Яшчэ да аўтобуса было з гадзіну, i яна, каб не сумаваць на аўтастанцыі, зайшла па дарозе ў гарадскі парк — вялікі сасновы лес. Знайшла ў зацішным месцы, ля густога бэзавага куста, лаўку, прысела, паставіла ля сябе поўную цяжкую сумку, з задавальненнем выцягнула натруджаныя ногі — чамусьці вельмі стамлялася ў горадзе. У вёсцы магла i цэлы дзень выстаяць на нагах.
Спачатку заплюшчыла вочы, адкінула на спінку лаўкі галаву i адпачывала, чуючы, як недзе далёка, як авадні, гудуць аўтобусы, рэзка вурчыць трактар i нешта раз за разам моцна, аж тут дрыжыць, бухае па зямлі, як тут ціха шумяць верхавіны сосен. Пасля села прама, пазірала паблізу на стаптаную палеглую траву, на свае, здаецца, пахудзелыя ногі.
«Ды я i сама палягчэла. Надзя прыходзіла на днях у адведкі, дык галавою ківала: ах, як ты, Тося, раптоўна змянілася!»
Яна дастала з сумкі люстэрка i паглядзелася: i праўда, поўненькія раней шчокі апалі, завастрыўся нос, a ў вачах...
«Што ў вачах!.. Вось што на сэрцы!..»
Павеяў ветрык — хваёвы парк загайдаўся, зашумеў. Зашумеў з самотаю ды з трывогаю, як па страчаным цяпле ды святле.
Паблізу, на шырокай сцежцы-прагаліне, стаяла сіняя скрынка на невысокіх колах, ля скрынкі спіною сюды стаяла пажылая кабета ў белым халаце, згінаючы ад стомы ў каленях то адну, то другую нагу — цярпліва чакала пакупнікоў марожанага.
Антаніна думала ўжо ўстаць, прайсці гэты невялікі прагалак — ад лаўкі да скрынкі, — купіць i пасмактаць марожанае, як убачыла, што на сцяжыне паявіўся мужчына — ішоў вельмі ж па-знаёмаму, высока трымаючы галаву, аднак пазіраючы не ўдалечыню, а амаль сабе пад ногі.
«Міхаіл Іванавіч!— затрапяталася сэрца.— Блізка дом, ля самага парку — выйшаў прагуляцца...»
Міхаіл Іванавіч — у знаёмым сінім касцюме, у белым плашчы, што зноў пачалі сёлета ўваходзіць у моду, — падышоў да прадаўшчыцы, пажартаваў, купіў марожанае, адышоўся i разгарнуў паперу, лізнуў. I прыпыніўся.
«Значыць, некага чакае... Каго ж?»
Яна засталася, сядзела i глядзела. Ля Міхаіла Іванавіча праходзілі калі-нікалі людзі. На старых ды на дзяцей ён не пазіраў, а вось кожную маладую дзяўчыну доўга праводзіў позіркам. Ёй аж было непрыемна. Некалі ж ён так i на яе пазіраў!
Міхаіл Іванавіч яшчэ раз за разам пазіраў на гадзіннік, на недалёкую вуліцу, кудою праходзілі i прыпыняліся непадалёку аўтобусы.
«Чакае-такі некага...»
Нечакана ён зірнуў на вуліцу, здаецца, захваляваўся. Думаў павярнуцца i пайсці туды, адкуль прыйшоў, але чамусьці затрымаўся. Зірнула туды i Антаніна: ад вуліцы ішла... яе былая аднакурсніца Вольга Аляксандраўна.
«Вось яно што! Вось хітрая: на семінары ж пакеплівала з яго, высмейвала... А на самай справе... Але ён... Праўду такі гаварыла яго суседка: такі ён i ёсць...»
Вольга Аляксандраўна была ў жоўтым касцюмчыку i белых туфлях, несла ў руцэ белую сумачку. Сёння была вельмі прыгожая.
Падыходзіла да яго паволі. Але дзіва: на яе твары была не радасная, шчаслівая, а нейкая вельмі ж грэблівая ўсмешка.
— Спатканне? — ухмыльнулася яна, i вецер даволі чуйна данёс сюды яе слова, што было сказана з іроніяй.
Міхаіл Іванавіч спакойна ўсміхаўся, пазіраў (здаецца, не пазіраў, a абдымаў яе позіркам), i вочы яго звузіліся, па-знаёмаму вільготна заблішчалі.
— Добры дзень, Оля! — з лагодаю сказаў ён.— Як даўно я цябе бачыў! Як ты пахарашэла!
— А ты думаў, што без цябе жыць не буду? Не вытрымаю, ведаючы, што ты падмануў, насмяяўся...
«Вось яно што! — Антаніне стала аж горача.— Вось чаму яна так гаварыла тады пра яго, амаль перасцерагала мяне... Дурная я тады была, нічога не зразумела. Пра зусім другое падумала...»
— Дык з кім усё лета гуляў? — запытала Вольга Аляксандраўна.— Кагo яшчэ разжалобіў сваім халасцякоўствам, сваёю «цяжкою» доляю, сваёю «тугою» па сапраўдным каханні?
— Ты, канечне, жартуеш, — спакойна адказаў ён.— Усё лета быў адзін, сумаваў. Колькі разоў ездзіў у вашу вёску, але мне сказалі, што ты паехала ў Крым...
— Ездзіла, — з запалам адказала яна.— I цудоўна адпачыла!..
— Не злуйся, Оля, — як папрасіў ён.— Ты няправільна мяне зразумела, уцякла ад мяне, зняважыла... Мы можам зрабіць зноў усё па-ранейшаму, i ў нас зноў будуць цудоўныя хвіліны...
— Каму яны — i праўда — цудоўныя, а каму не зусім... Каму пасля трэба расплачвацца, ехаць у бальніцу...
«О божа!— уздыхнула Антаніна.— Жах! За што ж мяне так бог пакараў, звёўшы з такім чалавекам?»
— Гэта ж цяпер не праблема...— усміхнуўся Міхаіл Іванавіч.— Жанчыны ўжо прывыклі да гэтага...
— Я ненавіджу вас...— са злосцю кінула Вольга Аляксандраўна i падалася адгэтуль — пайшла ў другі канец парку.