Выбрать главу

— Давай не будзем пра гэта гаварыць, Віця, — папрасіла яна, хапілася рукою за невялікі поручань: закружылася раптоўна галава, — Раз прыехала, дык, значыць, трэба было прыехаць... Некалі, можа, раскажу ўсё, калі трэба будзе...

— Усё ж я табе не чужы, а муж... Можна ж было i са мною параіцца. А ты ўсё адна. Сабралася i паехала. Ад людзей чую: жонка ў бальніцы...

Антаніна прамаўчала. Ды што яна магла сказаць? «Прабач, Віця?» Не, не магла так сказаць: не было як так сказаць.

— Ведаеш...— ён памуляўся, пацёр падбародкам па камбінезоне.— Ну, канечне, я залішне ўжо прыкладваўся да чаркі... Зусім не бяруся кінуць, але без прычыны не буду браць...

— Добра, Віця, — прамовіла яна з падзякаю ды шкадуючы яго.— Паехалі ўжо. Табе ж трэба яшчэ з'ездзіць у Міланькі.

Іншым разам ад радасці за яго такія словы магла б прытуліцца, пацалаваць у шчаку. Але цяпер не магла. Не таму, што саромелася. Не магла — i ўсё.

«Ды хіба можна цяпер думаць пра пацалункі, пра ўсё такое? Я ўжо, мусіць, век пра гэта думаць не буду. Адлюбіла, адцалавалася... Не ляжыць ужо да гэтага маё сэрца. Буду жыць, як старая кабета: работа, гаспадарка, сям'я...»

Яны паехалі. Моўчкі. Ні то чужыя адно аднаму, нi то з вялікім шкадаваннем адно аднаго. I кожны думаў: як жыць далей?

«Ды вось так, — думала Антаніна.— Як ужо выйшла. Ды старацца працаю, клопатам змыць з сябе віну, што, можа, была i не віна, каб... Але больш так ніколі не будзе. I ні з кім. Цяпер ужо ведаю: жыццё адно, а мары, спадзяванні ўсякія гэта другое. I не заўсёды ўгонішся за імі, i не заўсёды трэба i гнацца...»

Выехалі з Галінавіч, мінулі двухпавярховую школу, дзе некалі Антаніна канчала дзесяць класаў, i па палявой тупкай дарозе паехалі да лесу. З левага боку дарогі зелянелася, а гэтаксама i рудзелася бульба, з правага — залацілася свежае ржышча, між яго падымалася маладая канюшына. Крышку воддаль стаялі жоўтыя скірды саломы.

Антаніна зірнула на Віктара: на яго губах была лёгкая ўсмешка.

«Няўжо i ён успомніў тое? — падумала яна.— Вось па гэтай дарозе мы некалі — ледзь ужо не дзесяць гадоў таму — выбеглі ўночы са школы, дзе быў школьны баль. Было цёмна-цёмна, пахла маладою зелянінаю, у недалёкім прырэчным алешніку спяваў-заліваўся салавей... Натанцаваўшыся, навесяліўшыся, мы вясёлыя, шчаслівыя выбеглі. Я паперадзе, а ён за мною. Дагнаў недзе во тут, ля лесу, абняў i пацалаваў... Гэта быў першы пацалунак, дагэтуль ніхто яшчэ яе не цалаваў... «I зусім не страшна», — падумалася тады, як зусім не страшны быў i Віктар: яны з ім ужо нямала папрацавалі разам — пасадзілі бульбу, пасядзелі на лаўцы ды пагаварылі, хоць такога яшчэ не было... «Люблю цябе!» — горача зашаптаў ён тады. «I я, i я...» — адказала. Цяпер во аж стала сорамна...»

Віктар маўчаў, пазіраў на дарогу.

«Але як даўно ўжо тое было, — яна аж паківала галавою.— Помніцца, як даўні сон...»

Калі ў лесе машына пачала ўз'язджаць на карэнні i трэсціся, Антаніна пачала адчуваць боль у паясніцы, моршчыцца. Але маўчала, не прасіла ехаць цішэй. Ён сам здагадаўся, сцішыў хуткасць, а там, дзе былі на дарозе тоўстыя, пераплеценыя карэнні, дык кратаўся зусім паціху.

Ёй хацелася калі не падзякаваць, дык хоць з лагодаю дакрануцца да яго пляча. Але i не гаварыла нічога, i не дакраналася. Сядзела моўчкі.

12...

Сёлета ўпершыню за сваю настаўніцкую працу Антаніна не паехала ў горад на жнівеньскую настаўніцкую канферэнцыю. A заўсёды не толькі была, але i загадзя збіралася, шыкавалася — ехала туды, як на свята, як на вялікі экзамен.

Сёння яна сядзела ў ціхай хаце ля акна i пазірала на двор — у гародчык.

На дварэ пакрапваў дождж, абмываў зялёна-жоўтае лісце, вільготніў шэры, з зялёным мохам плот. Моклі рыжаватыя цыбукі кветак, згіналіся, звісаючыся ўжо адцвілымі i амаль апалымі кветкамі. Было нізкае шэрае неба, прыцемненасць, што ўсёю душою адчувалася: ужо восень.

«Недзе там, у горадзе, выступае загадчык райана, — думала Антаніна.— Некага хваліць, некага ганіць, на некага намякае. Тыя, каго хваляць, радуюцца, іншыя засмучаюцца... Знаёмыя сустракаюцца са знаёмымі, расказваюць, дзе былі, што бачылі за лета. I, можа, ніхто i не здагадваецца, што няма мяне... Хіба, можа, толькі адзін чалавек з бояззю прыглядаўся: там я ці не? Як уцякла я тады, дык больш i вачэй не паказаў. I добра. Усё... Усё скончана, больш так не будзе... I тое будзе навек як непрыемны напамінак, дакор...»

У горад Антаніна выбралася ўжо на пачатку верасня, калі пачалася вучоба ў школе.

Паехала тое-сёе купіць. Віктару, Сяргейку. Справіла пакупкі i сабралася ісці да аўтастанцыі.