Выбрать главу

Яна яшчэ ляжала на ложку, накрыўшыся лёгкім прасцірадлам, з сорамам пазірала на яго, адчуваючы, як млява, соладка торгае цела, шчымяць вусны, не прападае цяпло са шчок. I ўся яна лёгкая-лёгкая. Як маленькая птушка.

— Дык прыедзеш?— запытаў ён, прысеў, усміхнуўся. Першы пачаў называць яе на «ты».— Ну, разумееш, у горадзе нам лепш сустракацца. Вёска невялікая, мігам усё ўбачыць, пусціць погалас. A ў горадзе ты нікога не ведаеш i цябе ніхто не ведае.

Яна маўчала. Здзіўлялася, як хутка ён з нясмелага, далікатнага хлопца стаў такім асцярожлівым, смелым, як узяў над ёю ўладу. Яна нічога не адказвала, толькі з сорамам пасміхалася.

— Я чакаю вельмі, рыбка, чуеш? — ён нахіліўся, пацалаваў яе.— Прыедзеш?

Яна са згодаю кіўнула галавою.

9...

Вось прыйшла серада.

Антаніна зноў, як i ў тую паездку ў горад, доўга стаяла ля люстэрка, стараючыся зрабіць добрую прычоску.

На кухні снедалі муж i сын. Яна не хацела есці. Не да гэтага было.

«Божа, куды еду, чаго!— думала Антаніна.— I не дакараю сябе, ірвуся! Што са мною зрабілася? Чаму думаю, калі не ўбачу яго, дык жыццё маё будзе пустое, марнае?.. Якая я, мусіць, бессаромная стала... Ап'янела вот — i пра ўсё забылася... Хачу жыць, хачу быць любімай! А ён такі мілы, слаўны! Яго нельга не кахаць!»

Затупаў, зірнуў з дзвярэй Віктар.

— Ну, мы пайшлі, — сказаў ён з лагодаю, зірнуў на яе з нейкай панікласцю, нібы яна яму чужая жанчына.

— Ну, ідзіце, — спакойна адказала яна.— Толькі парай, што мне сёння адказаць...— бадай, упершыню за астатні тыдзень яна загаварыла больш-менш ласкава.— Мяне хочуць паслаць у Мінск на месячныя курсы для павышэння кваліфікацыі...— гаварыла i адчувала, што не ўмее маніць: залілася чырванню, гараць, як ад агню, шчокі i не можа зірнуць яму ў вочы.— Можна не ехаць на цэлы месяц у сталіцу, калі буду кожную сераду ездзіць на вучобу ў раён. Дык што мне адказаць?

— Канечне, ездзі лепш у раён, — адказаў Віктар.— I бліжэй, i раз у тыдзень, — прамовіў i, здаецца, быў рады, што яна так з ім загаварыла.

«Сам вінаваты... Я гаварыла, прасіла... Махнуў на мяне рукою...»

— I я так думала...— сказала яна i адвярнулася. Каб больш не стаяў, не пазіраў на яе гэтак.

Калі стаяла ўжо на аўтобусным прыпынку, да яе падышла Надзя. Ішла на работу i завярнула да яе.

— Куды так зноў нашыкавалася?— спытала тая, здаецца, з зайздрасцю пазіраючы на яе.

— На курсы...— адказала Антаніна, саромеючыся i стараючыся не пазіраць у вочы.

— Нешта ты гэтую весну ўборы часта мяняеш, гэтакія во прычоскі робіш... Зусім змянілася...

— Выдумляеш нешта...— толькі ўсміхнулася Антаніна. I як на збавенне зірнула на аўтобус, што падыходзіў.

У аўтобусе гэтаксама саромелася пазіраць на людзей, гаварыць з імі: здаецца, усе ведалі, куды яна едзе...

У горадзе, як выйшла з аўтобуса, зайшла ў педкабінет, потым — у блізкія магазіны. Нічога не купіла. Ды i не думала, што купіць. Думала толькі пра адно: як ісці туды?

Пасля ішла па знаёмай вуліцы памалу, нага за нагу, хутка знайшла знаёмы дом: тут некалі кватаравала яе сяброўка. Пазірала на пяціпавярховы гмах i адчувала: не, сама не зойдзе ў яго, у кватэру з нумарам «25».

— Антаніна Іосіфаўна! — пачула нечакана знаёмы голас.

Са сполахам азірнулася — нідзе нікога.

«Няўжо мне здалося? Няўжо я...»

I тут убачыла Міхаіла Іванавіча. Ён, выходзіць, хаваўся за вугал. Выйшаў са схованкі, наблізіўся.

— Добры дзень, Тося!— ca шчасцем прашаптаў ён, — Хадзем, мілая.

— Добры дзень, — мусіць, заліваючыся ад чырвані, адказала яна, не могучы зірнуць яму ў вочы.

Яны ўвайшлі ў двор, дзе было шмат зеляніны, павярнулі ў самы апошні пад'езд. Ля яго на лаўцы сядзелі дзве бабулі. Яны, здаецца, вельмі пільна пазіралі на Антаніну. Ёй стала аж холадна.

Падняліся на другі наверх. Зайшлі ў калідор.

— Як я чакаў цябе, мая рыбка!— Міхаіл Іванавіч не даў ёй апамятацца, абняў, асыпаў твар пацалункамі. Яна слаба баранілася, — Якая ты сёння прыгожая!— радаваўся ён.— Якая вабная, мілая. Я трачу розум... Але заходзь, заходзь...

Яна скінула туфлі, паклала на вешалку сваю сумачку i зайшла ў невялікі, але ўтульны пакой. Шафка з кнігамі, журнальны столік, тэлевізар на доўгіх ножках, канапа. На століку крыштальная ваза з белымі i чырвонымі кветкамі.

— Ну як?— усміхнуўся ён.— Даеш згоду быць тут гаспадыняй? Даць жыццё гэтай халасцяцкай кватэрцы? Ну, не маўчы. Скажы што.

— Што сказаць?— усміхнулася яна.— Сама ж прыйшла...