала больш. Разважала, што благая была ў яго жонка: яна, Маня, каб быў у яе добры чалавек — берагла б яго, калацілася б за ім, як за дзіцем...

«Што ён добрага бачыць? Лазіць па слупах, цягаецца па чужых хатах. Хто пусціць, а хто i не пусціць, каторы добра пачастуе, a другі абы-як. Глядзі ў чужую міску. Але што я пра яго?.. Чужы чалавек...»

...Назаўтра i паслязаўтра кватарант яе не прыйшоў вячэраць i начаваць. Яна ўжо моўчкі бедавала, што не ўтрымаўся i зляцеў са слупа, пакалечыўся. Перабрацца на другую кватэру не мог: яна глядзела добра, што мела, тое i ставіла на стол, не павінен быў пакрыўдзіцца, ды рэчы яго засталіся, каб пераходзіў, то забраў бы. Яна ўжо хацела схадзіць да Януковых хлопцаў, якія штовечар прыходзілі дамоў, спытацца, дзе дзеўся яе Салавей. Нават выйшла ўжо за вароты свайго двара, але вярнулася, паслала спытаць сына i гэтаксама вярнула яго: падумала, што скажуць на гэта людзі...

Варта было папрасіць мужчыну выкасіць дзялянку травы, з'ездзіць з ім у лес ці папрасіць закалоць свінню, як пра гэта ведала ўся вёска. Аднойчы нават, калі наставала брыгадзіра, суседку Ядзю злавіла ля акна — стаяла i падцікоўвала... А цяпер во запляліся гутаркі пра яе i Франака...