Яна пастаяла крыху, як не ведаючы, што рабіць. Потым падалася да рэчкі, паглядзела на быструю ваду. Паволі распранулася, але не скокнула, як сёння раней, а села на бераг, пабоўтала нагою ў вадзе i паволі спаўзла з берага. Заплюшчыла вочы: вада здалася вельмі халоднай.
Праплыла крыху, асвяжылася i павярнула назад. Вылезла з рэчкі, выцерлася i адзелася. Рабіла ўсё як без свядомасці. Зірнула самотна на луг і, апусціўшы галаву, пайшла дадому.
«Няхай бы сёння я не ішла да гэтай рэчкі. Хай бы паляжала дома на ложку!..»
Як выйшла з балотца, падалася дадому не сцежкаю, а полем. Праз жыта, па разоры. Калі ішла ўчора, дык зрывала з маладога жыта вяршок, надкусвала — рабіла свісцёлку, дзьмула ў яе. Брала ў рот некалькі свісцёлак, цілінькала, дык выходзіла прыемная музыка — падбірала, выціліньквала любую мелодыю. Сёння нават не хацелася дакранацца да жыта, не гаворачы ўжо пра гарэзныя забавы.
Пасля жыта агародамі Антаніна дайшла да свайго дома. Мінула хлеў, увайшла ў двор. I аж стала, нібы прыраслі да зямлі ногі: ільючы сабе на грудзі, піў з вядра ваду на ганку Віктар. Быў без майкі, босы, у старым трыко. Заспаны.
Яна, разгубленая, пазірала, як ён паставіў на ганак вядро, выцер рукою губы i падбародак, пагладзіў далонню па мокрых грудзях i тады заўважыў яе.
— Ну што? — здаецца, з пагрозаю спытаў ён.
Антаніна зусім збянтэжылася, прыкрывала халатам шыю.
«Няўжо неяк уведаў? Можа, бачыў? Можа, сказаў хто?»
— Чаго так пазіраеш гнеўна?— нібы ўсміхнуўся ён.— Ведаеш ужо?
«Не, нічога не знае. Сам недзе правінаваціўся».
— Вытварыў яшчэ нешта, — прамовіла яна з незадавальненнем, падышла бліжэй.
— Селі ў абед палуднаваць, ну, па кроплі ўзялі...— з віною прызнаўся Віктар.— А тут дырэктар наскочыў. Раскрычаўся. З трактара прагнаў...
— Лета, такая гарачая рабочая пара, а яны гарэлку піць...— гнеўна сказала яна.— Патапіліся б, здаецца, у гэтай атруце.
«I вось табе! — яшчэ падумала з помстаю.— I я пакарала цябе... Вот май тое, што заслужыў... Гэта ты вінаваты... Ты!»
Віктар маўчаў, ні апраўдваўся, ні злаваўся.
— Колькі ж маглі трываць? Канечне, прагналі...— нападала на мужа Антаніна, выказваючы злосць і за яго ўчынкі, i за сябе.— П'яны вадзіцель ці каму гора можа зрабіць, ці сябе або трактар пакалечыць... Але ж гавары ці не гавары — нічога не памагае...
Перажывала Антаніна, перажываў i Віктар. Яны амаль не гаварылі між сабою, стараліся толькі размаўляць з сынам, стараліся аддаваць таму ўсю сваю ўвагу.
Вось i сёння, калі прайшло ўжо тры дні з таго выпадку ля рэчкі, Антаніна не знала сабе спакою. Не магла пайсці да таго месца, не магла быць у хаце.
«Віктар думае, што я злуюся, гэтакая нервовая таму, што яго прагналі з трактара...— думала яна, седзячы на канапе i не ведаючы, за што ўзяцца, дзе дзецца.— Хоча памірыцца, падлагодзіцца, абяцае, што болей не будзе так рабіць... А сёння вот раскрычаўся: «I мне цяжка, горка на душы. Але я маўчу. А ты ўсё злуешся, добрага слова не скажаш!» А што я яму скажу, як магу быць ласкавай?!»
Паднялася, пахадзіла па цёплым пакоі.
«Але я i абманваю сябе: люблю Міхаіла Іванавіча. Чакаю яго. Баюся, але чакаю...— i абхапіла з адчаем далонямі галаву.— Я зусім заблыталася!..»
Хадзіла-хадзіла па пакоі, пасля спынілася ля акна: здалося, не зусім ужо чыстыя фіранкі. Зняла ix, каб памыць. I тут жа ўбачыла, што ў двор уваходзіць чалавек. Аж памлелі ногі: ішоў Міхаіл Іванавіч.
«Што ён сабе думае? Ён загубіць мяне...»
Адхінулася ад акна, хапілася рукою за сэрца. Не магла пабегчы ў сені i зашчапіцца. Патурзаў бы за клямку, пастаяў бы — ды i сышоў бы. А то во зойдзе вось-вось у хату.
«Ну, чаму не бягу? Чаму не слухаюцца ногі?»
Ён пастукаў у дзверы, зайшоў.
Спачатку зірнуў строга, а пасля, калі агледзеўся, што яна адна, усміхнуўся i пайшоў да яе — і ў яе прапала злосць на сябе. Падышоў, прытуліў i моцна пацалаваў у вусны — яна адказала доўгім пацалункам.
— Дома ж нікога няма? — шапнуў ён пасля.
— Не.
— Я наўмысна, каб хто чаго не падумаў, ішоў не гародамі, a вуліцай... Як па-дзелавому... Ляцеў на крыллях. Чуеш?
Спытаў i зноў пачаў цалаваць яе. Пасля падхапіў яе на рукі.
— О божа! — прастагнала яна.— Прападу я...
Ёй здалося, што ўвесь свет у гэтую хвіліну зрушыўся i кудысьці паляцеў. А можа, i не свет, можа, яна кудысьці, высока-высока, паляцела, нічога не разумеючы.
— Мілы мой! — шаптала яна.— Люблю, люблю, люблю!
— Мне пара ўжо выходзіць...— праз паўгадзіны, а можа, яшчэ i раней (Антаніне здалося, што гэты час толькі прамільгнуў, як святло маланкі), прамовіў Міхаіл Іванавіч, надзеў свой шэры пінжак.— Дык дамовіліся: сустракаемся ў горадзе, паслязаўтра?