Міхаіл Іванавіч доўга пазіраў ёй услед пахатлівым позіркам.
Праз хвілін дваццаць падышла дзяўчына. Маладая, гадоў дваццаці трох, высокая, тонкая. Здаецца, зусім брыдкая. Міхаіл Іванавіч пайшоў ёй насустрач, заўсміхаўся, робячыся ветлівым, сціплым.
13...
Урок беларускай мовы заканчваўся.
— Ну, канчайце папраўляць памылкі ды здавайце сшыткі, — сказала Антаніна сямікласнікам. Яны павінны былі ўжо закончыць сачыненні.— Закругляйцеся.
Як празвінеў званок, дзеці пачалі перадаваць сшыткі — з задніх парт пярэднім, — i кіпа па дарозе ўсё таўсцела. Яна сабрала ўсе сшыткі.
«Вечары з тры трэба будзе пасядзець пад імі...»
— Усё, дзеці, ідзіце гуляйце, — сказала яна, села. Хацела тое-сёе запісаць у журнал.
Засталася адна ў класе: усе падаліся на сонечны двор. Там буяла надзвычай удалае сёлета бабіна лета.
Нехта зайшоў у клас. Ішоў сюды, да стала. Яна i не пазірала: думала, што вярнуўся хтосьці з дзяцей. Нешта ўзяць з сумкі — цяпер дзеці шмат прыносілі ў школу паспелай садавіны, хрумсталі яе на кожным перапынку.
— Добры дзень, Антаніна Іосіфаўна!
Падхапілася, нібы яе ўджаліла аса, зноў села. Пазірала ў акно. Нa прывітанне не адказвала.
Ён нагнуўся, цмокнуў яе ў шчаку.
Яна падхапілася, з гневам апаліла яго позіркам.
«Што ён? Ці не за дурную мяне лічыць?»
— Прашу вас...— сказала яна.— Нават не датыкацца да мяне... Калі па службе, дык вось журнал, сшыткі, вось мае планы, — выхапіла з-пад журнала тоўсты агульны сшытак, ляпнула ім па стале.— Глядзіце. Калі не па службе, дык нам няма пра што болей гаварыць...
— Ну, як ты? — прамовіў ён мяккім голасам.
— У бальніцы была...— Антаніна азірнулася, пільна паглядзела на яго — ён са сполахам зірнуў на дзверы. А пасля, як спахапіўся, усміхнуўся.
— Ну i правільна! Малайчына!— узрадаваўся ён.— Паспеем яшчэ... Усё яшчэ ў нас наперадзе...
Яна слухала, з іроніяй пасміхалася i ківала галавою.
— Ты не верыш мне? — прашаптаў ён.— Так жорстка караеш за нерашучасць?
— Садзіся, закаханы, сумленны, шчыры, верны!..— загадала яна, i ён паслухаўся, сеў на крэсла ля стала, са здзіўленнем зірнуў на яе.
Антаніна хутка разгарнула сшытак, вырвала з яго сярэдзіны два лісты, падала ix i самапіску.
— Пішы... Пішы, што любіш, што жэнішся на мне, возьмеш бацькоўскія абавязкі над маім сынам...
— Тося... Ты насміхаешся, жартуеш?
— Пішы, пішы! — сказала яна, скрыжоўваючы на грудзях рукі i стойка вытрымліваючы яго разгублены позірк.— Толькі тады, калі буду мець тваё пісьмовае абяцанне, буду збірацца за цябе замуж. Адразу ж падам на развод — i я твая... Ну, чаго круцішся, як уюн на гарачай патэльні?
— Я...— ён падхапіўся.— Гэта абраза...
— Бедненькі хлопчык! Усе яго крыўдзяць... I Вольга Аляксандраўна, i я...
— Вось што...— ён хутка супакоіўся, як перахапіў яе думкі.— Наслухалася яе? Той пляткаркі...
— Я нават i не спатыкалася з ёю пасля таго семінара, — са спакоем адказала яму Антаніна.— На днях была ў горадзе, выпадкам зайшла ў парк i ўбачыла вас... Усё чула, пра што вы гаварылі...
Ён зачырванеўся, прыкусіў ніжнюю губу, пасля зморшчыўся, аслабіў гальштук. Нібы той не даваў дыхаць. Расшпіліў шэры пінжак, зноў зашпіліў яго.
— Вольга Аляксандраўна — мая памылка... Я захапіўся яе красою, у пару не разгледзеў, што яна такая паганая жанчына... Я не хацеў табе без пары расказваць.
— Вы ўсё яшчэ не зрываеце з сябе маскі...— паківала яна галавою.— Я ж чула, што яна вам гаварыла, што вы гаварылі, як пацяшаліся... Так толькі паводзіць...
— Ну, хто?— нечакана ўсміхнуўся ён, i яна жахнулася: яго губы раскрыліся, сабраліся ў ix куточку іранічныя маршчыны, у вачах з'явіўся зусім новы бляск — вельмі хітрага чалавека.— Забудзь, мілая Тося, тое старамоднае слова, якім ты хочаш ахрысціць мяне. Жыві не выдумкамі, а так, як жывецца. Як можна жыць. Мы выдатна падыходзім адно аднаму, i мы павінны сустракацца, даваць адно аднаму радасць: мы маладыя ж...
— Маладосць адно, а гэта зусім другое...— прамовіла яна.— А што вы скажаце пра тую, у акулярах?
— I гэта ведаеш...— усміхнуўся ён.— Выцікавала.
— Я не цікавала, — перапыніла яна яго.— Ды мне гэта ўсё роўна. Сама важнае, што я ведаю: хто вы...
— Ладна, не будзем, — як папрасіў ён, сеў.— Давай пагаворым папраўдзе. Так, я не думаў з табою жаніцца, намякаў пра гэта, каб не напалохаць цябе... Ну, што з таго, што мы пажэнімся? Дзеці, наша плата... Будзем гібець век, жыць ад платы да платы... Я бяру замуж дачку Івана Аляксеевіча... Гэта яшчэ новая кватэра, машына, цесцеў вялікі аклад... Але я яе не люблю. Люблю цябе i гатоў любіць цябе ўсё жыццё... I гэта выдатна. Ты толькі не бойся такога жыцця, падумай, колькі яно дае волі.