Выбрать главу

10...

Як у казцы, як у сне, праляцеў месяц.

Антаніна пачала ўжо ездзіць у горад па два разы на тыдзень — у аўторак i ў пятніцу.

Вось i цяпер яна была ў горадзе, у Міхаіла Іванавіча.

— Цяжка мне, вельмі цяжка...— скардзілася яна.— Чуеш, мой родненькі?

— Чую, чую...— адказваў ён, гладзячы яе па галаве.— Пацярпі яшчэ крыху...

— Не ведаю, як жыву цяпер...— шаптала яна, лашчачыся i цалуючы яго ў плячо.— Нічога дома не раблю. Усё падае з рук. Баюся, спаць не магу. Не магу, што абманваю мужа, дзіця. З табою смелая, жыць хачу, а вось дома... Мусіць, няшчасце маё, што ты гэтак мяне заваражыў...

— Што ты! — як пакрыўдзіўся ён, прытуліўся, пачаў цалаваць яе ў вусны, у голую шыю, у грудзі.— Нe гавары так: мы самыя шчаслівыя людзі. Хіба хто так любіць, як любім мы адно аднаго? Такое каханне, можа, многім нават i не сніцца...

— Так, гэта так, — згадзілася яна.— Але ж мы грэшнікі. Хаваемся ад усіх...

— Трэба ўсё добра абдумаць, як нам быць разам...— ён угадаў яе думкі, але адказаў неяк вельмі няясна.

«Што тут думаць? Трэба забіраць мяне сюды — i ўсё... Раз я асмелілася на гэта, дык змагу ўжо i другое — пакінуць Віктара: ён ужо чужы мне. Зусім чужы. Трэба цяпер, у жніўні, i пераязджаць, бо потым пачнецца работа i будзе цяжэй... А так яшчэ тут i работу знайду...»

— Давай з'едзем куды...— сказала яна. Сказала так, каб ён ведаў, пра што яна думае.— Будзем заўсёды толькі разам.

— Ты можаш кінуць мужа?

— Калі мы...— у яе ад крыўды аж змяніўся голас.— Калі ты знайшоў мяне на лузе, калі перакруціў мне жыццё, дык не пытаўся пра гэта. Гаварыў другое...— i яна паднялася, ссунула ногі з канапы на падлогу, пачала адзявацца.

— Не крыўдзіся, — папрасіў ён, зноў вярнуў яе на ранейшае месца, абняў.— Я ж думаю, як усё зрабіць найлепей. Можа, i праўда нам некуды з'ехаць. Бо тут i твой муж, i мне з работы не дадуць спакою, будзе нялёгка на першым часе... Вось давай абдумаем усё добра i ў наступны раз вырашым ужо ўсё цвёрда. Так што, — ён зноў асыпаў яе твар пацалункамі, — хутка мы цябе вызвалім, выбавім з гэтакага цяжкага жыцця, зажывём зусім па-новаму...

Антаніна зноў прыехала ў горад.

Ужо нікуды не заходзіла. Адразу ішла на кватэру Miхаіла Іванавіча.

Ішла не як госця, а як гаспадыня. Яна ўжо добра, да драбніц, ведала гэтую вуліцу, гэты дом. Адчувала, што хутка тут застанецца i будзе жыць.

З раніцы блакітнае неба пачынала шарэць, зацягвацца хмарамі. Прыпарвала: збіралася на дождж. На дварэ нібы прыжаўцела, а то нават i пацямнела, было неяк трывожна: пэўне ж, меліся быць грымоты, маланкі.

«Нічога, няхай будзе i дождж, — усміхалася сама сабе Антаніна.— I дождж трэба, усё будзе лепей расці, — I зноў, як i дарогаю ў аўтобусе, пачала марыць, гадаць, як яны вось-вось сустрэнуцца, будуць гаварыць.— Я скажу, што Віктару яшчэ нічога не гаварыла пра развод, але перагледзела, памыла ўсё адзенне, усю бялізну, што вазьму з сабою. Не, пра гэта не буду гаварыць, гэта ўсё надта дробна. Пачну з самага важнага. Скажу, што цяпер мы павінны ўжо быць разам: я цяжарная. Ад цябе, мілы Міхаіл Іванавіч...— яна ўсміхнулася, а пасля як схамянулася, спалохалася ўсяго гэтага.— О божа! А раптам што будзе не так, як думаю... Што я тады буду рабіць? Так заблыталася...»

Яна паднялася на другі паверх, пазваніла. Пачакала. Зноў пазваніла. Але чамусьці ён не падыходзіў i не адчыняў. Няўжо жартаваў, правяраў яе цярпенне? Зноў доўга націскала на кнопку.

«Недзе выйшаў, — супакоіла сама сябе.— Пачакаю на двары».

Выйшла з пад'езда, сноўдалася туды-сюды па вуліцы. Пільнавала. Але Міхаіла Іванавіча ўсё не было.

Лінуў дождж. Неяк адразу спорна, уліўна, што за нейкую хвіліну пацяклі ручайкі. Яна нават не паспела дабегчы да пад'езда. Змокла.

Стаяла доўга, пакуль не сахвоціўся першы лівень. Міхаіла Іванавіча так i не дачакалася. Паехала дадому.

...Праз пару дзён зноў была ў горадзе. Зноў званіла ў дзверы — i зноў яны не адчыняліся.

Адчувала, што дрыжаць ногі. Адчула страх, адчай.

«Няўжо ён уцякае ад мяне? Калі ўцякае, дык хто ён тады? Не, ён не абманшчык. Выйшла так, відаць. Але хоць бы паперку якую пакінуў бы...»

— Чакаеш міленькага? — пачула нечакана нi то мужчынскі, нi то жаночы голас. Азірнулася: насупраць, адчыніўшы свае дзверы, стаяла пажылая жанчына. Ці не п'яня, здаецца.— Так?

Антаніна разгубілася. Не ведала, што i сказаць.

— Я з домакіраўніцтва, — нечакана ёй прыйшла на паратунак думка.

— Нешта часта ж ты сюды ходзіш, — прамовіла жанчына, не зводзячы з яе пранікнёнага позірку. Здаецца, бачыла, што Антаніна сёння амаль не спала, мае цёмныя плямы пад вачыма, адчувала, што ў яе дрыжаць ногі. Мусіць, бачыла i яе непакой.— Не дачакаешся, мілая. Я калі-нікалі цікавала во ў гэтае вочка, бачыла, як ты выходзіла, як заходзіла, як ужо тут стаяла. Я ўжо добра ведаю, што значыць, калі падоўгу стаяць тут, ля дзвярэй, маладзіцы... Значыць, надакучыла ты ўжо, вось i ўцякае, новай шукае...