Выбрать главу

— Я ніколі не думала пра выгоды. Пра другое думала...

— Ну, прабач, — папрасіў ён, вярнуў яе, пасадзіў на канапу. Сам сеў, прытуліўся.— Я рад, што для цябе даражэй за ўсё. I я яшчэ мацней люблю цябе... Чуеш, рыбка?

Яна прамаўчала.

— Ну, скажы, што ты не злуешся. Што любіш мяне.

— Скажу. Але толькі другое...— яна здзіўлялася, што такая смелая.— Ад нашага кахання... Словам, цяжарная я, Міша...

Прамовіла i зірнула на яго: твар яго, здаецца, аж перакрывіўся. Акругліліся вочы, нос раздуўся, а рот паўраскрыўся.

— Ад мужа? — запытаў праз хвіліну.

— Не, — супакоіла, — як з табой першы раз... словам, пасля з мужам я не жыла... Гэта ад цябе... Так што мы ўжо цесна звязаны. Як муж i жонка.

Ён падняўся, зрабіўся нейкі дробны, нізкі. З усхваляваннем хадзіў па пакоі.

— Так...— сказаў ён. Не ёй, сам сабе.— Трэба нешта рабіць. Гэтага я не чакаў... А раз не чакаў, дык не гатовы... а раз не гатовы, дык...— вярнуўся, сеў ля яе.— Што ты параіш?

— А ты? — запытала яна.— Я не ведаю.

— Можа, яшчэ рана, Тоська, нам мець дзяцей. Мне яшчэ трэба прывыкнуць да твайго сына...

— Moжa, калі будзеш мець сваё дзіця, табе будзе лягчэй прывыкнуць...

— Двое дзяцей — гэта ўжо шмат клопатаў... Ну, малая кватэра, малая зарплата... Ды мы яшчэ маладыя, павінны пажыць для сябе, не спяшацца звязваць сабе рукі... Паспеем... Можа, нават нам яшчэ i не варта сыходзіцца, каб нас зацягвала ў сумны побыт... А так мы заўсёды маладыя, свежыя, так чакаем адно аднаго, радуемся сустрэчы... Дык будзем вось так сустракацца...

— Я разумею вас...— холадна, зноў наўмысна называючы яго на «вы», сказала яна.— I мне няма чаго сказаць: сама вінавата, — паднялася, пайшла абувацца.— На вялікі жаль, гэта не падсудная справа, буду судзіць вас сваім судом, — i ўжо, калі абула туфлі i мелася адчыніць дзверы, з гневам зірнула на яго.— Жывіце для сябе...

— Ну, што з табою сёння?— як здзівіўся ён, выдаючы ўсё гэта за яе капрызы.— Я з роздумам — ты ў крыўду...— але не затрымліваў яе.

— Не рабіце мяне дурной...— з гневам сказала яна, — хоць я i ёсць такая...

I тут жа выйшла, моцна ляснула дзвярыма. Каб больш ніколі сюды не прыйсці.

11...

Забіраць Антаніну з бальніцы прыехаў сам Віктар.

Яна, белая, слабая, адчуваючы дрыготку ў нагах, сядзела ў невялікай прыёмнай, пазірала ў акно — на ўжо не свежы, са страчанай, не яркай зелянотаю двор: лісце на бярозах прыцямнела, a мясцінамі i зажаўцелася. Не зялёная, а парыжэлая ўжо была i трава, там-сям на ёй ляжала апалае лісце.

«Як хутка прыйшла восень!— здзівілася Антаніна.— Здаецца, зусім жа нядаўна яшчэ быў май, гэтулькі было святла, зеляніны! Аж во на дварэ ўжо не толькі май, але i лета праходзіць... Як усё хутка, неспадзявана!..»

Выходзілі, заходзілі людзі, але яна старалася не пазіраць на ix, каб не сустракацца з іхнімі позіркамі.

Нарэшце падышла, спынілася машына. З яе вылез Віктар (на днях яму далі малакавоз), звузіў вочы i неяк зморшчыўся. Здаецца, не меў ніякай ахвоты ісці сюды, у бальніцу. Стукаў нагою па колах, пасля адчыніў капот i пачаў корпацца ў маторы.

«Не зойдзе, — падумала яна.— У трэці раз ужо прыязджае сюды па мяне. I кожны раз з новым настроем. Першы раз прыехаў сумны: нарадзілася мёртвае дзіця. Як заплакала, выйшаўшы яму насустрач, дык заліўся слязьмі i ён. У другі раз прыскочыў вясёлы, радасны: тады нарадзіла сына, Сяргейку... Сёння вось прыехаў у трэці раз. I не заходзіць. Як i не праводзіць яе медсястра...»

Антаніна ўзяла свой клунак і, зморшчыўшыся ад болю, паднялася, пайшла з бальніцы.

Ярка свяціла сонца, але было чамусьці холадна. Аж сцепанула плячыма.

«Няўжо ўжо астыла зямля, ухалоднілася паветра? Рана ж яшчэ...»

Падышла, стала паблізу.

— Ну, здарова, — ціха сказаў ён, але не пацалаваў. Узяў клунак, кінуў яго ў кабіну на сядзенне.— Садзіся, паедзем. Мне яшчэ трэба ехаць у Міланькі на ферму.

Яна не пакрыўдзілася. Нават пашкадавала яго: брудны во, у нямытым камбінезоне, учарнелы на схуднелым твары, з вялікімі ўпадзінамі пад запалымі вачыма. I не пазірае на яе. Ці саромеецца, ці перажывае, шкадуе яе?

Антаніна села ў кабіну. Адразу ж сеў i ён. Не ведаў, што спытаць, замітусіўся, шныпарыў позіркам на кабіне.

— Ну, як ты? — запытаў потым.

— Добра...— адказала яна i тут жа ўспомніла, што той раз, калі Віктар прыязджаў па Сяргейку, дык быў у святочным касцюме, пры белай кашулі...

— Я нешта здагадваўся...— сказаў, па-ранейшаму стараючыся не сустракацца позіркамі.— Бачыў, што змянілася ты зусім, адчужэла... Перажывала, плакала не раз. Надта астатні тыдзень. Дарэмна ты сюды прыехала, хай бы... Сяргейка ж вялікі ўжо, адзін толькі ў нас...