Выбрать главу

— Я ж кажу, што з кіраўніцтва, — ледзь не плачучы, прамовіла Антаніна.— Па службе...

— Няхай будзе i так сабе, мне ўсё роўна, — махнула рукою кабета.— Я толькі хачу сказаць, што гэты красун...

Антаніна не даслухала. Пабегла ўніз. Настрой быў такі, хоць ты кідайся пад машыну.

«Няўжо ён падманшчык? Няўжо праўду гаварыла тая кабета? — хутка ішла яна i, здаецца, нічога не бачыла перад сабою.— Якая ж я дурная, што гэтак папалася ў яго сеткі... I што мне цяпер рабіць?»

...Антаніна не дачакала, калі прыйдзе дамоўлены дзень спаткання, назаўтра зноў прыехала ў горад.

Зноў пазваніла.

Сёння Міхаіл Іванавіч быў дома, адразу адчыніў.

— О, якая нечаканасць! — усклікнуў ён, упускаючы яе ў калідор ды зачыняючы за ёю дзверы.— Думаў, што прыйдзецца гэтулькі яшчэ чакаць, аж ты малайчына!

I абняў, пацалаваў у шчокі. Здаецца, сёння холадна, дзеля прыліку. Яна не вырывалася, але i гэтаксама холадна сустрэла яго пяшчоты.

Пасля, вызваліўшыся, пільна зірнула яму ў вочы. Ён замітусіўся, заміргаў.

— Прабач, што вось так...— ён правёў рукой сабе па грудзях, па майцы. I адышоўся. Надзеў кашулю.— Заходзь сюды, калі ласка.

Яна скінула туфлі, зайшла. Села на канапе. У плашчы, з сумачкаю.

— Распранайся, — усміхнуўся ён, прысеў.— Ну, чаго наша рыбка такая невясёлая?

— Бо яе злавіў спрактыкаваны рыбак...— сур'ёзна, нават строга адказала яна.— I ёй блага без вады...

— Не зразумеў...

— Я два разы... стаяла пад дзвярыма...— наткнула яна.

— А!— як пра нешта нязначнае ўспомніў ён, усміхнуўся.— Прабач. Нечакана паслалі ў камандзіроўку. У Маскву.

— Можна ж было лісток які пакінуць...— ужо мякчэй сказала яна, адчуваючы, што з душы быццам спаўзае цяжкі камень. Няма страху, што ён падманшчык, што яна ў вялікай бядзе.— I я ўсё ведала б, не хвалявалася. Ды не думала абы-чаго.

— Ну, прабач, — папрасіў ён, абняў яе.— Спяшаўся вельмі.

— Яшчэ не жонка, а ўжо мала думаеш пра мяне, — не вызваляючыся, ужо міралюбна папікнула яна.— Два-тры словы напісаў бы — i я цэлы тыдзень была б спакойная...

— Думала: падманшчык? — усміхнуўся ён.— Сумысля ўцёк...

— Я то ўсяк думала, — прамовіла яна, спахмурнела.— А вот тут твая адна суседка гаварыла... Жах!

— Жыве тут адна п'яніца ды пляткарка, — як апраўдваючыся, сказаў ён.

— Але ж, выходзіць, у цябе тут бывае многа жанчын... Чаму? — яна зірнула яму ў вочы. Ён збянтэжыўся, але стараўся валодаць сабою.

— Зойдзе паштарка, зойдзе хто з домакіраўніцтва ці з работы, знаёмая, дык яна: ага, палюбоўніца...— сказаў ён.— I ты так думаеш?

— Я не ведаю, пра што думаць, а пра што не думаць, — яна абхапіла галаву рукамі.— Я з такім настроем сюды ехала i з зусім другім настроем ад'язджала тыя разы... Я не магу так болей жыць...

— Ужо колькі гаворыш, што не можаш, але жывеш... I, дзякуй богу, кругленькая, поўненькая, прыгожая...

Яна мігам зірнула на яго: ці не пасміхоўваецца ён з яе? Ён, здаецца, убачыў пакуту на яе твары, сагнаў з твару ўсмешку.

— Прабач, — сказаў ён.— Бачу, што сёння ты надта невясёлая, дык хачу развесяліць крыху.

— Ад такіх жартаў не павесялееш...

Паднялася, падышла да акна. Зірнула на двор.

— Я многа думаў пра тое, што мы той раз гаварылі...— прамовіў ён. I нейкім надта ж чужым голасам.— Можа, нам пакуль не трэба спяшацца, рабіць усё раптоўна: муж твой са злосці можа паскардзіцца ў райана i яшчэ куды... I тады, ведаеш, i мне, i табе...

Яна прыхілілася да шкла, невідушча пазірала на бярозы i ліпы, на стрэхі хлеўчукоў, маўчала. Зноў, як ужо было, у яе аслаблі ногі, пацяклі слёзы. Затуманілі вочы — i яна ўжо нічога не бачыла.

Але не паварочвалася. Каб не бачыў, што яна плача.

— Канечне, я гавару непрыемныя словы. Але патрэбныя...— ён устаў, падышоў да яе. Але не дакранаўся.— Цяжка табе будзе: муж будзе помсціць, людзі папікаць i я... Я ж самы звычайны служачы, маю невялікую зусім плату... Канечне, не дам таго, што павінен даць жонцы добры муж...

Яна зірнула на яго: што ён гаворыць? Ён змоўк, здзівіўся, убачыўшы слёзы.

— Вы напраўду нічога не можаце даць, — з гневам прамовіла яна. — Вы толькі любіце браць...

Абмінула яго i хутка падалася з пакоя.

Ён тут жа дагнаў яе, схапіў за плечы.

— Пусціце, — запатрабавала яна.— Я ўсё зразумела. Я болей вам не трэба...

— Ты мяне няправільна зразумела, — пачаў адгаворвацца ён, — Я хацеў, каб ты напраўду ведала, хто я, што маю. Каб усё знала, калі надумалася злучыць свой лёс з маім...